Вы тут

Усё пра яго


Адвольныя думкі пра тое, дзе можна цяпер сустрэць доктара Францыска з Полацка


Ён быў чалавекам, жывым. Марыў і цярпеў за свае мары, шукаў і быў зняважаны, адстойваў сваю справу і не скараўся, пакуль было магчыма. За гэта мы ставім яму помнікі. Таму што хацеў бачыць лепшай сваю радзіму: адукаванай, прасунутай, дзе людзі жывуць у суладдзі паміж сабой і з Боскім блаславеннем на свае зямныя справы. І як жа гэта ўсё знаёма нам: ці не пра тое марым, ці не да таго ж імкнёмся? Але каму з нас нашчадкі паставяць помнікі?

 Цяпер ёсць нагода паразважаць пра тое, што могуць мяняцца часы, але ў любую эпоху рух чалавечага грамадства залежыць ад пасіянарных асоб, здольных жыць дзеля справы і рабіць яе ўпарта, насуперак абставінам, нават самаахвярна. Адна з тэм спектакля «Кар’ера доктара Рауса», прэм’ера якога адбылася ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі —

пазачасавасць пасіянарыя.

Пастаноўка з’явілася як адзін з вынікаў рэспубліканскага драматургічнага конкурсу «Францыск Скарына і сучаснасць», правядзенне якога ініцыяваў тэатр у супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і пры падтрымцы Беларусбанка. Таму што насамрэч вынікаў значна больш, і цяпер у нашых тэатраў ёсць магчымасць у адметны для беларускай культуры год прапанаваць гледачам сцэнічныя развагі пра асобу першадрукара. Што ставіць, шукаць не трэба: лепшыя п’есы выдадзеныя ў зборніку «Францыск Скарына і сучаснасць». Пра пастаноўку паводле Мікалая Рудкоўскага ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры мы распавядалі раней. Цяпер шырока абмяркоўваецца прэм’ерны спектакль «Кар’ера доктара Рауса» паводле п’есы Віктара Марціновіча ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Гарцуеў узяў адну з тых п’ес, што была адзначана як пераможца, дзе паралель з сучаснасцю праводзіцца часам літаральна, а Скарына нібыта чалавек з нашых дзён (эпохі спелай кніжнай культуры — і хіба гэта не так?), такі вандроўнік у часе і прасторы. А ўмовы і абставіны, у якія ён трапляе, каб сцвердзіць сваю ідэю, відаць, падобныя да тых, з якімі сутыкаюцца творцы ў любыя часы. Мяняецца толькі антураж.

Францыск Скарына прыходзіць у офіс Якуба Бабіча. Малады чалавек — а ён жа быў і маладым, а не толькі важным дзядзькам з вусамі! (таму ў гэтай ролі занятыя маладыя артысты Дзмітрый Давідовіч і Арцём Курэнь) — шукае працу. Не столькі сталае месца з пастаянным заробкам, колькі спрабуе давесці бізнесоўцу карысць ад увядзення інавацыі. Прыходзіць у маленькую фірму, таму што буйныя «кампаніі» ўжо адмовілі: яго прапанова не ўпісваецца ў іх бізнесплан. Ён робіць прэзентацыю, распавядаючы пра новы гаджэт для самаадукацыі людзей — друкаваную кнігу. Бабіч, відаць, з-за апантанасці суразмоцы ідзе на рызыку, нават не ўяўляючы, што нават яго імя здолее на стагоддзі захаваць гэты авантурыст. А можа, адыгралі вырашальную ролю рэзюмэ з партфоліа, якое прадставіў доктар Францыск Скарына, што меў еўрапейскую адукацыю (няхай і вучыўся «па квоце для сельскіх жыхароў»)? Яму ўдалося «раскруціць» мецэната на інвестыцыі, дзякуючы якім наш першадрукар з вышыні цяперашняга часу і сапраўды ўяўляецца як

стваральнік гаджэтаў.

 Дзіўна ў размове пра Скарыну карыстацца надта сучаснай лексікай. Але калі разабрацца, то жыццё рушыць па коле, дзе некаторыя рэчы маюць падобную сутнасць. Гэтая сутнасць можа выяўляцца ў падачы праз розныя тэхналогіі, пад рознымі назвамі. Але сутнасць ёсць сутнасць: у час Скарыны найсучаснейшай інавацыяй для перадачы ведаў была тэхналогія кнігадрукавання, якая знайшла выяўленне ў гаджэтах новага тыпу — кнігах. Ён, еўрапеец паводле мыслення, ужо разумее, колькі карысці можа прынесці гэтая тэхналогія яго землякам. Асабліва калі яны атрымаюць магчымасць чытаць на той мове, якой навучаныя з маленства, каб радзіма не была правінцыяй. Яго ідэя-фікс. Іх найбольш складана рэалізаваць: чыясьці апантанасць у грамадстве Вялікага Княства Літоўскага, якое на той час развівалася стабільна ў сваім рытме, дзе ўсё ўсіх і так задавальняе (ёсць жа Святое Пісанне, няхай і перапісанае, але яго можна чытаць), выклікае неразуменне. Тым больш, што перавагі такога гаджэта складана ацаніць хутка — для гэтага патрэбны шлях у стагоддзі. Вось для нас такая з’ява, як кнігі, ужо звычайная. І мы Скарыну выдатна разумеем…

Таму час у спектаклі — катэгорыя ўмоўная. Яго пазначае гадзіннік, што вісіць на сцэне: яшчэ адзін сімвал таго, як могуць сплятацца розныя часы: на электронным табло чырвоным гараць лічбы 1515, 1530 і г. д. На тое, што Скарына — асоба па-за часам, нашу ўвагу звяртае і вопратка героя (плашч ці палітошынелька служкі асветы) у адрозненні ад больш канкрэтнай гістарычнай адметнасці іншых герояў, якія вонкава яшчэ абазначаюць прыналежнасць да сваіх краін (мастак па касцюмах Таццяна Лісавенка). Сцэнічны вобраз спектакля зададзены мастаком Андрэем Меранковым. Вакол Скарыны як носьбіта інавацый — тэхналагічныя прадметы. Металічныя стэлажы рассоўваюць прастору, мадэлююць розныя пакоі і нават розныя культурныя традыцыі пэўных краінах, розныя ступені развіцця і далучанасці да прагрэсу, дзесьці яго ўвасабляе кніга, а дзесьці — знішчальнік для папер.

І калі б доктар Францыск Скарына жыў зараз, то хутчэй за ўсё без праблем бы карыстаўся планшэтам, званіў бы па мабільніку ў гарачых сітуацыях, як звычайны вандроўнік, піў бы чай з гранёных шклянак, як у цягніку. А таксама паўсюль, куды б ні завітаў, даказваў бы, што бываюць інвестыцыі доўгатэрміновыя, ад якіх немагчыма чакаць хуткай аддачы. Ці наогул можна інвеставаць у чалавечы капітал — і тады аддача не ў эканамічных паказчыках, а ў развіцці краіны. Для яго гэта —

не безнадзейная справа.

Але ж даказаў! Толькі ў кансерватыўным грамадстве зручнасць і карысць новых тэхналогій не так хутка здолелі ацаніць. Адсюль і актыўныя пошукі доктарам Скарынам падтрымкі збоку. У спектаклі ён яе шукае ў Вільні і Кракаве, звяртаецца да нямецкіх пратэстантаў ці да прадстаўнікоў Тэўтонскага ордэна ў Кенінгсбергу (Калінінградзе), едзе ў Масковію, дзе на той момант валадарыць цар Іван Жахлівы. Які прыём чакаў (бы?) яго там, можна толькі ўяўляць, і справа не столькі ў тым, ці было так у гісторыі, ці не. Справа ў тым, у якім кантэксце існавала творчая асоба тады, які гэты кантэкст цяпер: ці шмат змянілася для жыхароў нашай зямлі і тых, хто прагне яе развіцця (тэхналагічнага, эканамічнага, гуманістычнага…).

 У нейкі момант разумееш, што ў гэтым спектаклі галоўны герой — менавіта кантэкст, у якім існуе чалавек перадавых поглядаў, творца, талент якога немагчыма ацаніць у дадзены момант. Кантэкст няўлоўна адчуваецца — па асобных рэпліках, дэталях, сцэнах. Кантэкст пазнавальны, што ў познаньскім судзе, дзе героя вінавацяць у тым, чаго ён не рабіў і знявольваюць за даўгі брата (рэальны гістарычны факт), што на маскоўскім вакзале, дзе ў дзіўнага вандроўніка правяраюць дакументы (факт нерэальны, але адчувальны цяпер). У гэтым кантэксце герой успрымаецца як прадстаўнік контркультуры, які супраць цемрашальства вымушаны жыць на пераадоленне (і выказванне пра яго ўдакладняецца прыёмамі контркультуры, а не сродкамі мастацтва). Кантэкст дзейнічае і праз асобнага героя (нерэальнага, але вакол кожнага творцы ёсць свае спакусы і спакушальнікі, што спрабуюць адцягнуць ад справы і чыняць перашкоды). Яго роля ў лёсе доктара пазначана асобным персанажам, які праходзіць скрозь розныя сцэны і з’яўляецца ў розных землях. «Файны хлопчык у галіфэ» — спараджэнне фантазіі аўтараў — ёсць у Вільні, Познані, Маскве, Празе. У лепшыя часы не спіць і цяжкія выпрабаванні правакуе. Персанаж, які любую вясёлую гісторыю здольны ператварыць у драму, — што на сцэне, што ў жыцці. Персанаж, без якога б Скарынаву моц уявіць было б складана, і наогул моц ідэі, якая перамагае час.

Гледачам прапануюць перамагаць разам: смяяцца з тых, хто мог не разумець, з кантэксту і з абставінаў, нават калі за імі рэальная трагедыя (цяпер жа мы ведаем, хто ў выніку апынуўся на вышыні), і з тых, хто не ў кантэксце сёння. Таму што ўстаноўкі, спакусы і нават парадыгмы нашага сучаснага жыцця карэлююцца з жыццём Скарыны. Калі аўтары мелі на ўвазе яго, то з жаданнем паразмаўляць пра нашу сучаснасць. Гэты ход мае права на ажыццяўленне, таму што праз Скарыну лепш разумець тое, што адбываецца з намі зараз, і можна падумаць пра тое, ці ёсць цяпер падобныя асобы ў беларускай культуры.

Кожны глядач можа задаць гэтае пытанне сабе. А таксама скласці сваё меркаванне пра тое, што ў спектаклі камедыйнае, а ў чым жа тут трагедыя (як у прамым, так і ў пераносным сэнсе). Размова ў такім ключы актуальная, можа, таму атрымала такую дзіўную, не вельмі «прыгладжаную» форму, дзе некаторыя сцэны ўтрыравана камічныя, а некаторыя — занадта драматызаваныя. У дадзеным выпадку справа ў пошуку іншага характару — выказвання пра тое, дзе і ў кім сёння рэзаніруе энергія доктара Францыска Скарыны Руса. Ці здолее яна натхніць яго любімую радзіму на яшчэ адзін пасіянарны штуршок? Тэхналагічны, эканамічны, гуманістычны…

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.