Вы тут

Майстар камернага пейзажа


Цягам красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстаўка «Зачараваны імгненнем» вядомага беларускага жывапісца Мікалая Ісаёнка. Мастак прадставіў гледачам больш за 70 твораў. Юбілейная выстаўка, прысвечаная 70-годдзю майстра, прадугледжвае рэтраспекцыю, па меншай меры, за апошнія 45 гадоў нястомнай працы. Выбраць сем дзясяткаў твораў для паказу не так проста, калі іх некалькі соцень: карціны, маленькія эцюды, накіды, за якімі — мукі творчасці, радасць пазнання натуры, апантанасць, вера ў сябе і адначасова незадавальненне.


— Што б ні пісаў Мікалай: пейзажы, партрэты ці свае ўлюбёныя бэзы ў квецені, шыпшыны і люпіны — ён ніколі не быў абыякавым. У яго няма твораў, зробленых без веры, без улюбёнасці, без страсці, — адзначае жонка майстра — мастачка Марыя Ісаёнак.

Мікалай Ісаёнак вядомы лірычнымі і манументальнымі краявідамі Беларусі (адзін з іх — «Беларускі лён» — у канцы 1980-х гадоў набыла Траццякоўская галерэя), і вытанчанымі кветкавымі нацюрмортамі, якія нястомна піша шмат гадоў у садзе сваёй вясковай сядзібы ў Чарневічах пад Барысавам, якую жонка ператварыла ў сапраўдны «райскі сад». Менавіта гэтыя, створаныя на нюансах колеру, маленькія пейзажы і кветкавыя кампазіцыі адкрываюць далікатную душу мастака, якая хаваецца за знешняй брутальнасцю.

Майстар — пейзажыст-лірык па прызначэнні, ад Бога — працуе над пейзажам у класічнай рэалістычнай манеры пленэрнага жывапісу. Гэта значыць непасрэдна з натуры. Часта — у адзін сеанс, як некалі імпрэсіяністы. Ён прызнаны майстар камернага пейзажа. У яго жывапісе прасочваецца дакладнасць і непасрэднасць уражання эцюда, і ўменне ўбачыць у штодзённым матыве (які, здавалася б, ён і не шукае адмыслова) тонкае зачараванне «вясковай» Беларусі з яе шэранькімі дзянькамі, вясновымі гайкамі, незаўважнымі ваколіцамі і замкамі, якія размясціліся сярод снежных палёў. Сам ён іранічна называе сябе мастаком «хмызнякоў», гэта значыць звычайных прыдарожных дзікіх зарослых пералескаў, у якіх здолеў разглядзець непрыкметную прыгажосць і беларускую характэрнасць. Аўтар неахвотна падарожнічае за мяжу: на экзотыку не адгукаецца яго сэрца. Гэта сапраўдны нацыянальны беларускі мастак, якога шырокаму гледачу яшчэ трэба будзе адкрыць.

Эцюды з натуры Мікалая Ісаёнка апошніх гадоў прынцыпова «некарцінныя», але пазнаюцца па асаблівым, уласцівым толькі яму настроі: душэўнасць, лёгкая журбота, сумная пяшчота, паэтычнасць. Яму ўдалося знайсці сваю інтанацыю, сваю тэму сярод мноства выдатных сучасных майстроў беларускага пейзажа. У карціны Ісаёнка закахаліся шматлікія калекцыянеры (у адной прыватнай мінскай калекцыі знаходзяцца каля 100 палотнаў мастака), вядомы яны і звычайным аматарам жывапісу з розных краін. У беларусаў яны закранаюць у душы асаблівыя струны настальгіі па дзяцінстве і любові да радзімы, выказанай шчыра, без ілжывай патэтыкі. У майстэрні мастака захоўваецца нямала першакласных эцюдаў розных гадоў. Лепшыя — у калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Барысаўскага аб’яднанага і Віцебскага мастацкага музея, Фонду Саюза мастакоў Беларусі, прыватных зборах некалькіх краін. Да юбілейнай выстаўкі сябрамі мастака створаны дакументальны фільм (рэжысёр — Дзмітрый Зайцаў) і падрыхтаваны альбом-каталог асноўных твораў.

Надзея УСАВА, мастацтвазнаўца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?