Вы тут

Дзяржава хоча стварыць канкурэнцыю ў сферы сацыяльных паслуг


Амаль кожны пяты беларус дасягнуў узросту 60 гадоў і больш, практычна кожны дваццаты мае інваліднасць. У выніку павялічваецца патрэба людзей у сацыяльных паслугах. Эксперты задаюцца пытаннем: як задаволіць попыт на сацыяльнае абслугоўванне, які ўзрастае, і адначасова павысіць эфектыўнасць фінансавых рэсурсаў, што выдзяляюцца грамадствам для забеспячэння належнага ўзроўню і якасці жыцця людзей?


Алеся Хвашчэўская — дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна — наведвае пенсіянерку Ганну Шчэрбік,  якой сёлета споўніцца дзевяноста тры гады. Доўгажыхарка жыве ва Ушачах.

— Для гэтага неабходна, каб у аказанні сацыяльнай дапамогі не было манаполіі дзяржавы, — лічыць намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Марыяна Шчоткіна. — Аказваць сацыяльныя паслугі, якія карыстаюцца попытам у спажыўцоў, могуць і павінны таксама і недзяржаўныя структуры: некамерцыйныя арганізацыі, прыватныя прадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі — у рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Сёння, дарэчы, гэта адзін з ключавых трэндаў ва ўсім свеце. У Францыі ці, напрыклад, Італіі каля паловы стацыянарных паслуг для пажылых людзей аказваюць прыватныя кампаніі, у Германіі — амаль 90%. Эксперты бачаць у гэтым шлях да скарачэння выдаткаў і росту эфектыўнасці, бо падобная сістэма стварае канкурэнцыю на рынку сацыяльных паслуг, пры гэтым самі яны становяцца больш разнастайнымі і якаснымі.

У Беларусі сацыяльнае абслугоўванне даступна для любога, хто мае ў ім патрэбу, лічыць Марыяна Шчоткіна, маючы на ўвазе не толькі даступнасць устаноў, якія аказваюць такія паслугі, але і яшчэ адзін істотны момант — нізкі кошт сацыяльных паслуг у нашай краіне.

Цяпер нашай асноўнай задачай, на думку намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, з'яўляецца стварэнне канкурэнтнага рынку сацыяльных паслуг, каб чалавек мог сам выбраць арганізацыю, якая будзе забяспечваць яму той ці іншы від абслугоўвання.

У нашай краіне з 2013 года дзейнічае новая рэдакцыя закона «Аб сацыяльным абслугоўванні», якой прадугледжаны механізм прыцягнення юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў да аказання сацыяльных паслуг і рэалізацыі сацыяльных праектаў. Гэта дзяржаўны сацыяльны заказ, дзякуючы якому некамерцыйныя арганізацыі могуць прэтэндаваць на субсідыі дзяржавы ў гэтай сферы. Памер такіх субсідый можа дасягаць 50% ад кошту праекта.

Дарэчы, Марыяна Шчоткіна падчас кіравання Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны была «правадніком» гэтай новай для Беларусі ідэі. Прычым яна лічыць, што ў ідэале ў якасці сацыяльнага заказу павінны аказвацца ў першую чаргу тыя віды паслуг, якія альбо зусім не забяспечваюцца дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання, альбо аказваюцца імі не ў поўным аб'ёме. Да такіх адносяцца, напрыклад, паслугі хоспіса для безнадзейна хворых, сацыяльна-бытавая дапамога псіхічна хворым, медыка-сацыяльная дапамога ў дамашніх умовах (масаж, перавязкі, лячэнне пролежняў, вымярэнне ўзроўню цукру ў крыві, ціску і інш.), няні для шматдзетных сем'яў, рэабілітацыйныя паслугі тым, хто пакутуе ад наркатычнай і алкагольнай залежнасці, і іншыя.

* * *

Зараз дзяржаўны сацыяльны заказ уведзены ў практыку работы мясцовых органаў улады, а Дзяржаўнай праграмай аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады прадугледжана выдача субсідый недзяржаўным некамерцыйным арганізацыям на аказанне сацыяльных паслуг і рэалізацыю сацыяльных праектаў з фінансаваннем за кошт мясцовых бюджэтаў. Фінансаванне пад гэта прадугледжана ў кожнай вобласці і ў Мінску. Тым не менш да гэтага часу ў сферы сацыяльнага абслугоўвання прадстаўлены ў асноўным дзяржаўныя ўстановы.

Грамадскія арганізацыі пакуль не праяўляюць асаблівай ініцыятывы, выключэнне складаюць хіба што Чырвоны Крыж і Беларускае таварыства інвалідаў па зроку.

Значыць, трэба больш зацікавіць недзяржаўны сектар. Таму з кастрычніка мінулага года парламентарыі працуюць над праектам закона «Аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным абслугоўванні». Плануецца, што ў маі гэтага года законапраект будзе прыняты ў другім чытанні.

— У прыватнасці, будуць унесены змены ў палажэнне аб дзяржаўным сацыяльным заказе, — гаворыць член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Старынская. — Мы плануем павялічыць дзеянне тэрміну дагавора паміж мясцовымі органамі ўлады і грамадскай або недзяржаўнай арганізацыяй, якая збіраецца працаваць у рамках дзяржаўнага сацыяльнага заказу, да пяці гадоў. Цяпер гэты тэрмін складае адзін год, але пакуль пройдуць усе ўзгадненні, будуць выдзелены грошы, часу на рэалізацыю праекта звычайна застаецца зусім няшмат.

Яшчэ адна планаваная змена, якая будзе замацавана ў законе, датычыцца сітуацыі, калі ў конкурсе на выкананне дзяржаўнага сацыяльнага заказу ўдзельнічае толькі адна арганізацыя. Калі яна адпавядае ўсім неабходным патрабаванням, будзе лічыцца, што конкурс адбыўся. Такое змяненне вельмі актуальнае для раёнаў, дзе не так шмат недзяржаўных арганізацый, якія хацелі б удзельнічаць у падобных конкурсах.

* * *

Дарэчы, летам мінулага года быў прыняты закон аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. Пад такім партнёрствам маецца на ўвазе сукупнасць формаў узаемадзеяння дзяржавы і бізнесу для вырашэння грамадска значных задач на ўзаемавыгадных умовах. Дзякуючы гэтаму ўжо сталі развівацца некаторыя сацыяльныя праекты з удзелам бізнесу. Напрыклад, у Гомелі плануецца рэалізаваць інвестыцыйны праект сацыяльнага кластара «Месца для кожнага», у рамках якога на тэрыторыі сквера будзе створаны шматфункцыянальны сацыяльны комплекс, які будзе ўключаць у сябе аб'екты сацыяльнай значнасці для дзяцей, людзей з інваліднасцю і пажылых людзей. Гэты праект збіраецца рэалізоўваць расійскі інвестар.

Магчыма, прынцып дзяржаўна-прыватнага партнёрства можна спрабаваць прымяняць і ў сацабслугоўванні, але ўсё ж такі яго сутнасць заключаецца ў сумесных кантрактах органаў улады і бізнесу пры стварэнні патрэбнай інфраструктуры.

Што ж датычыцца паўсядзённага жыцця чалавека, які мае патрэбу ў сацыяльных паслугах, то апошнім часам у нас з'явіліся новыя цікавыя сацыяльныя ініцыятывы, як, напрыклад, краўдфандынг. Гэта так званае народнае інвеставанне: такі спосаб фінансавання праектаў, калі звычайныя людзі — патэнцыйныя пакупнікі, прыхільнікі або аднадумцы наўпрост праз інтэрнэт пераводзяць грошы аўтарам ідэі. У беларускім сегменце інтэрнэту ўжо ёсць тры пляцоўкі, дзе выстаўляюцца сацыяльныя праекты і пад іх збіраюцца грошы.

* * *

Але вернемся да закона аб сацыяльным абслугоўванні, згодна з якім на рынку сацыяльных паслуг павінны быць прадстаўлены дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі, а таксама прыватнікі.

У рэспубліцы ёсць нешматлікія станоўчыя ўзоры сацыяльнага прадпрымальніцтва, як, напрыклад, у Століне, дзе індывідуальны прадпрымальнік арганізаваў вытворчасць па перапрацоўцы старой плёнкі і ўзяў на працу асоб, залежных ад алкаголю. Цяпер у жыцці яго работнікаў адзначаюцца заўважныя змены да лепшага. Але такіх прыкладаў мала. І пакуль што практычна няма выпадкаў, калі б індывідуальны прадпрымальнік заняўся сацыяльным абслугоўваннем, хоць, як сцвярджаюць спецыялісты, магчымасці такія ёсць.

Трэба адзначыць, што спробы прыватнікаў працаваць у гэтай сферы былі, але пакуль іх нельга лічыць асабліва ўдалымі. У Валожынскім раёне працуе першы прыватны інтэрнат для пажылых людзей. У Віцебску адзін час з'явіліся прыватныя сядзелкі, але на рынку сацыяльных паслуг яны доўга не затрымаліся. Спецыялісты бачаць таму дзве прычыны. Першая — нізкая плацежаздольнасць кліентаў, другая — менталітэт нашых пажылых людзей, якія больш давяраюць дзяржаве, чым прыватніку.

Ключавой жа прычынай таго, што ў бізнесу няма асаблівай цікавасці да гэтага кірунку дзейнасці, з'яўляюцца невялікія прыбыткі ў названай сферы. У сацыяльным абслугоўванні практычна нулявая ці нават адмоўная рэнтабельнасць. А бізнес, нават з сацыяльнай накіраванасцю, застаецца бізнесам, ён павінен прыносіць даход, за кошт якога зможа існаваць у далейшым.

Эксперты лічаць, што адным з варыянтаў рашэння гэтага пытання магло б быць увядзенне дыферэнцыраванай аплаты аказання паслуг класа «люкс». Сярод некаторых спецыялістаў і прадстаўнікоў бізнесу таксама існуе меркаванне, што, каб бізнес прыйшоў у сацыяльную сферу, ён павінен мець прэферэнцыі ад дзяржавы. Гэта могуць быць падатковыя альбо нейкія іншыя льготы. Але перш за ўсё павінна быць жаданне і сацыяльная адказнасць. Дарэчы, у свеце яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя з'явіўся такі тэрмін, як КСА — карпарацыйная сацыяльная адказнасць. КСА мае на ўвазе гатоўнасць бізнесу добраахвотна несці неабавязковыя выдаткі на сацыяльныя патрэбы звыш межаў, устаноўленых падатковым, працоўным, экалагічным і іншымі заканадаўствамі. Іншымі словамі, несці выдаткі на сацыяльныя патрэбы зыходзячы не з патрабаванняў закона, а па маральных, этычных меркаваннях. І перш за ўсё гэта датычыцца дапамогі мясцовым установам сацыяльнай сферы, маламаёмным сем'ям, інвалідам, сіротам і адзінокім састарэлым. У рэшце рэшт, дзякуючы такой дапамозе сацыяльна адказны бізнес атрымлівае і камерцыйныя перавагі — маецца на ўвазе павышэнне яго рэпутацыі ў вачах грамадскасці і ўрада.

Што датычыцца парламентарыяў, то яны ўпэўнены: каб бізнес укладваўся ў сацыяльныя праекты, трэба зразумець, якія яшчэ законы неабходна змяніць, каб стварыць прыватнаму сектару яшчэ больш спрыяльныя ўмовы для пранікнення ў гэтую сферу. «Думаю, пэўным рашэннем стане распрацоўка законапраекта аб сацыяльным прадпрымальніцтве», — лічыць Таццяна Старынская.


У тэму

Сацыяльнымі паслугамі ў тым ці іншым выглядзе ў Беларусі карыстаюцца амаль 1,9 млн чалавек — практычна кожны пяты жыхар краіны. Менавіта столькі грамадзян стаяць цяпер на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН).

Як адзначаюць у Мінпрацы і сацыяльнай абароны, адзін з самых запатрабаваных на сённяшні дзень відаў сацыяльных паслуг — сацыяльна-бытавыя паслугі на даму, якія аказваюцца амаль 90 тысячам чалавек — непрацаздольным пажылым людзям і інвалідам. У гэтыя паслугі ўваходзіць набыццё і дастаўка прадуктаў харчавання, медыкаментаў і тавараў першай неабходнасці, афармленне дакументаў для аказання матэрыяльнай дапамогі, аплата камунальных паслуг.

За мінулы год было заключана 50 дагавораў на аказанне сацыяльных паслуг недзяржаўнымі некамерцыйнымі арганізацыямі ў рамках дзяржаўнага сацыяльнага заказу: у Брэсцкай вобласці — 7 дагавораў, у Віцебскай вобласці — 8, у Гомельскай — 2, у Гродзенскай — 19, у Мінскай вобласці — 11, у Магілёўскай вобласці — 2, у Мінску — 1.

У Брэсцкай і Магілёўскай абласцях прадоўжана рэалізацыя трох дагавораў, заключаных у 2015 годзе.

У першым квартале гэтага года заключана 47 дагавораў на аказанне сацыяльных паслуг з недзяржаўнымі некамерцыйнымі арганізацыямі. Паслугі атрымалі 1071 чалавек.

Святлана БУСЬКО

busko@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА і БЕЛТА

Загаловак у газеце: Дарогу прыватніку

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.