Вы тут

У Рэчыцы завод уладкоўвае людзей з абмежаванымі магчымасцямі


У двары рэчыцкага прадпрыемства складзеныя дзясяткі, калі не сотні тон адпрацаванай плёнкі. Прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Столін-Перапрацоўка плёнкі» мае ярка выражаны экалагічны кірунак. Завод ператварае шкодныя адходы ў новую прадукцыю. Плёнку, як і іншы пластык, як вядома, нельга спаліць, нельга ў зямлю закапаць. У Рэчыцы яе перапрацоўваюць.


Ды­рэк­тар Аляк­сандр Дзе­ра­вен­ка (зле­ва) у цэ­ху.

Цікава, што сярод велізарных рулонаў плёнкі (якая была некалі цяпліцай, упакоўкай, служыла іншым карысным мэтам і мае цяпер адпаведны выгляд) нярэдка трапляюцца скруткі завадской упакоўкі. На іх відаць лагатыпы «Санты», «Савушкіна прадукта», іншых вядомых вытворцаў. Аказваецца, брак. Скажам, на этыкетцы прапусцілі слова ці нават літару, і ўся партыя пластыкавых пасудзін адпраўляецца на перапрацоўку. І яшчэ дзясяткі самых розных адходаў сінтэтычнага паходжання трапляюць на названае прадпрыемства. Адным словам, невялікі смеццеперапрацоўчы завод з поўным цыклам вытворчасці. Па тэхналогіі сыравіну, гэта значыць адходы, трэба перабраць, пасартаваць, потым памыць у спецыяльных машынах, каб пасля гэтага пусціць у станкі, якія выпрацуюць гранулы — гатовую прадукцыю прадпрыемства.

Завод працуе кругласутачна, без выхадных і святочных дзён. За суткі перапрацоўваецца ад трох да чатырох тон сыравіны. Зараз прадпрыемства мае дагаворы больш чым з трыма сотнямі пастаўшчыкоў сыравіны. Плёнку і іншы пластык вязуць у Рэчыцу не толькі з Брэстчыны, але і з усіх абласцей Беларусі. Большая частка гатовай прадукцыі накіроўваецца ў Расію.

Стварыў завод у гарадскім пасёлку Рэчыца столінскі прадпрымальнік Аляксандр ДЗЕРАВЕНКА з групай аднадумцаў. Рашэннем райвыканкама ім прадалі былую вытворчую базу райсельгастэхнікі. Вядома, давялося рамантаваць памяшканні, якія выкарыстоўваліся ў тым ліку пад склады мінеральных угнаенняў, праводзіць ацяпленне, даводзіць цэхі да ладу, каб потым паставіць станкі. І вось цяпер абсталяванне задзейнічана на поўную магутнасць. А на прадпрыемстве зараз занятыя 58 чалавек. Для сельскай мясцовасці не малая вытворчасць.

Завод працуе чацвёрты год. Калі ён быў на стадыі станаўлення, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Столінскага райвыканкама выдзяляла пазыку пад стварэнне рабочых месцаў.

Ігар Гмір.

— Хоць і невялікія былі грошы, 450 мільёнаў рублёў, адзін наш станок каштуе крыху больш, — гаворыць Аляксандр Дзеравенка, — але на той час дапамога выглядала вельмі своечасовай. Мы кожны рубель лічылі, як і цяпер лічым. Ужо з той пазыкай разлічыліся, але з людзьмі сацыяльна ўразлівых катэгорый працягваем працаваць і цяпер.

Сёння на прадпрыемстве маюць рабочыя месцы чатыры інваліды. Трое з іх былі на змене ў дзень прыезду карэспандэнта, з імі ўдалося пагаварыць. Самы малады — Павел Шастак. Паўлу 19 гадоў, ён інвалід па зроку, рэчыцкае прадпрыемства стала яго першым рабочым месцам. Той узровень зроку, які ёсць, дазваляе хлопцу працаваць сарціроўшчыкам. Паводле слоў кіраўнікоў, Павел з работай спраўляецца. Сам работнік вельмі задаволены — ён можа не сядзець дома, фактычна на шыі ў сям'і, а зарабляць для сябе рэальныя грошы. Рэжым работы маладога сарціроўшчыка задавальняе, ён ездзіць сюды са Століна, гэта недалёка, аўтобус ходзіць рэгулярна.

Ігару Гміру 23 гады, ён жыве ў Рэчыцы. Малады чалавек з самых юных гадоў добра зарабляў на будоўлях Расіі. Працаваў многа, таму не быў абмежаваны ў сродках, адным словам, прывык ствараць дабрабыт сваімі рукамі. Ды здарылася бяда, Ігар атрымаў траўму пазваночніка. Лячэнне і рэабілітацыя занялі амаль два гады, яшчэ і цяпер ёсць пэўныя абмежаванні ў рабоце, асабліва ў той частцы, якая мае на ўвазе нагрузку на пазваночнік. Адным словам, многа падымаць нельга.

— Уяўляеце, як цяжка было сядзець дома, калі прывык працаваць, зарабляць капейку? — гаворыць хлопец. — Таму работа побач з домам была як знаходка. Працую з васьмі да пяці з двума выхаднымі, маю рэальны заробак.

У Алены Дульскай свая гісторыя. Шмат гадоў таму на сельгасработах яна атрымала траўму, засталася без пальцаў на руцэ. Увесь час Алена Фёдараўна знаходзіла работу па сілах, апошнія гады працавала кандуктарам у аўтапарку. А мінулым летам, калі сродкам разліку з пасажырамі сталі ў асноўным капейкі, працаваць са сваёй інваліднасцю проста не змагла, давялося звальняцца.

— Работу ў горадзе цяпер знайсці практычна немагчыма з маімі абмежаваннямі, — кажа Алена. — А без работы мне ніяк нельга. Дачка заканчвае 11 клас: выпускныя, рэпетытары, самі разумееце. Таму я вельмі ўдзячная за магчымасць папрацаваць па праграме рэабілітацыі інвалідаў, спадзяюся, што і пасля заканчэння праграмы, якая разлічаная на год, застануся тут.

Яшчэ на заводзе працуе абавязаная асоба Марына. Пра яе работнікі-калегі гавораць найбольш са шкадаваннем. Зусім бядовая дзяўчына. Забралі ў яе дзіця, саму ўладкавалі на працу. Калі яна цвярозая і працуе, то ледзь не лепш за ўсіх, работа ў руках гарыць. А як толькі не ўтрымаецца — тыдзень не знойдзеш, бо столькі цягнецца запой. Дырэктар гаворыць, што спрабаваў дастукацца да яе свядомасці, можа, дзесяць разоў. «І  здаецца, усё разумее, хацела б вярнуць дзіця, наладзіць жыццё. Але ёй патрэбна сур'ёзнае лячэнне ад алкагалізму, — прыйшоў да высновы Аляксандр Адамавіч. — Прафілактычныя меры, працатэрапія ўжо не дапамогуць. Мы яе не звальняем за прагулы, але ў міліцыі сказалі, што яшчэ адно такое парушэнне працоўнай дысцыпліны — і адправяць у ЛПП».

Па праграме рэабілітацыі раней асуджаных на «Столін-Перапрацоўка плёнкі» з нядаўняга часу працуе Валянцін. Як сказалі, працуе без заўваг і нараканняў.

* * *

Рэчыцкае прадпрыемства адносна новае, яно актыўна развіваецца. Паводле слоў дырэктара, за мінулы год магутнасць павялічылася больш чым у два разы. Яшчэ нейкі год таму тут працавала каля 30 чалавек, цяпер амаль удвая больш. Калі б крэдыт у банку было ўзяць лягчэй, чым цяпер, разважае Аляксандр Дзеравенка, купілі б дадаткова абсталявання, стварылі б яшчэ рабочыя месцы. Тым больш што амаль кожны ранак ля ўваходу дырэктара сустракаюць два-тры чалавекі, якія хацелі б атрымаць работу. Але і ў цяперашніх умовах тут маюць намер паступова пашыраць вытворчасць.

Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Столінскага райвыканкама Генадзь ЯХНАВЕЦ гаворыць, што прадпрыемства ў Рэчыцы і ёсць прыклад прыватна-дзяржаўнага партнёрства ў справе рэабілітацыі сацыяльна ўразлівых катэгорый насельніцтва:

— Мы ў свой час паспрыялі стварэнню там дадатковых рабочых месцаў, — працягвае Генадзь Мікалаевіч, — і не памыліліся. Прадпрымальнік Аляксандр Дзеравенка паказвае прыклад сацыяльнай адказнасці бізнесу. Цяпер у яго працуе чатыры інваліды, на кожнага з якіх па праграме працоўнай рэабілітацыі з бюджэту выплачваецца кампенсацыя ў памеры іх зарплаты. Для работніка праграма дзейнічае шэсць месяцаў, потым, калі патрэбна, можа быць падоўжана да года. Прыкладна такія ж выплаты налічваюцца ў выпадку працаўладкавання асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. У гэтым годзе завод заявіў аб гатоўнасці ўладкаваць яшчэ пяць інвалідаў. Пры тым што для людзей з абмежаванымі магчымасцямі створаны асаблівы рэжым работы: яны не працуюць у начную змену, іх графік работы абмяжоўваецца часам з васьмі раніцы да сямнаццаці вечара.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Столінскі раён

Загаловак у газеце: Работа як знаходка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».