Вы тут

«Светлыя знакі»: погляд з Кітая


Пачынаючы з 2014 года, Выдавецкі дом «Звязда» па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі Беларусі апякуецца кніжнай серыяй «Светлыя знакі. Паэты Кітая». За гэты час на беларускай мове выдадзена восем кніг кітайскай паэзіі ў перакладзе на беларускую мову: зборнікі Ван Вэя, Лі Бо, Ду Фу, Ай Ціна, Лі Хэ, Лі Цінчжаа, Ван Гачжэня, Мэн Хаажаня. Падрыхтавана да друку кніга вершаў Сюй Чжымо. У выдавецтве запланаваны да выдання і зборнік Вань Ідо.

Для работы над серыяй, абмеркавання падрыхтаваных перакладаў, для вызначэння перспектыў развіцця кніжнай серыі створаны міжнародны рэдакцыйны савет. Акрамя беларускіх перакладчыкаў і літаратуразнаўцаў, у яго ўваходзяць паэты і перакладчыкі з Казахстана, Азербайджана і, канешне ж, з Кітая. Сёння на пытанні газеты «Звязда» пра развіццё серыі, пра тое, якімі ўяўляюцца перспектывы арыгінальнага выдавецкага праекта, адказвае дэкан факультэта рускай мовы 2-га Пекінскага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў, доктар філалагічных навук, спадарыня Чжан Хуэйцінь.


— Каго з кітайскіх паэтаў — любой эпохі — вы прапанавалі б да выдання на беларускай мове ў серыі «Светлыя знакі. Паэты Кітая»?

— Перш-наперш дазвольце мне выказаць шчырую ўдзячнасць беларускім калегам за вашу творчую работу. Я вельмі рада, што ў серыі «Светлыя знакі» ўжо выдадзены вершы многіх выдатных кітайскіх паэтаў.

Са свайго боку, я прапанавала б Су Шы (1037—1101) ці, як звалі яго ў народзе, — Су Дунпо. Пад гэтым псеўданімам ён таксама добра вядомы. Су Шы — кітайскі паэт, эсэіст, мастак, каліграф і дзяржаўны дзеяч эпохі дынастыі Сун, вядомы ва ўсім Кітаі. Па-першае, Су Шы нарадзіўся ў незвычайнай сям'і, з якой выйшлі трое вучоных: бацька паэта, сам Су Шы і яго брат. Яны ўнеслі вялікі ўклад у кітайскую класічную літаратуру. Вядомая і малодшая сястра паэта — спадарыня Су Сяамэй.

Па-другое, Су Шы напісаў вельмі шмат прыгожых, запамінальных вершаў, якія зрабіліся класікай. Напрыклад, вершы пра свята Месяца — «На мелодыю гаманлівай ракі», альбо — «Надпіс на сцяне храма Заходняга лесу», «Выпілі віна на Сіху, калі пасвятлела пасля дажджу» і шмат яшчэ якія...

З самага дзяцінства кітайцы ведаюць крылатыя выразы з вершаў Су Шы.

Па-трэцяе, імя Су Шы звязана з многімі славутымі мясцінамі Кітая, у тым ліку і з адным з самых прыгожых азёр — возерам Сіху ў горадзе Ханчжоў. Там ёсць вядомая Дамба Судзі. Дамба носіць сваё імя ў гонар выдатнага паэта і губернатара Су Дунпо. На другі год, як Су Шы стаў губернатарам Ханчжоў, ён арганізаваў шырокамаштабныя работы па ачыстцы возера. Здабытая гліна пайшла на будаўніцтва дамбы. Менавіта Су Дунпо ўпершыню ўжыў словазлучэнне «Сіху» ў афіцыйных дакументах, такім чынам, ён даў назву возеру.

— Спадарыня Чжан Хуэйцінь, зразумела, што ваш любімы паэт — Су Шы. Вы падрабязна расказалі пра яго жыццё. А якія рысы, якія мастацкія краскі прыцягваюць вас у яго паэтычнай стылістыцы?

— Паўтаруся, што люблю Су Шы, або Су Дунпо менавіта таму, што яго імя ўваходзіць у нашу свядомасць з самага ранняга дзяцінства. Для кітайцаў гэтая акалічнасць падаецца вельмі важнай. Гэтак выяўляецца і мастацкі аўтарытэт. У падручніках для школьнікаў многія яго вершы выкладаюцца як лепшыя ўзоры кітайскай класікі. Школьнікі абавязкова павінны вывучыць іх на памяць.

Дадам, што Су Дунпо не толькі паэт, але і празаік. Паэзія — толькі частка, адна з граняў яго высокаадоранай натуры: ён жа быў і найбуйнейшым майстрам прозы (адным з «васьмі вялікіх» часоў Тан і Сун), а яшчэ — знакамітым мастаком і каліграфам. Тэмы яго творчасці настолькі багатыя, што нават цяжка вылучыць тую, да якой бы ён не дакрануўся як паэт.

У сваім жыцці Су Шы давялося шмат блукаць па краіне, ён жыў у разлуцы з блізкімі, таму ў яго вершах мы адчуваем асаблівы сум па родных, адчуваем асаблівую журботу.

Вось прыклад: «Людзям дадзена навечна радасць сустрэч, боль разлукі. / Можа і цень рассекчы месячны круг святла. / О, калі б доўга маглі пражыць мы з табою, / Нават у разлуцы ўдваіх ізноў любаваліся Месяцам!» У гэтым вершы адлюстроўваюцца філасофскія адносіны да чалавечага жыцця: паэт выказаў і надзею, і смутак.

А яго вершы, прысвечаныя жонцы, якая памерла, пранізваюць душу чытача. У творах паэт апісвае яе адзінокую магілу на далёкай радзіме, пра тое, што ўжо не наканавана з ёю сустрэцца нідзе і ніколі. А калі б і сустрэліся, жонка не пазнала б мужа, бо твар яго пакрыты пылам далёкіх дарог, а валасы белыя, як іней...

У яго вершах мы бачым філасофскую мудрасць. Ён вучыць нас, як адносіцца да жыцця, да навакольнага свету, дапамагае нам стаць духоўна болей багатымі. З верша «Надпіс на сцяне храма Заходняга лесу»: «Зірні ў твар гора — тупая вяршыня. / А збоку зірні — гара вострая. / Пойдзеш насустрач — і ніжэйшая тая гара... / О, не, гара сваё аблічча не мяняе, / Яна адна і тая ж — у гэтым сутнасць. / А пераўтварэнні ад таго залежаць, / З якога месца на яе зірнуць».

Паэт увёў грамадзянскую і бытавую тэмы ў паэтычны жанр старадаўніх мелодый, у яго паэмах арганічна спалучаюцца лірычныя, філасофскія і сатырычныя матывы.

— Сёння ва ўсіх краінах прыкметная адсутнасць ранейшай цікавасці да паэзіі. Ці верыце вы ў тое, што хутка паэзію перастануць чытаць?

— Згодна, што зараз, у эпоху інавацыйных інфармацыйных тэхналогій, якія вельмі хутка развіваюцца, у эпоху суцэльнай камп'ютарызацыі людзі мала цікавяцца паэзіяй, мастацкай літаратурай увогуле.

Моладзь аддае перавагу кароткім, сенсацыйным інфармацыйным тэкстам невялікага памеру.

Каб памяняць некаторым чынам гэтую сітуацыю, наш кітайскі ўрад вылучыў новы лозунг: «Вялікае адраджэнне кітайскай нацыі». Для ажыццяўлення Мары пра вялікае адраджэнне кітайскай нацыі неабходна абавязкова адрадзіць кітайскую культуру. Паэзія з'яўляецца неадрыўным складнікам кітайскай нацыянальнай культуры. Яе не перастануць і не павінны перастаць чытаць. Калі раней замежная (у асноўным англійская) мова адыгрывала накіроўваючую ролю ў школьных праграмах і Адзіным дзяржаўным экзамене, то зараз гэтую ролю выконваюць родная мова і родная кітайскія літаратура.

А на дзяржаўнай тэлестудыі ССTV нават праводзіцца «Конкурс кітайскіх вершаў». Гэта яшчэ адна цікавая праграма — пасля «Конкурсу дыктанта кітайскіх іерогліфаў», «Конкурсу кітайскіх прымавак» і «Конкурсу кітайскіх загадак». Многія ўдзельнікі конкурсу вершаў — у тым ліку, а сярод іх нямала школьнікаў і студэнтаў — паказалі, як яны добра ведаюць класічныя вершы.

Таму я магу з упэўненасцю сказаць, што паэзію не перастануць чытаць.

— Дзякуй, спадарыня Чжан Хуэйцінь, за такую добрую падказку ў развіцці серыі «Светлыя знакі...» Хацеў бы заўважыць, што некалькі гадоў назад перакладчыкам каторых вершаў Су Дунпо на беларускую мову выступіў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Спадзяюся, што і сучасныя беларускія мастакі слова звернуцца да пераўвасабленняў паэзіі Су Дунпо.

Кірыл ЛАДУЦЬКА

Пекін — Масква

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».