Вы тут

Сёння ў Кіеве пройдзе другі паўфінал «Еўрабачання»


Сёння ў Кіеве пройдзе другі паўфінал міжнароднага песеннага шоу. Прадстаўнікі Беларусі — гурт NаvіBаnd — з песняй на роднай мове «Гісторыя майго жыцця» выйдуць на сцэну пад нумарам 14. Улічваючы, што Беларусь удзельнічае ў «Еўрабачанні» таксама 14-ы раз, многія прыхільнікі ўгледжваюць у лёсаванні пэўны сімвалізм удачы — ці ўгадалі, даведаемся зусім хутка.


Бук­ме­ке­ры праг­на­зу­юць Крыс­ці­я­ну Кос­та­ву з Бал­га­рыі вы­со­кае мес­ца ў фі­на­ле «Еў­ра­ба­чан­ня».

Усяго ж у сённяшнім канцэрце, нагадаем, выступяць канкурсанты з 18 краін, і толькі 10 з іх працягнуць барацьбу за галоўны прыз у фінале. Кампанію гэтым пакуль не вызначаным шчасліўцам складуць лідары першага паўфіналу — артысты з Азербайджана, Арменіі, Аўстраліі, Бельгіі, Грэцыі, Кіпра, Малдовы, Партугаліі, Польшчы і Швецыі; прадстаўнікі «вялікай пяцёркі» краін-арганізатараў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Іспаніі і Францыі, а таксама ўдзельнік з краіны-гаспадыні конкурсу, украінскі гурт О.Tоrvаld.

Другі паўфінал парадуе нашых землякоў па ўсім свеце падзабытым было беларускамоўным каментаваннем. Журналіст Агенцтва тэленавін Яўген Перлін запэўнівае, што падрыхтаваўся як след, улічыўшы найсучаснейшыя нормы маўлення, а таксама абяцае сачыць за каментарыямі ў сацыяльных сетках і самому адлюстроўваць у Інстаграме тое, што адбываецца ў каментатарскай кабіне.

Чым яшчэ абяцае запомніцца вячэрняе шоу? Напрыклад, музычным сюрпрызам з Расіі. Гэта амаль не жарт: самы юны ўдзельнік «Еўрабачання-2017» Крысціян Костаў, які прадстаўляе Балгарыю, — карэнны масквіч, адзін з вучняў Дзімы Білана на шоу «Голас» і былы ўдзельнік знакамітых «Непасед», — пераехаў на бацькаву радзіму ўсяго некалькі гадоў таму, каб працягнуць музычную кар'еру. Або надзіва прыгожым сплавам этнікі і сучасных музычных прыёмаў ад Венгрыі, чый нумар цалкам адпавядае сёлетняму закліку святкаваць разнастайнасць. Або магутным італа-англійскім вакалам Жака Худэка з Харватыі, які спалучае оперу і поп-музыку, аддаючы даніну павагі свайму куміру Лучана Павароці.

Нідэрланды зрабілі стаўку на маладосць і сексапільнасць — даўганогае дзявочае трыа О'G3NЕ складаецца з трох родных сясцёр Лізы, Эмі і Шэлі, якія ўсяго некалькі гадоў таму выступалі на дзіцячым конкурсе. А Сан-Марына, наадварот, спадзяецца ўзяць вопытам: найстарэйшая з сёлетніх канкурсантаў Валянціна Манета прадставіць сваю краіну ўжо чацвёрты раз — і гэта абсалютны рэкорд у гісторыі «Еўрабачання».

Беларусы ж — Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук на сцэне, а бэк-вакалісты Міхаіл Сасуноў і дзяўчаты з гурта «Bеаtrіх» за сцэнай — разлічваюць на ўласную шчырасць у сукупнасці з хараством і каларытам роднай мовы.

Нагадаем, сёння мы не толькі глядзім шоу, але і можам галасаваць за ўпадабаных удзельнікаў (акрамя прадстаўнікоў сваёй краіны). Што не замінае маральна падтрымліваць сваіх удзельнікаў і зычыць ім найлепшых вынікаў. Сустрэнемся ў эфіры!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Фота БЕЛТА і еurоvіsіоn.tv

Загаловак у газеце: Спроба нумар 14

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.