Вы тут

Прыгоды ў Прылуках


Падарожжа толькі тады ўдалае, калі яно быццам выхад за межы рэальнасці. Напісала так — і задумалася: ці не звышчаста ўжываная фраза? Добра, перапішу: кожнае ўдалае падарожжа перакульвае рэальнасць з ног на галаву — з тым, каб нешта ў ёй памяняць.


Я і падумаць не магла, што мае ўяўленні падчас чытання аповедаў пра панскія маёнткі настолькі супадаюць з тым, што я ўбачу аднойчы наяве, а менавіта — падчас вандроўкі, пра якую размова. І вось на ўласныя вочы — тое, што бачыла ўнутраным зрокам. На крутым узгорку — палац у меру мудрагелістай архітэктуры, а на аддаленні ад яго, быццам на нечай гіганцкай далоні, — у меру ўрачыстыя каменныя пабудовы: свіран, вінакурня, дом аканома... Усё гэта разам, калі глядзець трошкі зверху (ландшафт тут шматузроўневы, і так бачыць дазваляе), нагадвае... гульню-настолку.

Між іншым, нічога не замінае яе стварыць, варта толькі знайсціся ў меру прадпрымальнаму аматару гісторыі і падарожжаў, ды авантурнаму мастаку яму ў паплечнікі, ды актыўных «краўдфандзераў» у кампаньёны. Паміж пагоркам з палацам і мураванымі пабудовамі, што рассыпаліся ўнізе, на ўяўнай далоні, трэба будзе намаляваць ясна-блакітнае возера. Формай яно павінна нагадваць цень белага мядзведзя, які сядзіць на задніх лапах, узняўшы пярэднія. Але назва ў возера павінна быць зусім не беламядзведжай, а нават наадварот: вытворца гульні-настолкі павінен вырабіць указальнік з надпісам «Чорнае возера». Як будзе называцца настолка? «Прыгоды ў Прылуках».

Гульня можа мець некалькі ўзроўняў, у адпаведнасці з якімі антураж мусіцьме паступова мяняцца. Пачаўшы ад ХVІІ стагоддзя (узровень «Абіцель», для антуражу спатрэбяцца фігуркі заснавальніцы праваслаўнага манастыра Ганны Стэцкевіч і мітрапаліта Пятра Магілы), ігракі будуць, мяняючы этапы, рабіць на паперы гісторыі крокі памерамі ў дзесяцігоддзі. Пераход на новы ўзровень («Замак») дазволіць выняць са скрыні фігуркі прывіду і паэта Антонія Эдварда Адынца. Наступны ўзровень («Сядзіба») запатрабуе з'яўлення на папяровым ландшафце фігурак Магдалены Іваноўскай з Прушынскіх, Францішка Оштарпа, Атона Горвата... Хоць апошні — гэта ўжо новы ўзровень: «Палац». Са скрыні ігракі дастануць новыя прадметы — будынкі стайні, аранжарэі, афіцыны, фігуркі коней і дрэўцаў для пейзажнага парку...

Малюнак Напалеона Орды.

Я, прабачце, вельмі захапілася. Нават не паведаміла, куды нас даставіў бясстрасны голас навігатара. Хоць сякія-такія падказкі чытач ужо мае. Праніклівы і гістарычна падкаваны ўжо мо і здагадаўся: мы ў Прылуках, на тэрыторыі сядзібы, апошнімі ўладальнікамі якой, з 1872 года, былі графы Чапскія — Эмерык і яго сын Юрый. У гісторыі гэтага месца (да якога ад Мінска з паўднёвага яго боку не больш як дзясятак кіламетраў) ёсць вельмі цікавыя акалічнасці. Найперш, манастырскае паходжанне, па якім абіцель была літаральна ператворана ў замак. Ці, як кажуць некаторыя ўражаныя даследчыкі, замак яе, абіцель тую, літаральна паглынуў. І быццам не без ахвяры: у замку з'явіўся прывід.

Не ведаю чаму, але аглядаючы сцены палаца Чапскіх (будзем яго ўжо так называць), міжволі разважаеш, якія элементы ад замка і манастыра засталіся — так і хочацца бачыць у адной пабудове ўсе тры. Між іншым, рэч «тры ў адным» (у сэнсе — адну на ўсе тры перыяды) знайсці тут лягчэй лёгкага. Проста глядзець трэба не на сцены, а на тое, што пад сценамі. Як ні хочацца мне прытрымаць інтрыгу, але напішу: зірніце на ўзгорак, літаральна на вал, замкавы і манастырскі. З тыльнага боку да палаца яшчэ трэба здолець ускараскацца. Іншымі словамі, прыгоды тут забяспечаны, з ХVІ стагоддзя да нашых дзён!

Яшчэ адна цікавая акалічнасць і яшчэ адно міжвольнае жаданне бачыць нябачнае: справа ад палаца стаяла некалі чатырох'ярусная вежа з гадзіннікам. Дах аднаго з ярусаў служыў тэрасай. Той ярус, які меў гадзіннік, акружала галерэйка. А ярус, які размяшчаўся пад зямлёю, выконваў ролю лядоўні. Гэткая прыдумка сумясціць прыгожае з практычным. І яшчэ адно нябачнае сярод бачанага: у дрэвах, што растуць паўсюль навокал, ва ўсім гэтым даўно беззваротна змененым парку праглядаецца такая неверагодная маляўнічасць... Яе не зблытаеш з відарысам прыроднай пасадкі. Прынамсі, кружляючы каля палаца, я ўспамінала дзяцінства — той час, калі і маё жытло межавала быццам са звычайным паркам, а на самай справе, як пасля я даведалася, уяўляла сабою сляды парку іншага кшталту — старога сядзібнага, што належаў не абы каму, а Наркевічам-Ёдкам. Ці не тады, яшчэ мо неўсвядомлена, я захварэла гісторыяй і падарожжамі? Вось вам яшчэ адна выснова ў тэме змены поглядаў на рэальнасць: нельга нішчыць старыя месцы — сядзібы, каплічкі, паркі, бровары і млыны, — бо ў іх пануе дух захапляльнай для некага будучыні. Хто ведае, што гэты нехта сваім на першы погляд простым захапленнем здолее перайначыць?..

Справа ад палаца стаяла некалі чатырох'ярусная вежа з гадзіннікам.

А сядзіба ў Прылуках, між тым чакае новых вандроўнікаў. Мы ўбачылі ў ёй ідэю для стварэння гістарычнай настольнай гульні. А што ўбачыце вы?

Рамантыкам

Кажуць яшчэ (і пішуць), што гісторыю аб'яўлення ў замку прывіду апісаў у паэтычнай форме Антоні Эдвард Адынец. Твор быццам так і названы — «Зачараваны замак». Але хто чытаў гэты твор? Існуе яшчэ адзін «Зачараваны замак», пра які, прынамсі, вядома больш. Опера «Зачараваны замак» (ці «Страшны двор») створана Станіславам Манюшкам паводле зусім іншых тэкстаў. Ды і прататыпам паслужыў не Прылуцкі замак, а Смілавіцкі, маёнтак Манюшкаў. Цікава, што Станіслаў Манюшка ў Прылукі наведваўся. З бацькам. Але на вершы Адынца напісаў зусім іншую музыку. А што Антоні Эдвард Адынец? Памятаю, яго «Лісты з дарогі», заяўленыя як успаміны, былі названы містыфікацыяй, прычым, не адным даследчыкам, а адразу некалькімі. Фантазёрам быў наш Адынец, вось кім. Яго тэксты, падаваныя як даследаванні, рэкамендавалася выкрасліць з навуковых інвентароў і перанесці ў шэраг дзей паэтычных. Але добрага паэта і патрыёта ў ім такія акалічнасці не знішчаюць. Зноў жа пра погляды на рэальнасць: нідзе не трэба бачыць ідэалы — трэба бачыць паўсюль людзей, якімі яны ёсць, сапраўднымі, а не героямі нечага часу. Што да прывіду... Няхай жыве, не пашкодзіць.

Паслядоўнікам

У мясцовай царкве Раства Прасвятой Багародзіцы выпякаюцца і распісваюцца незвычайныя пернікі. Старая ж царква, якая была некалі перабудавана ў сельскі клуб, мае такую незвычайную і вялікую гісторыю, што апісаць яе тут немагчыма, таму адсылаю чытача-паслядоўніка да адпаведных крыніц на праваслаўных парталах. Падарожжы яшчэ і тым цікавыя і карысныя, што з імі пашыраюцца граніцы ведаў.

Святлана ВОЦІНАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.