Вы тут

Калі губляецца чалавек


Ледзь не штодня на якім-небудзь сайце мільгае паведамленне аб тым, што прапаў чалавек. Нярэдка гаворка ідзе пра пажылых людзей. А вось на справе давялося сутыкнуцца з гэтым упершыню. Адрасам адной з апошніх камандзіровак стала Тамашоўка Брэсцкага раёна, гэта населены пункт за 60 кіламетраў ад абласнога цэнтра. Пасля паездкі ў вёску, якая мяне цікавіла, я вярнулася ў сельскі Савет, каб задаць яго работнікам яшчэ некалькі пытанняў. У кабінеце кіраўніка спраў сядзела жанчына даволі сталага ўзросту.


Пазней супрацоўніца сельвыканкама растлумачыла, што гэта брастаўчанка... якая згубілася. Вось так, выйшла пенсіянерка з цягніка на станцыі Тамашоўка, а куды далей ісці, не ведае. Людзі ўбачылі разгубленасць жанчыны і накіравалі яе ў сельскі Савет. Пакуль прыйшла, яшчэ больш разнервавалася, канчаткова забылася, куды і навошта ехала. Больш за тое, калі сталі пытаць, адкуль яна, у якім горадзе жыве, чаго прыехала сюды, адказаць не змагла. Добра, кіраўнік спраў здагадалася спытаць пра дакументы. У пенсіянеркі быў з сабой пашпарт, з яго і дазналіся, што перад імі жыхарка Брэста, якая зарэгістраваная ў доме па вуліцы Дуброўскай. А яшчэ ў дакументах быў лісток з нумарам тэлефона. Аказалася, тэлефон суседкі. І ўжо суседка паведаміла, што Тамара Сяргееўна, так завуць жанчыну, пакутуе на часовыя правалы памяці, можа паехаць куды ці пайсці.

Так бывае не заўсёды — расказвала суседка. У звычайныя дні яна яшчэ ездзіць у цэнтр горада даглядаць хворага былога мужа. Ездзіць самастойна грамадскім транспартам, потым вяртаецца дадому. Гэты маршрут у яе адпрацаваны. А іншым разам зусім забудзецца і можа з'ехаць невядома куды. Тады ўжо суседка непакоіцца, тэлефануе ўсім знаёмым. У Тамары Сяргееўны ёсць дачка. Але яна даўно жыве ў Германіі, выйшла замуж і з'ехала. Такая вось сямейная гісторыя.

Кіраўнік спраў яшчэ пазваніла ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Ленінскага раёна Брэста, спытала, ці не значыцца ў іх такая пенсіянерка, усё-такі жанчыне 82 гады. Там адказалі, што сацыяльнага работніка ёй прапаноўвалі, але яна адмовілася. Яе права. Выглядае яна яшчэ даволі моцнай і бадзёрай бабулькай, па стане фізічнага здароўя можа цалкам сябе абслугоўваць. Але стан псіхічны патрабуе ўдзелу блізкага чалавека. Ды дзе яго ўзяць?

Адным словам, карэспандэнт тады аказалася дарэчы ў сельскім Савеце. Мы дамовіліся, што гэту жанчыну я буду суправаджаць у Брэст. Пенсіянерка, здаецца, абрадавалася, што нехта будзе побач у дарозе. Маршрутка аказалася перапоўненая, прыпынкаў рабіла многа. І мая спадарожніца парывалася выйсці ледзь не на кожным прыпынку, але паслухмяна заціхала, калі я казала, што яшчэ рана. І даехалі мы ў цэлым без прыгод. Выйшлі ў цэнтры горада. Ад людзей я даведалася, якая гарадская маршрутка ідзе на яе вуліцу. На прыпынку сталі чакаць 25-ы нумар. Ліў дождж, халодны вецер так і пранізваў, у пажылой жанчыны ветрам з рук літаральна вырывала парасон. Было відно, што яна стамілася, і ў нейкі момант адчайна-жаласліва, нібы дзіця малое, прамовіла: «Больш ніколі не паеду так далёка». І ў мяне літаральна камяк падкаціў да горла, стала крыўдна і горка за пажылога чалавека, чужую маці. Яе ж могуць пакрыўдзіць, адабраць грошы, напрыклад. Бабулька, відаць, з прычыны забыўлівасці часта адкрывала кашалёк, правяраючы наяўнасць грошай, а там ляжала немалая сума. Злыдняў вакол хапае... У сваіх блытаных размовах яна шмат разоў згадвала нямоглага мужа, не называючы яго былым, і ні разу не сказала пра дачку.

Невядома, чаму так склалася ў гэтай сям'і, якія раней былі адносіны паміж маці і дачкой, з якой прычыны замежная дачка амаль не бывае на радзіме. Можа, ёй муж не дазваляе, а можа і сама не рвецца... Тады я пасадзіла яе на маршрутку, папрасіла вадзіцеля высадзіць на ўказанай вуліцы. Яна запэўніла, што сваю вуліцу ведае добра.

Ужо тыдзень прайшоў, успамінаю яе кожны дзень. І зусім недарэчы лезуць у галаву аналогіі: у таго хлопца, што з пілой нападаў на людзей у гандлёвым цэнтры, маці з'ехала за мяжу, у слонімскага падлетка, які забіў бабулю і дзеда, маці ў Арабскіх Эміратах. Калі ад людзей з'язджаюць самыя блізкія, людзі, здараецца, губляюцца. Кожны па-свойму.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.