Вы тут

«Я папрасіла б у знічкі, каб усе добрыя людзі не хварэлі»


Дарыя Скамарошчанка, якая ведае на памяць даслоўна больш як 150 дзіцячых кніг, здзіўляе сваёй мудрасцю.

Завочна я з Дарыяй пазнаёмілася ўжо даўно. Пачалося ўсё з таго, што падпісалася на яе відэаканал на YоuTubе. І з асалодай слухала, як маленькая брастаўчанка артыстычна чытае на памяць свае любімыя дзіцячыя кніжкі. (Чытаць Дарыя навучылася ў два гады, а літары вывучыла яшчэ раней. — Аўт.). Менавіта сваёй неверагоднай памяццю дзяўчынка і пакарыла Максіма Галкіна на шоу «Лепш за ўсіх». А зусім нядаўна Дарыя з мамай Кацярынай Таберка вярнулася дадому з Масквы, дзе здымалася ў перадачы пра дзяцей з унікальнымі здольнасцямі «Золата нацыі». Мы з фатографам завіталі ў госці да маленькай зорачкі, якая не любіць хваліцца, бо лічыць, што «дзяўчынку ўпрыгожваюць не толькі сукенкі, але і сціпласць».


«Зуб­ная фея як­раз пе­рад ва­шым пры­ез­дам пры­нес­ла мне аж­но два кін­дэр-сюр­пры­зы».

Пра Сару Кру, торт па шведскім рэцэпце і «вада камень точыць»

— Дарыя, ты згодная, што кніга — гэта найлепшы падарунак?

— Так. Ці хадзілка па якой-небудзь кнізе.

— А што такое хадзілка па кнізе?

(Дастае з паліцы). Ёсць такая кніга пра Пэтсана і Фіндуса. Мама зрабіла па яе сюжэце хадзілку. Кідаеш кубік, ходзіш фішкамі і выконваеш розныя цікавыя заданні.

— Летась бацькі зрабілі табе незвычайны падарунак: квэст па матывах любімай кніжкі «Чараўнік Ізумруднага горада». Нядаўна табе споўнілася шэсць. Як на гэты раз святкавала дзень народзінаў?

— Не па кнізе, бо былі ў Маскве. Мяне прыйшлі павіншаваць новыя сябры — удзельнікі праекта «Золата нацыі». Мама замовіла вялізны торт. Ён быў вельмі смачны, па шведскім рэцэпце.

— Пасля вяртання дзядуля з бабуляй падарылі Дарыі набор мастака, — дадае мама Дарыі, якая калекцыянуе якасныя дзіцячыя кнігі і вядзе свой блог «Кніжны шкап». — Мы з мужам — настольную гульню і кніжку. Стараемся не дарыць шмат падарункаў, каб яны мелі нейкую каштоўнасць. Зараз у нас (азіраецца па баках), лічу, зашмат рэчаў. Вясной і зімой перад Раством з Дарыяй і Данікам разбіраем цацкі і адносім тыя, якія ім не шкада, у прытулак, іншым дзеткам.

— Я не ведаю, што такое голад і холад. Але мне здаецца, што пасля таго, як я пазнаёмілася з Сарай Кру, дык зразумела, што гэта такое...

Кацярына: — Сара Кру — гэта новая любімая гераіня Дарыі, з кнігі «Маленькая прынцэса».

— З задавальненнем паглядзела перадачу «Золата нацыі». І вельмі радавалася, калі ты прынесла перамогу сваёй камандзе: спачатку ўгадала слова «тачылка», а потым і «цыркуль». Як так атрымалася? Можа, таму што мама архітэктар і ты гэтыя прадметы бачыла не раз?

Кацярына: — Гэта нешта неверагоднае! Але за дзень да запісу праграмы мы з Дарыяй былі на прадстаўленні ў цырку Нікуліна. І я ёй расказвала, што слова «цырк» паходзіць ад лацінскага «цыркус» — круг. Таму што арэна круглая. І што слова «цыркуль» таксама звязана са словам «круг», бо пры дапамозе гэтага інструмента можна яго начарціць.

— А «тачылку» адгадала, таму што ў кніжцы яшчэ даўно чытала прыказку «вада камень точыць».

— Звярнула ўвагу, што практычна ўсе дзеці з каманды, якая прайграла, плакалі. А ты там так цудоўна сказала: «Усе дзеці малайцы! І я іх абдыму. Я не хачу, каб яны засмучаліся».

Кацярына: — Яна іх усіх потым абняла.

— Дарыя, а ты калі-небудзь засмучаешся?

— Я не засмучаюся, калі мне не вельмі моцна балюча.

Кацярына: — Калі яна ўпадзе і ўдарыцца, яна крыху засмуціцца.

— Каця, як зрабіць так, каб дзіця не засмучалася?

— Проста не трэба ператвараць перамогу ў нейкую каштоўнасць. Ніяк не абазначаць гэта. Там быў хлопчык, якога бацькі настроілі: «Ты абавязаны выйграць, мы не можам паехаць назад без перамогі». Дзеці засмучаюцца не таму, што яны прайгралі, а таму, што засмучаюцца іх бацькі. Незалежна ад таго, перамагла Дарыя ці не, я ўсё роўна рада за яе.

Са­мы вя­лі­кі скарб у гэ­тай твор­чай сям'і — вя­ліз­ная ша­фа з кні­га­мі. І на­ват дзе­ці абы­хо­дзяц­ца з імі над­звы­чай аку­рат­на.

Пра 50 тысяч грывен, шахматнага каня і вудачку для таты

Дарыя дастала з паліцы шахматы.

— А вы хочаце са мной у шахматы згуляць?

— Я хачу, — падбягае трохгадовы брацік Даніла.

— Данік, табе белыя ці чорныя?

— Дарыя, хто цябе захапіў шахматамі?

— Мой сябар Арцём хадзіў на шахматы. Ён неяк паказаў, як ходзяць фігуры, і так зачараваў мяне, што я папрасіла маму з татам запісаць і мяне ў гурток.

— Бачыла ў тваім Іnstаgrаm (яго вядзе мама Дарыі. — Аўт.), што ты нядаўна заняла першае месца ў чэмпіянаце краіны па шахматах.

— Я гуляла з дзеткамі майго ўзросту. І выйграла шэсць партый з шасці. Цяпер рыхтуюся да чэмпіянату свету. Трэніруюся дома з дзядулем. Ён лепш за ўсіх у нашай сям'і гуляе.

Кацярына: — Гэтыя шахматы — дамашнія, яшчэ з майго дзяцінства. У нас ёсць і дарожны набор. Мы яго бяром заўсёды з сабой. І на «Золата нацыі» бралі. Там, дарэчы, усе дзеткі ўмелі гуляць у шахматы.

— Пакуль ехалі, я ў цягніку гуляла з мамай. І з дзядзем, які насупраць сядзеў. Гэта гульня вельмі цікавая. Яна не проста захапляльная тым, што тут ёсць шмат фігур. А яшчэ і тым, што кожная фігура ходзіць неяк па-свойму. А для хлопчыкаў гэта яшчэ як сапраўдны бой. Вось, напрыклад, для Даніка. Пешкі бягуць, коні скачуць, ладдзі плывуць!.. (вельмі эмацыянальна размахвае рукамі).

— Якая ўзнагарода для цябе больш важная: медаль на чэмпіянаце па шахматах ці 50 тысяч грывен, якія ты выйграла ў ток-шоу «Рассмяшы коміка» сваімі жартамі?

— Няважна, якую ўзнагароду дадуць. Мне падабаецца гуляць і вучыцца ў іншых.

— Спачатку ты рассмяшыла комікаў. А пасля пакарыла ўсіх тэлегледачоў тым, як вырашыла распарадзіцца выйгрышам: «Я патрачу грошы: маме — на завушніцы і сукенку, тату — на вудачку, сабе — на кніжку, браціку — на сапраўдны шчыт, дзядулю — на інструменты для агарода, бабулі — на насенне для кветак. А яшчэ, калі што-небудзь застанецца, нам усім на кніжную краму». Якой павінна быць гэтая крама ў тваім уяўленні?

— Там замест сцен будуць драўляныя кніжныя палічкі. На іх мы паставім усе самыя лепшыя кніжачкі. У нас дома іх больш за 4 тысячы. І туды будуць прыходзіць дзеткі і браць любыя з іх. А яшчэ там будуць жыць трусік Містар Тумі і папугай Бо. Іх можна будзе забраць з сабой дадому на выхадныя пагасціць. А каля ўвахода будзе стаяць парасон Оле-Лукойе, які можна ўзяць з сабой, калі раптам пайшоў дождж.

Кацярына: — Гэта будзе чароўнае месца, дзе прадаўцы любяць дзяцей і добрыя кнігі больш за ўсё на свеце і кожны дзень носяць новы дзіўны капялюш. А яшчэ ў нашай краме будуць дні казак, прагляд дыяфільмаў, тэатр ценяў...

Пра геніяльнага дырэктара, перламутравы цвік і сярэдзіну сасіскі

Данік ускараскаўся на зэдлік і пачаў чытаць спачатку літары, а затым словы цалкам, напісаныя на спецыяльнай дошцы на кухні: «П, і, р,о,г, пірог...»

— Дарыя, гэта ты яго навучыла чытаць?

— Не, не я. Тата. Бачыце, там машынка намаляваная, калі ён назаве ўсе словы, то загоніць яе ў гараж.

— Можа, таму, што Уладзімір апошнім часам больш за ўсё з Данікам часу праводзіць?

Кацярына: — Данік ведаў усе літары. Перад нашым ад'ездам на «Золата нацыі» яны з татам атрымалі баявое заданне: вывучыць лічбы да 10 і навучыцца чытаць. Мы вярнуліся праз месяц, праверылі: усё ведае, усё чытае.

— Дарыя, ты сумавала па тату з брацікам?

— Пастаянна думала: што нашы хлопцы там дома робяць? Я адкладу гэтыя дзве гульні. І мы пасля з вамі пагуляем, калі пагаворым. Добра?

— Ты, напэўна больш за ўсё на свеце любіш гуляць?

— Не, больш за ўсё на свеце я люблю маму. Яна мая найлепшая сяброўка (абдымае Кацю).

— А што для цябе значыць найлепшая сяброўка?

— Гэта калі ты з ёй усім дзелішся, усё расказваеш. Я лічу, што яе трэба заўсёды слухацца і не адмаўляць ёй. І яшчэ трэба яе ўвесь час абдымаць і любіць.

— А што трэба рабіць маме, каб яна стала найлепшай сяброўкай для дачкі?

— Напэўна, таксама яе любіць. Тады ўсё атрымаецца.

— Дарыя, як ты ўмудрылася запомніць столькі кніжак?

— Напэўна, таму што я дома шмат-шмат разоў чытала гэтыя кнігі. Яны былі мне знаёмыя, як сябры. Хочаце, я вам раскажу, як я магу вывучыць любую кніжку на памяць? Прачытала, лягла на яе жыватом, каб не падглядаць. І расказваю тое, што памятаю. А калі нешта забылася, то не падглядаю. А расказваю далей тое, што памятаю. А пасля зноў перачытваю спачатку і зноў кладуся жыватом.

Кацярына: — Я раней чытала ёй услых, і яна запамінала. А цяпер Дарыя сама хутка чытае. Нядаўна ёй даверылі весці ў Брэсце вялікі фестываль. Я ёй раздрукавала словы, якія трэба было вывучыць, а сама займаюся сваімі справамі. Праз нейкі час прыбягае: «Я гатова рэпеціраваць!» Выходзіць у цэнтр пакоя: «Слова прадастаўляецца геніяльнаму дырэктару». Слова «генеральнаму» яна не ведала, таму прачытала «геніяльнаму». Я думаю, ён быў бы рады пачуць такое прадстаўленне (усміхаецца).

«Ня­важ­на, якую ўзна­га­ро­ду да­дуць. Мне па­да­ба­ец­ца гу­ляць і ­ву­чыц­ца ў ін­шых».

— А хочаце я вам раскажу адну казку на памяць? Называецца «Сярэдзіна сасіскі» (расказвае).

Кацярына: — Мы гэта яшчэ не запісвалі на YоuTubе. Трэба запісаць.

— Дарыя, на тваім YоuTubе—канале падпісчыкаў нават больш, чым у маміным блогу. Навошта ты запісваеш гэтыя ролікі?

— Каб дзеткі таксама больш чыталі і вучылі на памяць.

У пакой забягае Данік з лейкай на галаве і пластмасавай клюшкай у руках. «Я жалезны дрывасек». «Ці можна далучыцца потым мне да тваёй гульні? — цікаўлюся. — І кім я магу быць?» — «Ты дзяўчынка, таму Элі», — абрадаваўся Данік.

— Дарыя, на адной з перадач ты сказала, што самая тоўстая кніжка, якую ты ведаеш на памяць, гэта «Чараўнік Ізумруднага горада».

— Так (дастае з кніжнай шафы). Тут цэлых шэсць тамоў. Мне яна вельмі падабаецца. Таму што там сябры ўвесь час адно аднаго абараняюць і стараюцца адно аднаму дапамагчы.

— А праўда, што ты сваю кніжку цяпер пішаш?

— Я збіраюся пісаць тры кнігі. Адна будзе называцца «Сяброўства-святло», пра сяброўства ад аднаго канца свету да другога. Другая кніжка пра пешку, якая згубілася, і яе шукаюць па лесе конь разам з іншымі шахматнымі фігурамі. Трэцюю назаву «Перламутравы цвік».

Дарыя падбегла да сваёй куртачкі і дастала з кішэні маленькі цвік.

— Я яго знайшла на «Золаце нацыі». Доўга разглядала і заўважыла, што ад яго ідзе маленькае чырвонае святло. Бачыце? Я яго цяпер з сабой нашу. Часам дастаю і расказваю маме. Кніга будзе пра хлопчыка, у якога ў кішэні быў цвік, але ён спачатку не ведаў, што ён чароўны. А потым з'явіліся тры вялікія сабакі, якія маглі выконваць усе яго жаданні.

— Калі б табе на далоньку апусцілася знічка, што б ты ў яе папрасіла?

— Каб ніхто з добрых людзей не хварэў.

Ка­лі я пі­ла гар­ба­ту ў кух­ні, за­бег­ла Да­рыя і спы­та­ла­ся:

— А вы мне ўсе пы­тан­ні ўжо за­да­лі?

— А якое пы­тан­не ты ха­це­ла б яшчэ па­чуць?

— Кім я ха­чу стаць? Я ха­чу стаць пісь­мен­ні­цай, а так­са­ма ма­ра­ком.

— Гэ­та ця­бе так Іо­сіф Брод­скі на­тхніў сва­ёй «Ба­ла­дай пра ма­лень­кі бук­сір» (ві­дэа­ро­лік, дзе Да­рыя чы­тае ба­ла­ду і пла­ча, на­браў больш як 80 ты­сяч пра­гля­даў. — Аўт.)?

— Не, у дзя­ду­лі два бра­ты на пад­вод­ных лод­ках пла­ва­лі. Ён мне па­каз­ваў іх фо­та­здым­кі, фу­раж­ку, ра­мень.

— Да­рыя, не­ка­то­рыя лю­дзі пе­ра­жы­ва­юць, што ты «бед­ная дзяў­чын­ка, якая яна не ба­чыць дзя­цін­ства, арэ­ляў». Ты ба­чы­ла арэ­лі?

— Так, і не раз ка­та­ла­ся на іх. Вы ве­да­е­це, у мя­не жыц­цё на ко­лах. І мне гэ­та так па­да­ба­ец­ца. Та­му што я да­вед­ва­ю­ся шмат пра но­выя бу­дын­кі, вы­дат­нас­ці. У Маск­ве мы ў пла­не­та­рый сха­дзі­лі, у Экс­пе­ры­мен­та­ні­ум (му­зей зай­маль­ных на­вук).

— Ці лёг­ка быць Да­ры­яй Ска­ма­ро­шчан­ка?

— Лёг­ка. Ка­лі ў мя­не ма­ма та­кая.

— Да­рыя, ця­бе на­зы­ва­юць «аў­ды­я­дзяў­чын­кай», «ка­ра­ле­вай дэк­ла­ма­цыі», «ма­лень­кім вун­дэр­кін­дам»... Як та­бе па­да­ба­ец­ца, каб ця­бе на­зы­ва­лі?

— Прос­та Да­рыя.

Восенню Дарыя пойдзе ў школу. Паказала мне сваю школьную форму: сінюю сукенку з беласнежнымі карункавымі манжэтамі і каўнерыкам.

— Вы яе ў нейкую адмысловую школу аддаяце?

Кацярына: — Ды не, яна пойдзе ў школу, у якой вучыліся мая мама і я.

— Не баіцеся, што з такой памяццю ёй будзе сумна на ўроках?

— Сумна — гэта не пра Дарыю. Заўсёды ж можна паглядзець у акно і пафантазіраваць. Калі мы ехалі з Масквы ў цягніку, адна пажылая жанчына, што сядзела насупраць, вельмі перажывала, што «дзіця сумуе». «На табе цацку, пагуляй». На што Дарыя адказала: «Дзякуй, не трэба. Я гуляю. Я прыдумваю».

— Сары Кру ніколі не было сумна. Я хачу на яе быць падобнай. Быць такой, як Сара, няпроста. Але, я лічу, што я на яе ўжо крыху падобная.

Кацярына: — Ёсць мамы, якія не аддаюць дзетак у школу і самі праходзяць з імі ўсю школьную праграму. Але мне падабаецца займацца і сваімі праектамі. Я магу быць шчаслівай, толькі калі ў мяне ёсць нейкая любімая справа. А дзеці ж не могуць быць цалкам шчаслівымі, калі мама не шчаслівая. Таму Дарыя пойдзе ў школу. А дамашняе выхаванне школа не зусім адмяняе. Яно на ўсё жыццё.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzieja@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».