19 Кастрычнік, чацвер

Вы тут

Два чароўныя парасоны


Напачатку года мы з сяброўкай хадзілі ў тэатр беларускай драматургіі на дзіцячы спектакль «Два чароўныя парасоны». Там сустрэлі знаёмага з маленства Оле-Лукойе ў шаўковым кафтане. Пад пахамі ў яго было па парасоне. Адзін, з малюнкамі, які ён раскрывае над добрымі дзеткамі, і тады ім усю ноч сняцца цудоўныя казкі. А другі, чорны, зусім просты, — над дрэннымі. Калі апошнія прачынаюцца ранкам, аказваецца, што яны нічога не бачылі ў сне.


У той жа дзень каля трамвайнага прыпынку назіралі «дажджлівую» сцэну. Дзяўчынка гадоў чатырох плакала наўзрыд. А яе мама, відаць, ад безвыходнасці размахнулася дзіцячым парасонам... Хацела ўдарыць капрызулю, але спынілася і скрозь зубы прамовіла: «Не раві, я сказала. А то зараз дзядзьку цябе аддам!»

«Я раней таксама пастаянна зрывалася на дзяцей, — прызналася Лена. — Павышала голас ледзь не з любой нагоды. Але аднойчы, калі сын у парыве злосці сказаў на мяне дрэннае слова, зразумела, што раблю нешта не так. Псіхатэрапеўт, да якога хаджу, параіла мне перш, чым закрычаць, палічыць да 10. А потым задаць сабе шчыра пытанне: «Чаму я раззлавалася?» І ведаеш, дапамагае, ужо праз колькі секунд крычаць зусім не хочацца».

Калі вярнулася дадому, у інтэрнэце натрапіла на страшнае паведамленне... 15-гадовы хлопец павесіўся дома ў ванным пакоі. Сваякі ўпэўнены, што адна з прычын трагедыі — цкаванне ў новай школе, куды ён перайшоў вучыцца. Па словах бабулі, аднакласнікі дражнілі хлопца за яго прозвішча, знешнасць, брэкеты... Бывала, рэчы выкідвалі ва ўнітаз. «Унук прасіў нас не ўмешвацца. Казаў, «не трэба ісці разбірацца. Мне толькі горш будзе».

Нядаўна знаёмая расказала пра незвычайны адкрыты ўрок, які прайшоў у класе яе дачкі-першакласніцы. Настаўніца паказала вучням два прыгожыя яблыкі. Пасля чаго са словамі «ён мне не падабаецца» кінула адзін з іх на падлогу. І дала дзецям заданне: абразіць «агідны» яблык і пры гэтым укалоць яго танюткай шпількай. Школьнікі ахвотна сталі прыдумваць абразы. «Ты смярдзіш!», «У табе дакладна водзяцца чарвякі!», «Я не разумею, чаму ты наогул існуеш!»... Затым яны павінны былі пахваліць іншы яблык. «Ты самы найлепшы у свеце!», «Твая лупіна выглядае ідэальна!». Настаўніца зноў паказала класу абодва яблыкі: на першы погляд, яны выглядалі так добра, як і раней: вялікія і чырвоныя. Але калі яна разрэзала іх напалам.... Яблык, якому вучні казалі добрыя словы, унутры быў бездакорна свежым і сакавітым. А той, да якога яны былі бязлітасныя, пашкоджаным, мяккім і цёмным. Настаўніца патлумачыла, што тое ж самае адбываецца з дзецьмі, якіх крыўдзяць. Знешне яны могуць падацца звычайнымі, але ўнутры перажываюць страшны боль... Падумалася: вось бы зрабіць такі наглядны занятак ва ўсіх школах. Каб дзеці своечасова зразумелі, што нашы словы нашмат важнейшыя, чым мы думаем.

Адна дзяўчынка, якая выжыла ў Аўшвіцы (Асвенціме), прызналася, што зразумела гэта занадта позна... Яна трапіла ў
лагер, калі ёй было 15 гадоў. Яе брату толькі споўнілася 8, бацькоў яны страцілі. «Мы ехалі ў цягніку ў Аўшвіц, — расказвала ўжо пажылая жанчына падчас інтэрв'ю, — я паглядзела ўніз і ўбачыла, што мой брат згубіў чаравікі. І сарвалася на яго: «Чаму ты такі боўдзіла, не можаш нават за сваімі рэчамі ўсачыць!?» Гэта было апошняе, што яна сказала яму ў жыцці. Брат не выжыў... І калі яна выбралася з лагера жывой, дала клятву: «Ніколі не скажу таго, што не магло б застацца маім апошнім словам».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арыгінальныя лекі ці джэнерыкі?

Арыгінальныя лекі ці джэнерыкі?

Які шлях абраць, каб не адстаць ад канкурэнтаў.

Грамадства

У старажытным Нясвіжы распачалася новая праваслаўная трыдыцыя

У старажытным Нясвіжы распачалася новая праваслаўная трыдыцыя

У мінулую нядзелю прайшоў хросны ход у гонар Абраза Багародзіцы Адзігітрыі. 

Грамадства

Гісторыі беларусаў, якія працуюць пасля 90 гадоў

Гісторыі беларусаў, якія працуюць пасля 90 гадоў

«Інтэрв'ю? Ну, толькі калі хутка, а то ў мяне вельмі шмат работы», — сказаў адзін з нашых герояў, калі тэлефанавалі дамовіцца на сустрэчу.