Вы тут

Як святкуюць Юр'я ў розных рэгіёнах Беларусі


Юр'я, устань рана, умыйся бела...

Традыцыйна 6 мая нашы продкі ўшаноўвалі святога Юр'я. Выходзілі ў поле, дзе ўжо рунела жыта, умываліся расою, прыносілі дарункі святому заступніку нівы і свойскіх жывёл, выганялі ў поле кароў, коней, коз, танцавалі, вадзілі карагоды, спявалі і частаваліся рытуальнай стравай — яечняй. Гэтае свята мае глыбокія міфалагічныя карані, яно азначала сапраўдны пачатак вясны. Юраўская сімволіка і сёння не да канца вывучаная даследчыкамі фальклору, не ўсе сакрэты разгаданыя, а таму нам яшчэ цікавей назіраць за правядзеннем абраду, у кожным з рэгіёнаў краіны — адметнага.


Ба­ба Ка­ця ра­шчы­няе цес­та для ка­ра­го­да.

На працягу мая аматары праграмы «Наперад у мінулае», што выходзіць у эфіры тэлеканала «Беларусь 3», будуць віртуальнымі ўдзельнікамі свята Юр'я, пабачаць, як яго адзначалі і адзначаюць на Гродзеншчыне, Магілёўшчыне і Гомельшчыне. Так, у вёсцы Беліца, што на Лідчыне, усе ўжо мелі магчымасць пабываць у мінулую нядзелю, 14 мая завітаем у Пагост на Жыткавіччыну, дзе абрад «Юраўскі карагод» захаваўся ў жывым бытаванні, а 21-га выправімся на Асіповіччыну, у Вяззе. Як заўсёды, разам са здымачнай камандай праекта «Наперад у мінулае» вандравала і наш карэспандэнт. Таму чытачам «Звязды» мы ўжо расказваем, як усё было.

На поле — моўчкі, з поля — спяваючы

Рыхтавацца да свята ў Пагосце на Жыткавіччыне пачынаюць яшчэ 5 мая. Гаспадыня Кацярына Панчэня, або, як кажуць вяскоўцы, баба Каця, вось ужо на працягу 40 гадоў рашчыняе цеста для святочнага карагода — так тут называюць каравай, які выпякаюць на Юр'я. Гаспадыня растлумачыла адметнасці прыгатавання рытуальнай стравы.

— Калі пякуць вясельны каравай, то лічыцца, што падчас замешвання цеста ўсё трэба рабіць па адным разе: адзін раз дадаваць яйкі, муку, алей, уліваць малако. Каб гэты каравай быў адзіным вясельным у лёсе маладых. Калі ж рыхтуем цеста для карагода, то наадварот — каб быў багаты ўраджай, і муку, і яйкі, і малако ў цеста дадаём як мага больш разоў. Сыплючы муку, у думках кажам пажаданні, каб радзіла жыта, быў добры ўраджай. Карагод можа выпякаць любая жанчына, якая не лянуецца, няважна, ці яна ўдава, ці разведзеная.

Дарэчы, упрыгожваюць карагод толькі каласкамі, вылепленымі з цеста. Гэта знак наступнага ўраджаю. А калі пірог ставяць у печ, нікому нельга ні заходзіць у хату, ні выходзіць з яе: кажуць, што гэта прыкмета беднага года. І баба Каця лічыць, што старажытнаму забабону можна верыць: «Старыя людзі не былі дурныя».

Ужо ранняй раніцай 6 мая, калі на полі яшчэ ляжыць раса, жанчыны збіраюцца ў хаце Кацярыны Панчэні. Тут усе разам упрыгожваюць святочны карагод, рыхтуюцца святкаваць Юр'я ўсёй вёскай. Дарэчы, справа выпякання і ўпрыгожвання каравая — выключна жаночая.

— Мужчыны таксама прымаюць удзел у абрадзе, але ў іх іншыя заняткі: несці ікону, граблі, звязду, карагод. Мужыкі ў цеста ніколі не лезлі, — кажа баба Каця.

Сам абрад пачынаецца яшчэ ў хаце, першыя словы кажа гаспадыня:

— Давайце пачнём абрад, каб ён нам прынёс добры ўраджай. Гэтае свята ідзе ад дзядоў па нашай спадчыне, штогод тут робяць карагод, каб жыта ўрадзіла.

А падчас упрыгожвання каравая спяваюць такую песню:

Карагод-карагод, мы цябе

наражаем,

Ой, венцы-венцы, зялёны

бярвенцы.

Цябе наражаем, Бога праслаўляем,

Ой, венцы-венцы, зялёны

бярвенцы.

Бога праслаўляем, Юр'я

прывячаем.

Ой, венцы-венцы, зялёны

бярвенцы.

Пе­рад аб­ра­дам усе спя­вач­кі з Па­гос­та збі­ра­юц­ца ў два­ры до­ма ба­бы Ка­ці.

Перад тым як выйсці з хаты, карагод тры разы ўздымаюць угору, просяць у Бога дапамогі, бо «без Бога — ні да парога». Пасля грамадой удзельнікі абраду ідуць у поле. Дарэчы, ідучы на святкаванне, усе маўчаць. Першымі ў шэсці рухаюцца дзяўчаты, якія нясуць «браму», складзеную з ручніка, за імі — хлопцы з зоркай і іконай, мужчына з упрыгожаным карагодам, музыкант. Таксама ў шэсці нясуць граблі. Калі толькі ідуць на поле, на граблі чапляюць фартух зялёнага колеру, што сімвалізуе цнатлівасць, падрыхтоўку да наступнага ўраджаю. Ужо ў полі, пасля таго як будуць сказаныя рытуальныя словы, паводзяць карагоды, зялёны фартух на граблях заменяць на чырвоны, ён стане сімвалам урадлівасці глебы і новага добрага ўраджаю.

На полі спяваюць такую песню:

...Ведом, ведом корогод —

сам Бог наперод!

А ў корогода сын воевода.

А ў коромыслі добрые мыслі.

Дзе корогод ходзіць —

там жыто родзіць,

А дзе не бывае —

там жыто не мае.

Зарадзі, Божэ, жыто да на новае

лето,

Да на жыто на пшэніцу,

Да на ўсяку пашніцу...

А рытуальныя словы гучаць наступным чынам: «Юр'я, устань рана, умыйся бела. Прычашыся, прыбярыся, бяры ключы, ідзі ў стайню, сядлай каня, едзь у поле, адмыкай зямліцу, пускай расіцу. У гаду два Юр'і, абодва дурні. Адзін — халодны, другі — галодны».

Сыходзяць з поля, як і заходзілі, праз браму-ручнік. Усе ўдзельнікі абраду рухаюцца па вёсцы ўжо з песнямі. Тут гучаць не толькі абрадавыя, але і пазаабрадавыя, жартоўныя спевы. Спыняецца вясёлая грамада каля кожнай хаты, дзе водзяць карагоды, віншуюць з Юр'ем аднавяскоўцаў, жадаюць добрага ўраджаю і здароўя на ўвесь год. А тыя, каго павіншавалі, адорваюць удзельнікаў абраду пачастункамі. Гэта зазвычай яйкі, хлеб ці пірог, цукеркі, гарэлка або проста грошы. Святкаванне заканчваецца агульным вялікім застоллем з пачастункамі. Тут да вечара спяваюць песні, танцуюць танцы, частуюцца смачнымі караваямі.

Дарэчы, як расказаў нам мясцовы жыхар Іван Зохна, Юраўскі карагод святкавалі ў Пагосце нават падчас Вялікай Айчыннай вайны: «Ну, а як яго не праводзіць, гэта ж свята». І сёння ў абрадзе ўдзельнічаюць не толькі старэйшыя жыхары вёскі, але і моладзь, школьнікі.

Гэты варыянт святкавання Юр'я ўжо больш як дзесяцігоддзе ўваходзіць у спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі. Плануецца, што хутка будзе створана намінайцынае дасье для прызнання яго значнасці і на міжнародным узроўні.

На аб­рад у по­лі ўсе ўдзель­ні­кі пра­хо­дзяць праз «брам­ку», зроб­ле­ную з руч­ні­ка.

Пакачаемся па расе — каб былі здаровыя ўсе!

А вось у Вяззі, што на Асіповіччыне, па ініцыятыве мясцовых аматараў беларускай каранёвай культуры абрад Юр'я быў адноўлены. Тут ужо колькі гадоў існуе народны ансамбль «Вязанка». Пад кіраўніцтвам Мікалая і Ірыны Забаўскіх прадстаўнікі розных прафесій пераймаюць ад старажылаў песні, вучацца мясцовай манеры іх выканання, самі шыюць і вышываюць строі, адпаведныя адметнасцям традыцыйнага адзення рэгіёна. Усе працуюць па ўласнай ахвоце, таму і святы, што ладзіць «Вязанка», атрымліваюцца неймаверна душэўнымі і цёплымі.

Дарэчы, гэтыя мясціны надзвычайнай прыгажосці звязаныя з лёсам аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры, паэта і перакладчыка Максіма Багдановіча. Тут ён улетку неяк гасцяваў у цёткі разам з маці Марыяй Мякотай, і мясцовыя кажуць, што менавіта ў Вяззі маленькі Максім пачуў беларускае слова, асабліва ж падабалася яму... лаянка.

Так, Юр'я ў выкананні народнага ансамбля «Вязанка» прайшло ў суправаджэнні капэлы традыцыйных інструментаў — гармоніка, бубна, барабана, цымбалаў і нават... дуды. Дарэчы, гэты інструмент, які іграе ў не зусім звыклым строі, зрабіў для Мікалая Забаўскага вядомы майстар, даследчык дудачнай традыцыі нашай краіны Тодар Кашкурэвіч. Менавіта з вяснянкі, якую іграе дудар, пачынаецца свята ў полі. Удзельнікі абраду заходзяць на поле праз своеасаблівую брамку, зробленую з ручніка. Жанчыны і дзяўчаты нясуць хлеб на ручніку, ікону, галінку вярбы. Маюць яны з сабой і велікодныя яйкі — падарункі святому Юр'ю са святочнага стала.

Павітаўшыся з нівай, удзельніцы абраду спяваюць песні, кажуць замовы, акрапляюць жыта, прыносяць дары Юр'ю — акрайчык хлеба, велікодныя яйкі: «Як гэта яечка цэленькае і кругленькае, няхай мая скацінка будзе сытая і поўная».

Вельмі важнае месца падчас абраду адводзіцца просьбам добрага здароўя для скаціны, каб каровы і козы давалі больш малака. Яны гучаць у песнях, рытуальных словах. Напрыклад, у такой замове: «Ідзі, мая кровачка, на Юр'еву пасцель, на Міколаву траву па вялікія ўдоі, па белыя сыры, па жоўтыя маслы. Я з духам, Святая Прачыстая, са сваімі рукамі па сырой траве расу збіраю, табе, мая каровачка, малака прыбаўляю».

Лічылася, што ў дзень свята Юр'я раса на ніве валодае гаючай сілай. Ёй мылі твар, мазалі вочы — каб мець добры зрок. А падчас абраду яго ўдзельнікі качаліся па полі, каб набрацца сіл ад зямлі і быць здаровымі на працягу ўсяго года. Важна было падчас свята і павесяліцца, патанцаваць, каб скінуць з цела стому пасля зімы. У Вяззі ў гэты час любяць спяваць вось такую песню:

Карагод вялікі — вуліца малая,

Вох-люлі, вох-люлі вуліца малая.

Недзе таму карагоду раскалыхацца,

Вох-люлі, вох-люлі раскалыхацца.

А хто за старымі, а хто за малымі,

Вох-люлі, вох-люлі, а хто за малымі...

Расказам пра Юр'я праграма «Наперад у мінулае» завяршае шэраг матэрыялаў пра вясновыя абрады беларусаў. Ужо літаральна на наступным тыдні мы зноў выправімся ў дарогу, будзем «вадзіць куста», «праводзіць русалку» — натуральна, рыхтавацца да Купалля.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Карагод вялікі — вуліца малая»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».