Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Што: «Сярэбранае вяселле»

Калі і дзе: СТБ, 16 мая ў 13.50

...У рэспектабельны дом адпачынку адначасова прыбываюць тры жанчыны: Соня — самая старэйшая з іх, Вера — найбольш дзелавая, а Люба — маладая і сексапільная. Усе яны чакаюць сваіх мужчын і неяк спакваля пачынаюць абмяркоўваць — іх жа. Аказваецца, Люба адбіла свайго Жору ў «старой курыцы», Верын Гоша сышоў ад яе дзеля «звычайнай сцервы», а Соня ўсё ніяк не можа дараваць нягодніцы, якая звяла яе Юрыка.

У пік меладраматычных жарсцяў на сцэну выходзіць першы — і, як паказваюць далейшыя падзеі, адзіны — мужчына. Гоша, ён жа Жора, ён жа Юра, які, паводле яго ўласных падлікаў, пражыў з усімі гераінямі ў сукупнасці 25 гадоў — а значыць, настаў час для святкавання сярэбранага вяселля з усімі зацікаўленымі асобамі.


Што: «Упершыню замужам»

Калі і дзе: Беларусь 3, 16 мая ў 9.35 і 13.25

...У 20 гадоў правінцыялка Тося нарадзіла дачку — адна, без мужа, і надалей усю сябе прысвяціла выхаванню любімага дзіцяці. Не дзіва, што яшчэ праз 20 гадоў дачка Тамара, якая не бачыла напружання маці і нават не ведала, дзе і кім тая працуе, пачала саромецца яе, жадаць большага і фактычна выжываць роднага чалавека з дома, каб самой пабрацца шлюбам з каханым Валерам — маладым ды раннім, які таксама імкнуўся атрымаць ад жыцця ўсё і адразу. Аднак лёс рушыў па спіралі і даў маці другі шанц пачаць жыццё наноў і збудаваць асабістае шчасце. Антаніне — 40, яна ўпершыню замужам, і эгаістычнай дачцэ цяжка з гэтым змірыцца.

З пункту гледжання сучаснай моладзі ў гэтай гісторыі ўсё проста: старэйшая з жанчын сама вінаватая ў сваіх нягодах і чэрствасці дачкі. Аднак, паводле ацэнак кінакрытыкаў, работа рэжысёра Іосіфа Хейфіца пра адвечны канфлікт пакаленняў мае значна больш сэнсаў і слаёў, чым відаць з першага погляду...


Што: «Вяселле ў Малінаўцы»

Калі і дзе: АНТ, 19 мая ў 16.20

У маленькай украінскай вёсцы падчас грамадзянскай вайны на пачатку ХХ стагоддзя ўвесь час мяняецца ўлада: белыя, чырвоныя, зноў белыя. Каб спыніць адну з бандыцкіх хеўраў, чырвоны камандзір угаворвае вясковую дзяўчыну Ярынку разыграць яе вяселле з атаманам Грыцько, не ведаючы, што Ярынка — ягоная ўласная дачка...

Дзіўна, але, нягледзячы на 50-гадовы ўзрост, ідэалагічную прывязку да 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі і адметны сваёй ненатуральнасцю жанр аперэты, гэты фільм заняў 5-е месца па папулярнасці сярод усіх савецкіх кінастужак — і гэта пры тым, што са сцэнарыя былі выкінуты некаторыя даволі важныя моманты стасункаў паміж героямі. Карціна, між іншым, насамрэч здымалася ў сяле Малінаўка ў Харкаўскай вобласці, і ў масоўцы былі занятыя ўсе мясцовыя жыхары. А 4 гады таму ў пасёлку быў усталяваны помнік аднаму з выдатных герояў фільма — ад'ютанту Папандопулу.

Загаловак у газеце: Майскія амуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?