Вы тут

Хто павінен адказаць за выкарыстанне аўтарскага твора?


...Падчас выязнога прыёму грамадзян у Вілейскім раёне да старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры звярнуўся кіраўнік унітарнага прадпрыемства «Артыко», якое займаецца рэтрансляцыяй тэлевізійных каналаў у сетцы кабельнага тэлебачання. Два беларускія аўтары судзяцца з прадпрыемствам, паколькі лічаць, што арганізацыя не мае права выкарыстоўваць іх прадукт, і патрабуюць кампенсацыю за парушэнне выключнага аўтарскага права на яго ў памеры 13 тыс. рублёў.


Абавязак ператвараецца ў парушэнне

— На сваю дзейнасць мы маем дазвол Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, — растлумачыў дырэктар Артур Шымакоўскі. — На рынку паслуг працуем больш як 20 гадоў, цалкам на самафінансаванні. Транслюем таксама сацыяльны пакет, куды ўваходзяць дзевяць праграм, у тым ліку і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Паводле Закона аб сродках масавай інфармацыі, мы ў абавязковым парадку павінны гэта рабіць. Прадпрыемства наладзіла дзелавыя кантакты з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці, асноўнай функцыяй якога з'яўляецца рэгуляванне адносін паміж аўтарамі, аператарамі сувязі і выканаўцамі. Прадпрыемства штомесяц пералічвае гэтай структуры 3% ад валавой выручкі, якая складае каля 16 тыс. рублёў. Разам з тым мы трапляем пад Закон аб аўтарскіх і сумежных правах.

Як правіла, суды задавальняюць прэтэнзіі аўтараў. Палова аператараў кабельных сетак Мінскай вобласці пацярпела ад аналагічных іскаў. Наогул, такая сітуацыя склалася ў цэлым па ўсёй краіне, адзначылі спецыялісты. Заяўнік папярэдне агучваў праблему старшыні Вілейскага райвыканкама Віктару Кату. Кіраўнік раёна добра разумее крыўду арганізацыі, але вырашэнне пытання не ў кампетэнцыі органаў мясцовай улады.

— Гэта вельмі сур'ёзны прабел у заканадаўстве, — лічыць Віктар Кот. — Мінаблвыканкаму варта звярнуцца з прапановай аб унясенні ў яго змяненняў.

Старшыня аблвыканкама даў даручэнне сфармуляваць грунтоўны дакумент для разгляду прэм'ер-міністру і ўпаўнаважанаму па абароне правоў спажыўцоў Мінскай вобласці.

Выйграў не толькі прыватнік

Год назад абласныя ўлады дапамаглі вырашыць праблему вілейскага бізнесмена Дзмітрыя Цяліцына, які заключыў інвестыцыйны дагавор на ўзвядзенне турыстычнага комплексу каля Вілейскага вадасховішча. У працэсе будаўніцтва ўзнікла неабходнасць карэкціроўкі памераў адведзенага зямельнага ўчастка. Гэта пацягнула за сабой працэдуру пераафармлення, будаўніцтва прыпынілася. У выніку ўмовы дагавора былі парушаны, выкананне фінансавых абавязацельстваў па крэдыце стала немагчымым. Губернатар распарадзіўся прадоўжыць тэрмін інвестыцыйнага дагавора, каб давесці аб'ект да ладу.

— Праз некалькі месяцаў мы атрымалі дакументы на зямлю і літаральна на наступны дзень комплекс быў уведзены ў эксплуатацыю, — расказаў Дзмітрый Цяліцын працяг гісторыі. — Мінулы сезон мы панеслі страты, бо не вялі рэкламную кампанію, паколькі не ведалі, калі пачнём працаваць. З сёлетняга красавіка справы значна палепшыліся.

У пансіянаце «Кветкі яблыні» ўжо адпачывалі жыхары Расіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Польшчы, Беларусі. Даволі шмат месцаў забраніравалі грамадзяне Ізраіля, мяркуецца, што ў Вілейку прыедуць ірландцы, немцы. Адначасова турыстычны комплекс можа прыняць 52 чалавекі, у кожным доміку прадугледжаны гасцінічныя нумары: адна- і двухпакаёвыя, люкс.

Турыстычны комплекс размясціўся ў старым яблыневым садзе на ўскрайку сасновага бору, у месцы зліцця рэк Віліі і Сэрвачы. Гэта якраз пачатак Вілейскага вадасховішча. Замежнікаў прыцягваюць сюды маляўнічыя мясціны, чыстае паветра, цішыня.

— Мы супрацоўнічаем з музеем Першай сусветнай вайны ў Заброддзі, з вінзаводам у вёсцы Ілава Мядзельскага раёна, які выпускае цудоўны кальвадос з яблыкаў. Па смакавых якасцях напой, як я лічу, перасягае французскі. А каштуе як мінімум у пяць разоў менш. Адну групу звазілі туды на экскурсію з дэгустацыяй прадукцыі. Потым у аўтобус з цяжкасцю змясціліся напоі, якія турысты купілі на прадпрыемстве, — расказаў бізнесмен.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».