Вы тут

Прэзідэнт сустрэўся з губернатарам Растоўскай вобласці


Далейшае павелічэнне тавараабароту, развіццё супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, пашырэнне прамыслова-кааперацыйных сувязяў... Гэта толькі некаторыя тэмы, якія абмеркаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы ў Палацы Незалежнасці з губернатарам Растоўскай вобласці Васілём Голубевым.


Той факт, што Беларусь з Расіяй у цэлым, Растоўскай вобласцю ў прыватнасці, звязвае нашмат большае, чым просты тавараабмен, класічныя эканамічныя кантакты, нават не трэба асабліва абгрунтоўваць. Першае, на што звярнуў увагу беларускі лідар, вітаючы расійскага губернатара — гэта тое, што візіт дэлегацыі з Растова-на-Доне праходзіць, можна сказаць, падчас майскіх свят. І Беларусь, і Расія шануюць Вялікую Перамогу і памятаюць пра цану, якую заплаціў савецкі народ за яе.

Ісці ад зямлі

Калі ж гутарка зайшла пра эканамічныя паказчыкі супрацоўніцтва, то высветлілася: яны ўсяляюць аптымізм. Летась у Беларусі і Растоўскай вобласці атрымалася пераламіць тэндэнцыю па зніжэнні тавараабароту. Аб'ём узаемнага гандлю павялічыўся больш чым на 19% у параўнанні з 2015-м і склаў каля 340 мільёнаў долараў. Станоўчая дынаміка назіраецца і ў пачатку бягучага года.

— Няшмат такіх рэгіёнаў у Расіі, з якімі мы маем станоўчую дынаміку, — адзначыў Прэзідэнт. — 340 мільёнаў долараў, пад чатырыста — калі ўжо дакладна палічыць, — гэта добрая тэндэнцыя. Калі мы будзем дзейнічаць настойліва, сістэмна, то паўмільярднага рубяжа, якога нам вельмі трэба дасягнуць, я думаю, мы дасягнем.

Растоўская вобласць уваходзіць у лік найбуйнейшых сельскагаспадарчых рэгіёнаў Расіі, таму адным з перспектыўных кірункаў нашага ўзаемадзеяння, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, павінна стаць супрацоўніцтва ў аграрнай сферы:

— Беларусь мае пэўны практычны вопыт, вы гэта ведаеце: і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве, і ў апрацоўцы збожжа, гароднінных культур. Мы таксама вывучылі сусветны вопыт будаўніцтва і мадэрнізацыі цяперашніх фермаў пад малочна-таварныя комплексы. Мы гэтым зараз займаемся вельмі інтэнсіўна... Сховішчы для агародніны — мы захоўваем бульбу не ў буртах, як гэта некалі было. Усё, што павінна ляжаць у сховішчах, знаходзіцца там. Гэта дае нашай сельскай гаспадарцы пэўны плюс — бо мы маем магчымасць падчас дэфіцыту бульбы, гародніны даставаць са сховішчаў тавар і прадаваць яго на рынку.

Наша краіна валодае і цікавымі навуковымі напрацоўкамі ў сельскай гаспадарцы.

— Той вопыт, які назапашаны ў нас у сферы сельскай гаспадаркі, грунтуецца на сур'ёзнай навуковай аснове, — адзначыў Прэзідэнт. — Галоўнае, што мы не знішчылі тыя інстытуты, якія былі створаны ў савецкія часы ў акадэміях навук: інстытуты земляробства, раслінаводства, гароднінаводства, бульбаводства, жывёлагадоўлі... Больш за тое, яны сталі навукова-практычнымі: кожнаму з іх мы перадалі ва ўласнасць тысячы гектараў зямель.

Тыя гаспадаркі, якія былі перададзены навукова-практычным інстытутам, сталі перадавымі. Такім чынам, вучоныя даказалі: тое, што яны робяць, запатрабавана на зямлі.

Мы за партнёрскія адносіны

Традыцыйна Беларусь супрацоўнічае літаральна з усімі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Гэта без перабольшвання галоўны рынак збыту для айчынных тавараў самага рознага кшталту. Тым не менш, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што з гэтым бываюць часам праблемы:

— У асноўным яны ствараліся штучна — гэта я ўжо зараз заўважыў, ды і вы, відаць, таксама... Да нас прэтэнзій не трэба прад'яўляць, і вы павінны разумець, чаму я ў тым ліку так востра на гэта рэагую. Калі нам было вельмі цяжка, мы тады адкладалі грошы і мадэрнізавалі гэтыя прадпрыемствы... І калі нас сёння папракаюць, што ў нас прадукты харчавання не тыя — гэта ўжо занадта. Каб вы ведалі, мы адзіная постсавецкая рэспубліка, якая захавала ДАСТы. І ў нас ДАСТы больш жорсткія, чым у Еўрасаюзе. Чаму? Таму што як чарнобыльская рэспубліка мы былі вымушаны рабіць больш жорсткімі ДАСТы да прадуктаў харчавання. Сёння ў нас з прадпрыемства: фермы, комплексу, — не выйдзе дрэнная прадукцыя. Бо там яе адразу правераць і адбракуюць.

Па словах Прэзідэнта, раз у нас з Расіяй агульны рынак, то не трэба будаваць адзін для аднаго перашкоды. І калі мы перайшлі да механізму канкурэнцыі, то канкурыраваць трэба сумленна. У любым выпадку Беларусь за тое, каб паводзіць сябе па-партнёрску, дамаўляцца — галоўнае, на шчырай, сумленнай і прынцыповай аснове.

Беларускія дарогі ў Растове

— З улікам прамысловага і інавацыйнага патэнцыялу Беларусі і Растоўскай вобласці нам трэба прапрацаваць варыянты актывізацыі вытворча-кааперацыйных сувязяў, якія маюцца, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы.

Так, тыя нашы арганізацыі, што маюць добры вопыт у сферы дарожнага будаўніцтва, а таксама праектавання і ўзвядзення жылля, інфраструктурных і сацыяльных аб'ектаў, зацікаўлены ва ўдзеле ў аналагічных праектах у Растоўскай вобласці.

— Мы можам таксама аказваць вам паслугі па дарожна-будаўнічай тэхніцы і праектаванні, будаўніцтве дарог, калі вам гэта будзе патрэбным, — звярнуў увагу кіраўнік краіны. — Мы гэта ўжо адпрацавалі, і вы можаце паглядзець сёння другую кальцавую дарогу, якую мы зрабілі вакол Мінска. Яна разлічана на перспектыву, зараз перахоплівае ўвесь транзіт, асабліва які ідзе з Берліна на Маскву. Вызвалілі першую кальцавую дарогу для ўнутраных патрэб, аўтамабільнага легкавога транспарту.

Асобнай тэмай для абмеркавання стала падрыхтоўка Растова да правядзення чэмпіяната свету па футболе ў 2018 годзе. Беларусі і тут ёсць, чым падзяліцца.

Васіль Голубеў пагадзіўся, што патэнцыял супрацоўніцтва ў Беларусі і Растоўскай вобласці велізарны. Па яго словах, пра гэта зараз кажа і бізнес.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Практычны вопыт, якім можам дзяліцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?