19 Верасень, серада

Вы тут

Чым скончацца прэзідэнцкія выбары ў Іране?


Прэзідэнцкія выбары ў Іране адбудуцца менш чым праз тыдзень — 19 мая. Правам голасу валодаюць 55 мільёнаў грамадзян ісламскай рэспублікі. З 1636 кандыдатаў Наглядальным саветам Ірана да выбарчай кампаніі было дапушчана толькі шэсць. А з іх, у сваю чаргу, як заўважаюць эксперты, найбольш рэальныя шанцы на перамогу ёсць у двух — цяперашняга прэзідэнта Хасана Раўхані і экс-генпракурора краіны Эбрахіма Раісі. Чым жа завершыцца іранская інтрыга?


Актыўны арбітр

У сістэме іранскай улады прэзідэнт — другая па значнасці службовая асоба. Ён з'яўляецца гарантам канстытуцыі і кіраўніком выканаўчай улады. Усе рашэнні па ключавых пытаннях прэзідэнт узгадняе з духоўным лідарам (рахбарам), якому належыць вярхоўная ўлада ў Ісламскай Рэспубліцы. Цяпер гэта аятала Алі Хаменеі, пераемнік заснавальніка Ісламскай Рэспублікі аяталы Хамейні. Вышэйшы кіраўнік, акрамя ўсяго іншага, — вярхоўны галоўнакамандуючы, якому напрамую падпарадкоўваецца Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР). Пазіцыя вышэйшага кіраўніка хоць і палітычная, «але ў вялікай ступені гэта хутчэй вярхоўны арбітр, які выконвае правілы гульні ў некаторых вышэйшых інтарэсах, чым непасрэдна крытычны гулец», заўважыў кіраўнік расійскага Інстытута прыкладнога ўсходазнаўства і афрыканістыкі Саід Гафураў.

У Іране няма пасады прэм'ер-міністра, таму прэзідэнт фарміруе і каардынуе дзейнасць урада. Кандыдатуры на міністэрскія крэслы і пасады віцэ-прэзідэнтаў зацвярджае парламент. Асаблівае месца займаюць міністры разведкі і абароны, прызначэнне якіх таксама патрабуе адабрэння з боку рахбара.

Прэзідэнта абіраюць на чатыры гады прамым усенародным галасаваннем. Ён не можа займаць пасаду больш за два тэрміны запар.

Працэдура выбараў прэзідэнта адрозніваецца ад прынятай у большасці краін свету. Штаб па правядзенні выбараў пры МУС Ірана рэгіструе ахвотных удзельнічаць у выбарах. Гэта адбылося і зараз, калі штаб на працягу пяці дзён рэгістраваў патэнцыйных кандыдатаў, і ў выніку ў спіс патрапілі 1636 чалавек — 1499 мужчын і 137 жанчын. Далей Наглядальны савет, у які ўваходзяць ісламскія прававеднікі і прадстаўнікі вышэйшага шыіцкага духавенства, разглядае кожную з гэтых кандыдатур і выбірае найбольш годных.

Алі Хаменеі «вельмі ўскосна аказвае ўплыў», у тым ліку і на выбары, тлумачыць Саід Гафураў. «Мэта яго — знаходжанне кампрамісу паміж палітычнымі сіламі, а не перамога кагосьці», — лічыць эксперт. «Гарантыі ў Іране на выбарах перамогі канкрэтнага чалавека не бывае, інтрыга заўсёды ідзе да самага канца», — заўважыў прэзідэнт расійскага Інстытута Блізкага Усходу Яўген Сатаноўскі.

Але да цяперашніх выбараў аятала праяўляе вельмі актыўную цікавасць. І, здаецца, гэтым разам арбітр дэманструе сімпатыі і антыпатыі. У сакавіку заходнія СМІ адзначалі, што Хаменеі з набліжэннем выбараў усё больш крытыкуе ўмеранага прэзідэнта Раўхані. У папрок яму ставілася тое, што пасля ядзернай здзелкі 2015 года эканоміка Ірана так і не адчула чаканага росту. Аятала Хаменеі хоць і ўхваліў здзелку з «шасцёркай», якую ўзначальваў Барак Абама, але выказваў асцярогі ў дачыненні да любога кроку да збліжэння з ЗША, называючы амерыканцаў «двудушнымі і зласлівымі».

Тое, што «адкрыццё Ірана свету» не прывяло да сур'ёзнага росту інвестыцый, было выкарыстана для крытыкі кансерватарамі — апанентамі цяперашняга прэзідэнта Ірана.

Пазіцыі «сааўтара» ядзернай здзелкі Раўхані былі падарваныя і пасля абрання Дональда Трампа. Новы прэзідэнт ЗША мае намер разарваць пагадненне і дэманстратыўна робіць больш жорсткай палітыку Вашынгтона ў дачыненні да Тэгерана. Гэта пацвярджае выснову Хаменеі пра «двудушных і зласлівых амерыканцаў». «Раўхані зрабіў стаўку на Захад, яна часткова згуляла, часткова не», — адзначыў Саід Гафураў. Аятала не зрабіў стаўку і на ультракансерватара Ахмадзінежада. Як адзначалі эксперты, жорсткае супрацьстаянне з Захадам, якое вёў той, будучы прэзідэнтам, не адпавядае ўласна пазіцыі «рэжыму іранскіх аятол». Як растлумачыў Яўген Сатаноўскі, прыход у 2013 годзе ўмеранага Раўхані на змену радыкалу Ахмадзінежаду на справе прадэманстраваў менавіта гэта: «Стары рэлігійны істэблішмент сціснуў брутальнае свецкае крыло КВІР, якое лічыла за лепшае дзейнічаць не рапірай, а дубінай і шмат што сапсавала».

А перад цяперашнімі выбарамі з Ахмадзінежадам «наогул не вельмі карэктна абыходзяцца, бо лічаць, што ён занадта непрымальны для некаторых заходніх партнёраў, і калі ён прыйдзе, то пачнецца вайна», — заўважае Саід Гафураў. Экс-прэзідэнт наогул не быў дапушчаны да выбараў. Раней паведамлялася, што вярхоўны лідар Ірана не рэкамендаваў Ахмадзінежаду ісці на выбары.

Інтрыгі і фаварыты

Перад майскімі выбарамі новага прэзідэнта Ірана вызначыўся фаварыт. Гэта, на думку Захаду, не цяперашні прэзідэнт Хасан Раўхані і не выкраслены аяталай з ліку кандыдатаў экс-прэзідэнт Махмуд Ахмадзінежад. Кансерватар Эбрахім Раісі, якому прадказваюць перамогу, не давярае ні Захаду, ні Расіі — і такое, на думку экспертаў, агульнае меркаванне іранскай эліты. На яго зрабілі стаўку сілавікі, у тым ліку Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі. Выразнік агульнага меркавання Эбрахім Раісі (якога Захад называе фаварытам гонкі) — стаўленік кансерватыўнага духавенства, тлумачыць Яўген Сатаноўскі. Тое, што ў яго добрыя адносіны з «вартавымі рэвалюцыі», вялікі плюс для гэтага кандыдата. Што датычыцца знешнепалітычных поглядаў Раісі, то ён пазбаўлены сімпатый да Захаду і насцярожана ставіцца да Расіі. «Ён кажа: «Расіяне не выканаюць, што абяцаюць, а Захад дакладна падмане», — гаворыць Саід Гафураў. — Гэтая пазіцыя ў Іране агульная». Эбрахім Раісі выказвае агульнакансерватыўны пункт гледжання. А ўсе прэтэндэнты, уключаючы Раісі, — кансерватыўнага кірунку, адзначае Яўген Сатаноўскі. «Памяркоўныя, празмерныя — гэта ўжо іншае пытанне. Але на сённяшні момант толькі кансерватары маюць шанцы прайсці на вышэйшыя пасады ў Іране», — дадаў эксперт.

Перамога Раісі над сапернікамі-кансерватарамі зусім не прадвызначаная. На думку Саіда Гафурава, нейкія апытанні, дзе кандыдата назвалі фаварытам, магчыма, і праводзяць, але яны могуць быць «часткай палітычных тэхналогій». Акрамя таго, у справу ўмешваецца не зусім палітычны фактар.

«Меркаванне вышэйшага кіраўніка Хаменеі, вядома, важна. Але Хаменеі цяпер надзвычай хворы», — адзначае Сатаноўскі. Шпіталізацыя іранскага лідара ў сакавіку 2015 года ўжо была нагодай для спекуляцый. Ужо тады абмяркоўвалася пытанне аб магчымым пераемніку рахбара і пра тое, ці будзе ён кансерватарам або рэфармістам. Калі Хаменеі сыдзе, то Раісі будзе адным з галоўных прэтэндэнтаў на пасаду рахбара, а не прэзідэнта, заўважае Яўген Сатаноўскі. «Усё можа памяняцца. Там не лінейная інтрыга», — адзначае эксперт.

Рэфарматары І кансерватары

Такой магутнай атакі на цяперашнюю адміністрацыю не было за ўсе чатыры гады яе дзейнасці. Кабінет міністраў жорстка папракаюць у няздольнасці вырашыць найбольш вострыя сацыяльныя і эканамічныя праблемы краіны, у прыватнасці знізіць беспрацоўе, падняць узровень жыцця насельніцтва. Рэфарматары ўсімі сіламі абараняюць Раўхані. Яны прызнаюць, што беспрацоўе ў Іране дасягнула рэкордных паказчыкаў (12% працаздольнага насельніцтва не маюць работы, у тым ліку больш за 20% моладзі), але ўтаймаваць інфляцыю ўраду ўдалося. Упершыню з пачатку стагоддзя яна абмежавалася адназначнай лічбай па выніках мінулага года — 7,5% супраць ранейшых 25—30%.

З іншага боку, прыхільнікі Раўхані заўважаюць, што аднаго чатырохгадовага тэрміну для вываду краіны з крызісу, у якім яна аказалася за восем гадоў прэзідэнцтва ультракансерватара Махмуда Ахмадзінежада, мала.

Міжнародныя санкцыі, якія дзейнічалі да студзеня мінулага года ў дачыненні да Ірана, апусцілі эканоміку краіны да крытычна нізкай кропкі. Пасля адмены санкцыйнага рэжыму прайшоў толькі адзін год і чатыры месяцы, за гэты час немагчыма пераадолець усе наступствы эканамічнай ізаляцыі. Да таго ж ЗША, па словах прыхільнікаў дзейнага прэзідэнта, нядобрасумленна выконваюць свае абавязацельствы па ядзерным пагадненні, што тармозіць нармалізацыю эканамічных адносін Ісламскай Рэспублікі з астатнім светам.

У сваю чаргу кансерватары ставяць пад сумнеў само ядзернае пагадненне — сумесны ўсёабдымны план дзеянняў, рэалізацыя якога пачалася ў студзені мінулага года адменай шматлікіх (але не ўсіх) антыіранскіх санкцый. На іх думку, у гэтым дакуменце не было ніякай неабходнасці і няма чаго адкрываць шлях у Іран замежным кампаніям. Нацыянальную эканоміку можна і трэба падымаць без старонняй дапамогі, абапіраючыся на ўнутраныя рэсурсы, лічаць кандыдаты ад кансерватараў і іх прыхільнікі.

З шасці кандыдатаў аўтсайдарамі смела можна назваць двух былых міністраў — экс-міністра культуры і ісламскай арыентацыі Мастафа Ага Мірсаліма і экс-міністра прамысловасці Мастафа Хашэмі Таба. Такім чынам, кола прэтэндэнтаў, якія маюць рэальныя шанцы на перамогу, звужаецца да чатырох чалавек: Раўхані і Джахангіры — ад рэфарматараў, Раісі і Галібаф — ад кансерватараў. Лідарамі ў гэтых парах выступаюць Раўхані і Раісі.

Другія нумары, як меркавалася, могуць зняць свае кандыдатуры непасрэдна перад выбарамі, заклікаўшы прыхільнікаў аддаць галасы свайму больш уплывоваму напарніку. Аднак Джахангіры абверг наяўнасць такіх планаў. «Я сам хачу стаць прэзідэнтам», — заявіў першы віцэ-прэзідэнт журналістам з уласцівай яму шчырасцю. Падобна, мае намер ісці да канца і Галібаф. У ходзе першага раўнда тэледэбатаў ён рашуча апаніраваў Раўхані. «Магчыма, абодва нашы кандыдаты будуць да канца прысутнічаць на сцэне», — заявіў агенцтву ІRNА генеральны сакратар Ісламскага таварыства інжынераў Махамад Рэза Баханар. Аднак, заўважае шэраг экспертаў, Раўхані, нягледзячы на  крытыку, якая гучыць у яго адрас, па-ранейшаму выглядае фаварытам прэзідэнцкай гонкі.

Шмат хто ў Іране лічаць, што трэба даць яму яшчэ чатыры гады на рэалізацыю планаў і выкананне абяцанняў. Розныя арганізацыі праводзяць сацапытанні, але іх вынікі выглядаюць вельмі супярэчлівымі.

Наўрад ці хто-небудзь можа цяпер з поўнай упэўненасцю спрагназаваць канчатковыя вынікі. Шмат хто кажа пра верагоднасць другога тура, выказваюць сумненні ў тым, што ў першым туры адзін з шасці кандыдатаў набярэ патрэбныя для перамогі 50% плюс адзін голас. Як жа яно акажацца насамрэч, даведаемся ўжо зусім хутка.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Другі пасля рахбара

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.