Вы тут

Музей у Талачыне выйграў грант Прадстаўніцтва ААН у Беларусі


Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей выйграў грант Прадстаўніцтва ААН у Беларусі.

На атрыманыя грошы плануецца стварыць інтэрактыўную музейную прастору. Напрыклад, у зале прыроды пры выкарыстанні спецыяльных акуляраў можна будзе апынуцца ў лесе. І ўбачыць, як тэхнагенныя аварыі ўплываюць на наваколле. Акуляры віртуальнай рэальнасці ў этнаграфічнай зале дапамогуць пагрузіцца  ў нарыхтоўку зёлак, ільну... Наведвальнікам паралельна растлумачаць, што такое этнабатаніка і этнабіялогія. Для арганізацыі экскурсій тут будуць выкарыстоўваць інфакіёскі і вялікія маніторы. У сценах музея стане зручна праводзіць семінары і майстар-класы. Усё гэта дазволіць павялічыць колькасць наведвальнікаў. Пакуль што тут прадаюць каля 4 тысяч квіткоў у год.


Бу­ды­нак му­зея ў Та­ла­чы­не.

Адчуць Сярэднявечча

Музей у Талачыне адкрылі ў 2001-м, у год святкавання 1000-годдзя Друцка. Ён месціцца ў доме, пабудаваным у канцы пазамінулага стагоддзя. Дакладна невядома, што тут было да рэвалюцыі 1917-га. Па адной з версій, у будынку жыў уласнік завода, па іншай — знаходзіўся зямельны банк. Цяпер у асноўным фондзе музея больш за 10 тысяч прадметаў, акрамя таго, гэта ўстанова культуры валодае адной з самых багатых на Віцебшчыне калекцый археалагічных артэфактаў.

— Мы вельмі ўдзячныя Нацыянальнай акадэміі навук. Дзякуючы вядомаму даследчыку Вользе Мікалаеўне Ляўко, гонар музея — археалагічныя экспанаты. Іх прыблізна 11 тысяч. У тым ліку адна тысяча — у асноўным фондзе. Раскопкі курганоў у раёне праводзяцца з савецкага часу. Але самыя паспяховыя былі ў 1999—2000-х гадах, — расказвае дырэктар музея Ірына ПІКУЛІК.

Па знойдзеных падчас раскопак чэрапах мінскія спецыялісты зрабілі рэканструкцыю крывічаніна і крывічанкі. У экспазіцыі — багаты пахавальны інвентар, жаночыя ўпрыгажэнні (шкляныя бранзалеты, скроневыя кольцы), узбраенне ратнікаў Друцка...

Ды­рэк­тар Іры­на Пі­ку­лік па­каз­вае му­зей­ную экс­па­зі­цыю.

Дарэчы, сам Друцк упершыню згадваецца ў знакамітым Друцкім Евангеллі — рукапісным помніку ўсходнеславянскай пісьменнасці ХІV стагоддзя. Старажытная кніга знаходзіцца ў бібліятэцы Сібірскага аддзялення РАН (у Новасібірску). У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі ёсць фотакопія Евангелля.

У наш час Друцк — аграгарадок. А калісьці быў важным пунктам на гандлёвым шляху з «варагаў у грэкі». У 1001 годзе тут пабудавалі адну з першых праваслаўных цэркваў на тэрыторыі сучаснай Беларусі — Прасвятой Багародзіцы. Друцкае Евангелле спачатку знаходзілася менавіта ў гэтым храме.

Князі Друцкія займалі важнае становішча ў Полацкім княстве. А потым — у Вялікім Княстве Літоўскім. Родам з князёў Друцкіх была Соф'я Друцкая (Гальшанская), жонка вялікага князя літоўскага і караля Польскага Ягайлы (Уладзіслава).

— Друцк — адзінае месца ў краіне, дзе захаваліся ўсе рэльефы забудовы горада эпохі Сярэднявечча. Там можна ўбачыць дзядзінец (дзе жыў князь), вакольны горад, пасад, роў, які падчас паводкі запаўняўся вадой. Часткова — курганны могільнік, — распавядае Ірына Пікулік.

Захаваўся і вал. Яго даўжыня на тэрыторыі раёна — каля 40 кіламетраў. Пачынаецца ён ад вытокаў ракі Друць. Гэта — былая мяжа паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Унікальнасць Талачына ў тым, што ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (у 1772 годзе) мяжа прайшла па згаданай вышэй рацэ. Усходняя частка Талачына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, а заходняя да 1793 года (да другога падзелу Рэчы Паспалітай) была ў складзе гэтай федэратыўнай дзяржавы.

Так вы­гля­даў ста­ра­жыт­ны Друцк.

...І не толькі

У музеі можна ўбачыць розныя (у наш час — экзатычныя) прадметы быту.

Напрыклад, металічны жук. Для чаго? Упрыгожанне? Аказваецца, гэта — «халоп» (так называлі ў народзе), каб здымаць боты. Гэты і іншыя тавары прадавалі на тутэйшых кірмашах. Калісьці ў Талачыне іх арганізоўвалі кожны тыдзень. А самыя масавыя: Мікалаеўскі, Ільінскі і Успенскі — на праваслаўныя святы.

У музеі добрыя экспазіцыі, прысвечаныя Першай і Другой сусветным войнам. У прыватнасці, прадстаўленыя амуніцыя, прадметы экіпіроўкі, узнагароды. Ёсць стэнд, які расказвае пра вядомага савецкага танкіста. У баі 20 жніўня 1941 года ў якасці камандзіра гарматы танка Андрэй Усаў падбіў 22 нямецкіх танка. А ўсяго за гады вайны, па некаторых звестках, знішчыў больш за 40. Ён нарадзіўся ў 1917-м на тэрыторыі цяперашняга Сенненскага раёна. Памёр у 1986-м. Пахаваны ў Талачыне.

З раёнам звязанае жыццё многіх выдатных людзей. Тут з'явіўся на свет народны мастак СССР, Герой Беларусі Міхаіл Савіцкі. Ён падарыў землякам асабістыя рэчы, у тым ліку і пэндзлі. Іх можна ўбачыць у музеі.

Талачынская зямля дала краіне вядомых паэтаў і пісьменнікаў. Сярод іх: Іосіф Васілеўскі, Вера Вярба, Міхась Зарэцкі, Алесь Рылько, Анатоль Мяснікоў і іншыя. Тут працаваў і вялікі пясняр беларускага народа Якуб Колас. Пра вядомых усім людзей таксама раскажуць у музеі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Талачынскі раён

Загаловак у газеце: Ад «халопа»-жука да «акуляраў у мінулае»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.