Вы тут

Зніч мінулай эпохі


Вялікай стратай азначаны гэты май: на 98-м годзе жыцця сышоў Мікола Якаўлевіч Аўрамчык.


Пісьменнік, ён мог бы й сам стаць героем вялікага рамана. Мікола Якаўлевіч ваяваў на Вялікай Айчыннай, удзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах, прайшоў нямецкі палон. Затым, паўтарыўшы лёсы многіх беларусаў, падпаў пад рэпрэсіі, працаваў у шахтах, пры гэтым не пакідаючы паэзію. Усе, хто ведалі Міколу Аўрамчыка, дзівіліся ягонаму аптымізму, тонкаму гумару. Помніцца сустрэча ў бібліятэцы, на якой патрыярх беларускай літаратуры быў ці не самы энергічны, самы вясёлы. Са свайго трагічнага лёсу ён не рабіў ідала, распавядаў пра страшныя рэчы, якія не кожны здолее перажыць, з усмешкай, і мужнасць гэтая не была знарочыстай. Ён быў выдатным аўтарам і выключнай Асобай.

Мікола Аўрамчык нарадзіўся 14 студзеня 1920 года ў Плёсах Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыўшы мясцовыя школы (у Плёсах і Цялушы), паступіў на філфак Мінскага педагагічнага інстытута — у змрочным 1938 годзе. Яшчэ студэнтам Мікола Якаўлевіч пачаў працу ў перыёдыцы. Тады ж пазнаёміўся з Янкам Купалам, Кузьмой Чорным, Алесем Салаўём. Ведаў Уладзіславу Францаўну Луцэвіч, ведаў Коласа. Пасля вайны, пасля рэпрэсій, ён вярнуўся ў літаратуру такі ж энергічны і добразычлівы. Працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя», а з 1953-га па 1980-ы год быў рэдактарам аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». Так, без малога 30 гадоў ён аддаў працы з маладымі. За гэты час адкрыў для нашае літаратуры дзясяткі яркіх, цяпер знакавых, імёнаў. Сваім настаўнікам лічаць яго адразу некалькі пакаленняў беларускіх пісьменнікаў. Мікола Аўрамчык быў, пэўна, адзіным чалавекам, які не даваў канчаткова парвацца сувязі такіх далёкіх між сабой пакаленняў літаратараў. Ён быў заўжды сучасны, пры тым што сам дэбютаваў вершамі яшчэ ў 1937 годзе. Выдаў больш за дзясятак кніг паэзіі Аўтар кнігі «Знаёмыя постаці» (2004), а таксама, разам з Нілам Гілевічам, — паэмы «Сказ пра Лысую гару». 10 мая вучні, калегі, блізкія развіталіся з Міколам Якаўлевічам.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.