Вы тут

«Весяліцца з намі музыка, з намі музыка маўчыць…»


Гэта словы адной з песень колішніх «Верасоў», калі там працавалі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. З песні, як кажуць, слоў не выкінеш. Але рэальнае жыццё — яшчэ тая песня…


У беларускай эстраднай песні склалася жыццёва-балючая сітуацыя ў сувязі з рашэннем кампазітара Эдуарда Ханка забараніць выкананне сваіх песень самым тытулаваным беларускім артыстам — Ядвізе Паплаўскай і Анатолю Ярмоленку. Справа прынцыпу для аўтара. І для прынцыпаў ёсць падставы, замацаваныя ў законе: ёсць аўтар слоў, ёсць аўтар музыкі. Выканаўцы — гэта трэці бок, удзел якога ў стварэнні песні можа аказацца наогул не зафіксаваны нідзе, акрамя хіба што свядомасці слухачоў. І як жа апошнім патлумачыць, што ў іх таксама няма права слухаць цяпер упадабаныя песні, калі таго не пажадаў хтосьці з афіцыйных «бацькоў» твора? Няўжо музыка сапраўды можа замаўчаць?

Ці ёсць выйсце з сітуацыі, калі адзін з аўтараў твора не дазваляе яго гучанне, а інтарэсы другога пры гэтым церпяць? І ці ёсць (калі па справядлівасці) частка ўдзелу выканаўцы ў поспеху песні, якая стала хітом дзякуючы яму? Падзяліцца сваімі думкамі-развагамі наконт гэтых пытанняў мы папрасілі кампазітара і паэта, якія таксама сталі аўтарамі шматлікіх песень.

Эдуард Зарыцкі, намеснік старшыні Саюза кампазітараў Беларусі:

— У сітуацыі з аўтарскім правам на музычны твор усё вырашаецца аўтаматычна: калі песню набывае Міністэрства культуры, каб у далейшым яе выконвалі артысты, то яна становіцца ўласнасцю Мінкульта. А гэта значыць, што твор можа выконвацца ў незалежнасці ад жадання аўтара. То бок, калі песня прададзена, у аўтара ніхто не будзе ні пра што пытацца. А вось калі твор не прадавалі, то кампазітар мае права распараджацца сваёй песняй.

Мяркую, што поспех песні залежыць ад выканаўцы. Канечне, ёсць і выключэнні, але варта ўзгадаць Алу Пугачову: 50% поспеху песні — менавіта ў яе выкананні. Некаторыя кампазітары пісалі песні адмыслова для гэтай артысткі. Таму я ўпэўнены, што выканаўца можа не толькі паўплываць на гучанне твора, але і зрабіць яго пазнавальным, унікальным.

Слухач заўсёды памятае першага чалавека, які выканаў песню. Калі яе будзе спяваць нехта іншы, вушы аўдыторыі падкажуць, што тут нешта не тое — я ў гэтым упэўніўся і на досведзе маіх твораў. Часцей за ўсё, калі песню пераспяваюць, гэта не вельмі ўдалы эксперымент, нават калі ён гучыць выдатна, але быццам чужым голасам. Таму такія эксперыменты мне падаюцца небяспечнымі — рэдка новая версія атрымліваецца лепшай за папярэднюю. Тым больш, што сёння падчас такіх змен пакутуе і твор — перарабляецца мелодыя, часам спрашчаецца ці змяняецца пад чалавека, што ўплывае і на якасць.

Канечне, артысты салідарныя адзін з адным. А вось у кампазітараў меркаванні розныя, яны падзяліліся, але ўсе згодныя з адным тэзісам — аўтары музыкі незадаволеныя тым, што іх не толькі не аб’яўляюць хоць бы на вялікіх канцэртах, але нават не ўзгадваюць у тытрах. І гэта ўплывае на музычную адукацыю нашага грамадства — маладыя артысты сёння часам нават не ведаюць, чые песні выконваюць, але могуць сказаць, што яны з рэпертуара Кіркорава.

Я лічу, што закон ёсць закон. У нас ужо некалькі разоў былі сітуацыі, калі аўтарскае права кампазітара знаходзілася пад пагрозай, таму адзінае рашэнне тут — ісці ўслед за літарай закону.

Уладзімір Мазго, паэт, аўтар шматлікіх песень:

— Я пачуў такую думку, што аўтарскае права павінна абараняць і кампазітара, і паэта 50 на 50, і я згодзен з такім меркаваннем. Але паўстае пытанне аховы аўтарскага права, калі аўтар слоў жыве за мяжой ці яго ўжо няма — трэба звяртаць увагу і на гэта. Тым не менш, я думаю, аўтараў двое — кампазітар і паэт, але і мае знаёмыя кампазітары кажуць, што «напачатку было Слова», таму спрачацца з імі не буду.

З уласнай практыкі магу сказаць, што не заўсёды атрымліваю аўтарскія адлічэнні. За гэтым бывае складана прасачыць: з адлічэннямі ад канцэртаў проста, а вось калі артыст выконвае песню на карпаратыве — не заўсёды можна даведацца, выканаў ён тваю песню ці не. Часам паэт не толькі не атрымлівае адлічэнняў, але і ўвагі, бо яго, як і кампазітара, са сцэны не аб’яўляюць — а гэта рабіць трэба, каб быў заўважны плён стваральнікаў. Калі быць шчырым, кожны выканаўца павінен пазначаць імя аўтара слоў і кампазітара, заключаць дагавор. Менавіта тады правы аўтараў абароненыя.

Бывае, слухачы не ведаюць аўтараў — думаюць, што твор народны. Так сталася і з адной з маіх песень — слухачы не ведалі, што аўтар — я. Атрымліваецца быццам аўтара слоў наогул не існуе ці аўдыторыя думае, што словы напісаў сам спявак. Мая думка такая: калі ў песні ёсць бацькі, іх павінны ведаць.

Мне здаецца, у сітуацыі, калі паміж кампазітарам і артыстам узнікае непаразуменне, трэба прыходзіць да кансэнсусу. Забараняць выкананне песні — гэта, канечне, дрэнна, а з іншага боку, як аўтар павінен адстойваць свае правы? Але, на маю думку, нельга аматараў беларускай эстрады пазбаўляць музыкі, якая кранае іх душу, — гэта галоўнае.

Я ўпэўнены, што поспех музычнага твора — у супольнай працы выканаўцы, кампазітара, паэта і аранжыроўшчыка. Бывае, аўтар добры, але артыст не дацягвае, бывае — наадварот, але песня можа быць суцэльнай толькі калі творцы працуюць у адной звязцы.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?