Вы тут

На хвалі непаразумення


Можна паважаць усіх (кожнага паасобку) удзельнікаў гэтай гучнай гісторыі, і кожны слухач для сябе вызначыць — за што. І імя артыстаў, і імя кампазітара на слыху дзясяткі гадоў. І як жа так: не знайсці паразумення ў такі эмацыянальны і нават балючы момант, калі якраз і патрэбная падтрымка сяброў, і хочацца іх разумення?


Ядвізе Паплаўскай немагчыма не спачуваць. І, здавалася б, немагчыма не зразумець: той вечар, калі гучалі песні дзеля ўспамінаў пра Аляксандра Ціхановіча, для яе быў больш чым выступленне на сцэне (магчыма, таму яна — несвядома ці свядома — упусціла фармальнасці, звычайныя для канцэрта?). Для яе гэта быў вечар-ВЯЧЭРА, на саракавіны па Аляксандру Ціхановічу, куды запрасілі сяброў. Менавіта па-сяброўску ставіліся да аднаго з аўтараў песень дуэта кампазітара Эдуарда Ханка, які апынуўся на гэтым вечары.

Але ён прысутнічаў на канцэрце — і з фармальнага боку гэта так. А калі так, то свяшчэннае аўтарскае права — найвышэй за ўсё. За людзей, якія жывыя, і ім баліць; за тых, каго ўжо няма. Ім не баліць?.. Калісьці ў беларускай рэчаіснасці адказ на гэтае пытанне знаходзіўся проста пасля прачытання адной з аповесцей Васіля Быкава, і некалькім пакаленням, якія раслі ці набылі сталасць у той час, не трэба было тлумачыць, што маральна, а што — не. Гэтыя людзі цяпер і складаюць самы актыўны слухацкі кантынгент артыстаў таго часу. І кампазітараў — імёны іх былі ў пашане і гучалі не менш часта, таму мы і маем з тых самых часоў кола кампазітараў-зорак.

Такой зоркай стаў і Эдуард Ханок, якога пазнавалі. У тым ліку па песнях, якія спявалі пазнавальныя артысты. А Эдуард Сямёнавіч заўсёды адчуваў, каму даверыць сваю песню. У гэтым, дарэчы, таксама талент, у якім Эдуарду Ханку не адмовіш. Ён чалавек з выдатнай музычнай адукацыяй, якую атрымаў у Маскоўскай кансерваторыі: такая адукацыя давала падставы ствараць маштабныя музычныя творы, а ён аддаў перавагу таму, каб ствараць песні, якія б не проста знаходзілі сваіх слухачоў, а станавіліся шлягерамі для вялікай аўдыторыі. Такія песні значна хутчэй, чым маштабныя акадэмічныя творы, здольныя былі прынесці славу аўтару. Але не кожны артыст здольны зрабіць песню шлягерам, разумеў Эдуард Сямёнавіч. Таму сярод яго выканаўцаў была Прымадонна савецкай эстрады Ала Пугачова (да таго моманту ўжо вядомая артыстка) ці аўтарытэтны Эдуард Хіль. Ды і «Верасы» ўжо не першы год існавалі, калі выканалі «Малінаўку», у рэпертуары калектыву ўжо былі песні А. Пахмутавай, Ю. Семянякі, А. Іванова ды іншых аўтараў. Нельга сказаць, што «Малінаўка» стала для Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча вырашальнай у кар’еры. Але ў выкананні гэтай пары стала хітом, магчыма яшчэ і таму, што надта пасавала ім па сутнасці. Яны здолелі надаць ёй асаблівых фарбаў: тая самая завадная свістулька з’явілася дзякуючы кемлівасці артыстаў. Ці можна цяпер уявіць «Малінаўку» без яе? Адметнасці не толькі ўпрыгожваюць песні, але і дазваляюць ім замацавацца ў свядомасці людзей як мага даўжэй.

Паводле таго, як жылі, як доўга трымаліся шлягеры на піку папулярнасці, кампазітар Эдуард Ханок прыйшоў да разумення законаў, якім падпарадкоўваецца шоу-бізнес — савецкі, постсавецкі ці сусветны. І чаму адны песні вельмі хутка сыходзяць у нябыт, а іншыя гучаць гадамі. Эдуард Ханок прапанаваў уласную «тэорыю хваляў», якую абгрунтаваў на прыкладзе савецкіх артыстаў, з якімі быў знаёмы і за творчасцю якіх назіраў ужо ў постсавецкі час. Цікавая тэорыя, у якой, між іншым, можа часткова ўтрымлівацца адказ на пытанне: дык чаго ж узнік сыр-бор цяпер? Тэорыя, да якой можна ставіцца скептычна, але, разабраўшыся, пачнеш думаць: нешта ў гэтым ёсць. Аўтар тлумачыў законы папулярнасці артыстаў на канкрэтных прыкладах. Самым яскравым прыкладам для яго стала Ала Пугачова, чыя папулярнасць, на думку тэарэтыка, перажывала некалькі хваляў: то была на піку, то зніжалася. На думку аўтара тэорыі, пяць-шэсць гадоў артыст можа пратрымацца на піку хвалі — і пачынаецца спад, цікавасць зніжаецца і чалавека наогул могуць забыць. І тады патрэбныя іншыя нагоды, каб узняць чарговую хвалю, прыцягнуць да сябе ўвагу, неабавязкова творчыя: нават пластычныя аперацыі, новыя шлюбы… Любы скандал, згодна з тэорыяй Ханка, здольны ўзняць новую хвалю цікавасці да артыста, пасля чаго ў яго зноў канцэрты, гастролі, заробкі...

Тэорыя Эдуарда Ханка мела рэзананс. Ён яе папулярна выклаў напрыканцы 1990-х гадоў у кнізе і пасля з’яўлення «Пу-гачоў-шчы-ны!» здолеў прыцягнуць цікавасць ужо да сябе, стаў запатрабаваным, нават у Маскве. Было шмат інтэрв’ю, сустрэч, дзе Эдуард Ханок тлумачыў сутнасць свайго вынаходніцтва, атрымаўшы... сваю хвалю папулярнасці на былой вялікай постсавецкай прасторы. Але яна нечакана пайшла на спад. Скандалы бываюць розныя, а тая ж Прымадона можа кантраляваць сітуацыю вакол скандалаў, дзе фігуруе яе імя. Для яе Эдуард Сямёнавіч быў кампазітарам, аўтарам некалькіх песень, што сталі папулярнымі ў яе выкананні. Тут інтарэс быў узаемны: гэта гонар, калі першая спявачка краіны бярэ для выканання твае песні. Таму з тэорыяй прыйшлося адступіць (нават публічна прасіць прабачэння ў Пугачовай). Эдуард Сямёнавіч насамрэч і гэта выдатна разумее: шмат што ў поспеху песні залежыць ад артыста — яго вакальных якасцей, таленту, харызмы.

Але той момант, калі выканаўца забяспечвае папулярнасць і вядомасць кампазітару, аўтарскае права не адлюстроўвае, хоць ёсць нагода звярнуцца да гэтага. А тут не ўсё так проста. Бо нават у некаторых песень Ханка было па некалькі выканаўцаў, але толькі адзін з іх змог ператварыць твор у шлягер. А гэта якраз выдатна разумеюць слухачы, ад якіх залежыць канчатковы вынік любых хваляў папулярнасці — артыстаў ці кампазітараў. Ці не дзеля іх працаваў Эдуард Ханок як аўтар песень і як аўтар тэорыі? І чый голас у ім больш адчувальны цяпер? Кампазітара, які шмат дзесяцігоддзяў даваў права выконваць свае песні (і ўмовы яго задавальнялі), ці тэарэтыка, які імкнецца нагадаць і праілюстраваць на ўласным прыкладзе сваю ж тэорыю творчых хваляў? Публіка чакае…

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.