Вы тут

Хованкі на лецішчы, альбо госці без гаспадара


Майскія выходныя — мара сялян і рабочых. Час выходзіць на шырокі прастор: хто з роварам, хто на шашлыкі — тут ужо каму што даспадобы. Калі ж вы аматар літаратурных мясцінаў і падарожжаў, гэтыя дзве страсці можна ўдала спалучыць, з’ездзіўшы не так далёка: дастаткова ўсяго толькі сесці на 219 аўтобус ля Пушкінскага метро і даехаць да Ждановічаў-6. Там — музей-дача Васіля Быкава.


Шляхі Быкава захаваліся на адмысловай мапеХалоднае лета Быкава

Сёлета музей адкрыў свае дзверы для наведнікаў 3 мая. У самы-самы першы дзень мы туды й патрапілі: Наста Смірнова, супрацоўніца музея гісторыі беларускай літаратуры, яе сяброўка Юлія, якая да музея дачынення не мае, але выклікалася паваланцёрыць, ды я. Так пашчасціла стацца першым госцем Быкава ў новым дачным сезоне.

Адразу варта папярэдзіць: апранайцеся цяплей, бо на лецішчы даволі зімна. Прычым зімна напраўду, без метафарычных спасылак. Дом трымае сцюжную абарону проста як у песні пра столь ледзяную і дзверы рыпучыя. Тое ж было пры гаспадары. Захаваўся малюнак Быкава, дзе той адлюстраваў навагодняе святкаванне каля каміна: госці, сям’я Адамовічаў, у футрах і шапках. Наста кажа, што праз гэта на лецішчы надоўга не затрымліваліся. З іншага боку, такі мікраклімат, безумоўна, спрыяе захаванню бадзёрасці і яснага розуму. Тут Быкаў таксама працаваў — на другім паверсе можаце наведаць яго рабочы кабінет з усімі неабходнымі атрыбутамі: стол ля вакна, машынка, кубачак пад эспрэса (эстэт!). На крэсле — пінжак гаспадара. Прычым выглядае ён так «жыва», быццам Быкаў вось-вось зойдзе ў кабінет і, строга зірнуўшы, запытае: «А вы тут што робіце?..» Да слова, у кабінеце раю звярнуць увагу на мініяцюрную шафку — гэта адна з хованак Быкава. Хованак, дужа неабходных у вечна халоднай атмасферы...

Хованка № 2

 У гасцёўні — таямнічая незнаёмка і галасы класікаў.

Вернемся ў гасцёўню, не раз апісаную іншымі цікаўнымі наведнікамі. Вось вядомы дубовы стол, дзе Быкаў прымаў шаноўных гасцей (месца гаспадара ўгадваецца беспамылкова). Вось фатэль-гайданка, далей — прайгравальнік. Па кружэлках няцяжка здагадацца, што сёння Быкаў быў бы аматарам аўдыякніг: вінілы з запісамі твораў Коласа, Твардоўскага, Купалы... Увесь час на вас пазірае таемная незнаёмка ўсходняга тыпу. Хто гэта — не ведаюць нават музейшчыкі.

На выпадак, калі падчас рэлаксу пад вершы Купалы замерзнеш, Быкаў падрыхтаваў яшчэ адну хованку: знайдзіце бочачку з ручкай у выглядзе чорта і папрасіце музейшчыкаў раскрыць яе таямніцу.

 Шляхта ад слова «шлях»

Па ўсім доме знаходзяцца сувеніры са шматлікіх вандровак Быкава. Большасць рэчаў раскрывае гарэзлівасць суровага на выгляд пісьменніка. Што да саміх вандровак, найбольш пра гэта распавядае былы гараж: там і замалёўкі з натуры, і маршруты, маляваныя рукой Быкава, і мапа, якая пазначае краіны, дзе пісьменнік бываў. Зноў жа, кнігі. Гэтым разам — па аўтамабільным майстэрстве. Ёсць нават даведнік для кіроўцаў — вельмі ёмісты, карысны, хоць і трошку небяспечны. Даішнік наяўнасць такога даведніка ў аўтамабілі яўна не ўхваліў бы.

І менавіта ў гаражы знаходзіцца галоўная на сёння цікавостка музея: тое самае венскае крэсла, з розгаласам адваяванае ў вушацкіх уладаў і рэстаўраванае. Выразна бачныя ініцыялы, пакінутыя малым Васілём: Б. В. Х. Уладаром вынесенага з пакінутай школкі крэсла ён пазначыў бацьку — на ўсялякі выпадак, раптам што. Пасядзець на крэсле не дадуць, але яго гісторыю распавядуць абавязкова. Гэтаксама для вас падрыхтавалі вытрымкі з кнігі Быкава «Доўгая дарога дадому» — успаміны пра дзяцінства, расповед пра родны дом і бацькоў. Крэсла экспануецца ў межах выстаўкі аднаго прадмета «Усе мы родам з дзяцінства... ». Пабачыць яго можна да 20 мая ўключна.

 Застылая палітра

Кубачак эспрэса, рабочая атмасфера.

Увогуле, лецішча Быкава тыпова савецкае: прыземістыя канапкі, фатэлі з драўлянымі ручкамі (такія штодзень аддаюць задарма ці вывозяць на лецішчы), тагачасныя кнігі (вядома, ёсць паэтычныя зборнікі сябра Рыгора). Аднак самы тыповы пакой — кухня. Посуд з алімпіяднымі выявамі і датамі Вялікай Перамогі, мэбля, кафля ў рабочай зоне. Зрэшты, якраз на кухні месцяцца вядомыя малюнкі Быкава, якія можна назваць кухоннымі фрэскамі: пісьменнік разбавіў савецкую атмасферу па-дзіцячы мілымі выявамі садавіны й гародніны.

На другім паверсе месціцца адзіны выключна музейны астравок — маленькая экспазіцыя з фотаздымкамі, друкапісамі і лістамі, партрэт Васіля Быкава (мяркую, ён з’явіўся тут пасля; наўрад ці Быкаў сам на сябе любаваўся). Як на мяне, самае цікавае тут — некалькі першых старонак друкапісу «Знака бяды». На ім — рэдактура самога Быкава, які палічыў мэтазгодным змяніць жанр твора і яго назву (новы варыянт сапраўды лепшы за «Час прыйдзе»).

Пра наяўнасць у доме гаспадыні сведчанняў мала. Хіба пара кніжак — пра кветкаводства і «вострыя куты сямейных стасункаў», мілыя шпалеры ў кветачку ды выявы ў малюнках Быкава. А вось яшчэ сведчанні мастацкага «хобі» пісьменніка: цэлая студыя, у якой музейшчыкі захавалі рабочы дух. Захаваныя карціны, быкаўскія і падараваныя яму, мастацкія прыналежнасці, нават палітра.

 Пасля агляду вы, напэўна, захочаце пагрэцца. У двары — маляўнічыя бярозы, мяркуючы па ўзросце, пасаджаныя тут задоўга да прыезду Быкава, яблыні, барбарыс (ён нават плодны). Было б няблага пасядзець у альтанцы, але яна пакуль закрытая: патрэбная рэстаўрацыя.

Галоўнае, што дае наведванне лецішча Быкава, — разуменне, што ён быў не такі ўжо сур’ёзны і халодны. Многае тут сведчыць пра самаіронію, добры гумар пісьменніка, словам, пра тое, што нішто чалавечае класіку не было чужым...

P. S. Па дарозе ў Мінск запыніцеся ля ждановіцкай царквы. Гэта навабуд, але ёсць і ў ім цікавосткі. Па-першае, знешні выгляд: на фоне зялёных соснаў ружова-пунцовы будынак выглядае даволі экстравагантна. Па-другое, спісаныя імёнамі сцены ў самой царкве. Як распавяла мясцовая служыцелька, гэта імёны ахвяравальнікаў: даеш грошай на будоўлю — застаешся ў вечнасці. Па ўсім відаць, ахвотных дапамагчы царкве многа: спісаныя ўсе цагліны па перыметры храма, ад падлогі і метры на два ўгору. Нават за алтаром. Кошт вечнага даравання (за вас будуць маліцца) — тры рублі (адна цагліна). Будоўля працягваецца, службы ідуць...

Наста ГРЫШЧУК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».