Вы тут

Нерэальная рэальнасць


Калі літаратура — гэта прафесія, то атрымліваць асалоду ад чытання ёсць вялікай праблемай. Магчыма, так жа, як кухару цяжка забыцца падчас вячэры на сваю прафесію і быць проста чалвекам, які каштуе новыя стравы. Калі быць чытачом — гэта прафесія, то колькасць літаратурных твораў, ад чытання якіх можна проста атрымліваць асалоду, не такая ўжо і вялікая. Аднак апавяданне Кацярыны Мядзведзевай «Агеньчык», змешчанае ў № 4 часопіса «Маладосць», безумоўна, адно з гэткіх.


Галоўны герой — міфічны Агеньчык — заваблівае нешчаслівых людзей абяцаннем здзейсніць запаветнае жаданне, а наўзамен — не, не закласці душу… Адплатай становіцца падпарадкаванне падступнаму псіхалагічнаму плану, і ў выніку — жаданае становіцца недасяжным. Напрыклад, казачніца Янка атрымлівае магчымасць кіраваць лёсамі рэальных людзей, ствараючы пра іх гісторыі. Яе сюжэты неадменна ўвасабляюцца ў жыццё, але ніводзін з іх не павінен мець шчаслівай канцоўкі. Чалавек, прагны да імгненнага шчасця, пагаджаецца на ўмовы, прапанаваныя Агеньчыкам. Толькі нехлямяжая нямая прыслужніца вядзьмаркі-казачніцы з дзіўным імем Цішш адмаўляецца. Мабыць, таму, што не ёсць сапраўдным чалавекам, але толькі ўвасобленым у жыццё сваёй гаспадыняй персанажам. Сцэна, у якой Янка распавядае служанцы пра яе «несапраўднае» паходжанне, — адна з найлепшых у творы.

Магчыма, у гэтым сюжэце не кожная дэталь арыгінальная. Але тое, як кампазіцыйна ўсе сцежкі-дарожкі ўрэшце сыходзяцца, тое, як некалькімі важкімі штрыхамі створаныя вобразы герояў, апісанні палаца, у якім жыве Янка, і гарадскога рынку з гандляркамі і пляткаркамі, стварае абсалютна арыгінальны, самастойны мастацкі свет, у якім героям утульна, а ўсе дэкарацыі на сваім месцы. На фоне так распаўсюджанай у сучаснай маладой прозе стылёва-моўнай неахайнасці няспешная апавядальная плынь з удалай моўнай стылізацыяй сапраўды захапляе. Нельга адназначна сказаць, каго ж з герояў можна лічыць галоўным, бо ўсе яны для аўтара (і для чытача, і для развіцця сюжэта) аднолькава важныя. А ўрэшце і сам чытач нібы адчувае сябе адным з жыхароў таго напаўказачнага-напаўрэальнага мястэчка, дзе штораніцы Янка набывае на гарадскім рынку свежую зеляніну. Разам з тым, некаторыя сцэны (напрыклад, даволі падрабязныя апісанні смерці крыўдзіцеляў гарадской вядзьмаркі) выглядаюць, так бы мовіць, умоўна-бяскрыўдна, нібы ў дзіцячай казцы.

Спалучэнне, чаргаванне рэальнага і міфічнага... натхняе на роздум: а ці сапраўдны той агеньчык, за якім мы ідзём да сваёй мэты?

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.