Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра становішча зборнай краіны па хакеі на чэмпіянаце свету ў Францыі, дзясятую перамогу брэсцкага гандбольнага клуба ў Кубку Беларусі і сенсацыйную вікторыю «Слуцка» над БАТЭ ў футбольным чэмпіянаце краіны.


1. Зборная Беларусі перайграла каманду Славеніі на чэмпіянаце свету па хакеі 5:2. Аднак гэта вікторыя яшчэ не забяспечыла падапечным Дэйва Льюіса захаванне месца ў эліце сусветнага хакея. Наша зборная ўжо не апусціцца ніжэй сёмага месца, аднак яно пры пэўных абставінах можа не выратаваць ад вылету. Зборная Даніі, якая будзе гаспадыняй ЧС-2018, абаронена ад вылету ў ніжэйшы дывізіён, такім чынам, згодна з рэгламентам, калі датчане зоймуць апошняе месца ў групе А, то эліту пакінуць восьмая каманда групы B, а таксама найгоршая са зборных, якія занялі сёмыя месцы. Параўноўваць іх будуць па колькасці ачкоў, розніцы шайбаў, колькасці закінутых шайбаў і нумары пасеву перад ЧС-2017.

Нагадаем, сёння наша зборная правядзе апошні матч на чэмпіянаце з камандай Нарвегіі.


2. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова дзясяты раз стаў уладальнікам Кубка краіны. Фінал чатырох адбыўся ў Гомелі на мінулых выхадных, у матчы за галоўны прыз сышліся сталічны СКА і брэсцкі БГК.

Большая частка гульнявога часу прайшла ў роўнай барацьбе, і толькі ў канцы сустрэчы брэсцкія гандбалісты здолелі пайсці ў адрыў і выйгралі з перавагай у 6 мячоў — 37:31. Гэта чацвёрты запар поспех БКГ у фінальных матчах Кубка Беларусі супраць мінскіх армейцаў.

У гульні за 3-е месца ў кубкавым розыгрышы гандбалісты гродзенскага «Кронана» адолелі «Гомель» з мінімальнай перавагай — 27:26.


3. Футбалісты «Слуцка» нанеслі першае паражэнне ў чэмпіянатах краіны барысаўскаму БАТЭ. У матчы 8-га тура чэмпіёны Беларусі прайгралі з мінімальным лікам — 0:1. «Віцебск» у сябе дома разграміў гасцей з «Мінска» — 3:0. Футбалісты мінскага «Дынама» перамаглі брэсцкіх дынамаўцаў 1:0 і выйшлі на першы радок у турнірнай табліцы, абышоўшы на адзін бал БАТЭ.

Учора ўвечары адбыліся яшчэ чатыры сустрэчы: «Дняпро» — «Гомель», «Нафтан» — «Гарадзея», «Тарпеда-БелАЗ» — «Нёман», «Іслач» — «Шахцёр». Завершыцца 8-ы тур сёння матчам «Крумкачы» — «Славія».


4. Мужчынская зборная краіны па валейболе заняла другое месца на міжнародным турніры ва Украіне. У ходзе спаборніцтваў на прыз мэра горада (Івана-Франкоўска) падапечныя Аляксандра Сінгаеўскага саступілі зборнай Украіны — 1:3, а пазней абыгралі зборную Латвіі — 3:1 і маладзёжную зборную (U-21) Украіны — 3:0.

Каманда, завяршыўшы ўдзел у турніры, працягне рыхтавацца да адборачных матчаў чэмпіянату свету ў Маладзечне, а з 24 па 28 мая згуляе ў кваліфікацыйным турніры ў Заграбе. Сапернікамі нашай зборнай за права згуляць на сусветным форуме стануць каманды Сербіі (24 мая), Нарвегіі (25 мая), Харватыі (26 мая), Швейцарыі (27 мая) і Даніі (28 мая).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Шанцы застацца ў эліце

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.