Вы тут

Як беларусы скараюць WоrldSkіlls


Удзел беларускай зборнай у V Нацыянальным чэмпіянаце «Маладыя прафесіяналы» (rldSkіlls Russіа) — 2017» і адкрытым чэмпіянаце прафесійнага майстэрства ў Кітаі стане для ўсіх яе членаў своеасаблівай «разведкай боем» перад чэмпіянатам свету, які пройдзе ў кастрычніку гэтага года ў Абу-Дабі (ААЭ).


Каб паспаборнічаць у рабочых прафесіях, у Краснадар ужо накіраваліся 36 навучэнцаў беларускіх каледжаў, студэнтаў універсітэтаў і маладых кваліфікаваных рабочых ва ўзросце да 22 гадоў. Яны выступяць у Расіі па 29 кампетэнцыях у шасці сферах — будаўнічай, сферы паслуг, у ІТ-сферы, «прамысловай вытворчасці» і «творчасці і дызайне».

Усяго тры гады таму Беларусь далучылася да руху WоrldSkіlls, які ахоплівае ўжо 76 краін і амаль 70 працэнтаў насельніцтва нашай планеты. Мэтай гэтай унікальнай некамерцыйнай міжнароднай арганізацыі з'яўляецца папулярызацыя рабочых прафесій, у тым ліку праз правядзенне міжнародных спаборніцтваў, якія яшчэ называюць алімпіядай у прафесійным майстэрстве.

За даволі кароткі час быў здзейснены магутны рывок: у Беларусі прайшлі два нацыянальныя чэмпіянаты па прафесійным майстэрстве, а з апошняга чэмпіянату свету ў Бразіліі нашы дзяўчаты прывезлі два медалі выдатнікаў — імі ўзнагароджваюць тых канкурсантаў, якія набралі не менш як 500 балаў.

— Але ўдзел у спаборніцтвах — не галоўная наша мэта. Важна, што далучэнне Беларусі да руху WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl (WSІ) дало нам магчымасць атрымаць доступ да самых сучасных кваліфікацый і прыцягнуць увагу моладзі да рабочых прафесій, — падкрэслівае першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ. — У нашай краіне надаецца асаблівае значэнне пытанням падрыхтоўкі спецыялістаў па рабочых прафесіях. Гэта павінны быць высокапрафесійныя кадры: спецыялісты, якія валодаюць сучасным узроўнем тэхналагічнага забеспячэння і здольныя вырашаць задачы інавацыйнага развіцця.

Wоrld Skіlls — не проста спаборніцтвы. Іх фармат выкарыстоўваецца для таго, каб дапамагчы краінам павысіць якасць і ўзровень прафесійных кампетэнцый моладзі, прадукцыйнасць працы і, ў выніку, забяспечыць эканамічны рост. Вяртаючыся ў свае навучальныя ўстановы, на вытворчасць, у свае кампаніі, маладыя людзі прывозяць туды апошнюю інфармацыю аб тым, як можна ўдасканальваць прафесійнае майстэрства. Сапраўдны прыз для ўдзельнікаў чэмпіянату — гэта новы змест падрыхтоўкі і інавацыйныя навыкі, якія істотна апераджаюць час. Усё гэта дае ім шанцы на лепшае працаўладкаванне і хуткі кар'ерны рост.

— У нацыянальнага бізнесу павінна быць разуменне канчатковых мэт WоrldSkіlls — гэта спосаб паказаць патэнцыйным інвестарам, што мы здольныя забяспечыць вашы інвестыцыі ў тэхналогіі і сучаснае абсталяванне ўласнымі высокакваліфікаванымі кадрамі, — адзначае рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аркадзь ШКЛЯР.

У апошнія гады стандарты прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі істотна змяніліся. Патрабаванні да рабочых спецыяльнасцяў сур'ёзна адрозніваюцца ад тых, што былі, скажам, 10 гадоў таму. Сучасны рабочы — гэта эрудзіраваны, высокакваліфікаваны спецыяліст, які, акрамя прафесійных ведаў, павінен валодаць спецыфічнымі навыкамі ў сумежных галінах, у тым ліку разбірацца ў інфармацыйных тэхналогіях, робататэхніцы і г. д. Такіх спецыялістаў толькі з вялікай нацяжкай можна назваць рабочымі ў звыклым разуменні гэтага слова.

Увогуле, прафесійныя стандарты WоrldSkіlls — гэта стандарты заўтрашняга дня. Для прыкладу, муляр, якога рыхтуюць у нашых прафесійна-тэхнічных установах, выконвае тры—чатыры віды работ, а па патрабаваннях WоrldSkіlls кампетэнцыі муляра больш шырокія — гэтыя спецыялісты павінны выконваць таксама арачныя і пячныя работы. Цырульнік павінен быць універсальным майстрам: рабіць і жаночыя, і мужчынскія, і дзіцячыя стрыжкі. Зваршчык — ведаць чатыры віды зваркі, а не адну-дзве. А кандытар — працаваць з шакаладам, рабіць з яго цукеркі ручной работы.

Па словах Аркадзя Шкляра, у вучэбныя праграмы па шэрагу прафесій (токар, станочнік, фрэзероўшчык, наладчык, зваршчык, цырульнік, кандытарскае і кухарскае майстэрства) ужо ўнесены кампетэнцыі WоrldSkіlls:

— Па сутнасці, гэта надбудова над існуючымі кваліфікацыямі, якая забяспечвае падрыхтоўку спецыялістаў для інавацыйных тэхналогій. Сёння далёка не ўсе беларускія прадпрыемствы могуць сфармуляваць кваліфікацыйныя патрабаванні да патрэбных ім спецыялістаў. Такім чынам, можна сказаць, што WоrldSkіlls — гэта апераджальныя тэхналогіі ў падрыхтоўцы кадраў для эканомікі Беларусі. Мы выхоўваем прафесійную эліту.

На чэмпіянаце прафмайстэрства «WоrldSkіlls Расія — 2017» удзельнікі беларускай зборнай упершыню прадставяць нашу краіну ў кампетэнцыі «Геадэзія». На адпаведных спаборніцтвах выступяць пераможцы рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства «WоrldSkіlls Беларусь» у кампетэнцыі «Геадэзія», які прайшоў з 28 лютага па 2 сакавіка на базе філіяла Гомельскага дзяржаўнага дарожна-будаўнічага каледжа.

Мяркуецца, што за чатыры дні (з 16 па 19 мая) расійскі чэмпіянат наведаюць 250 тысяч гасцей. Толькі канкурсантаў ад Расіі налічваецца каля тысячы чалавек. Іх работу будуць ацэньваць 849 экспертаў, у тым ліку і 31 беларускі спецыяліст.

А ў Абу-Дабі восенню гэтага года будуць прадстаўлены 68 краін, удзельнікі якіх выступяць па 52 кампетэнцыях. Як прызнаўся Аркадзь Шкляр, наша мэта — выступіць у тых кампетэнцыях, дзе мы зможам прэтэндаваць на медаль прафесійнай дасканаласці.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: У Абу-Дабі — праз Краснадар, або Стандарты заўтрашняга дня

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.