Вы тут

Адзін дзень з жыцця вясковага ўрача


"Я тут адзін за ўсіх", — усміхаецца загадчык Валмянскай участковай бальніцы Уладзімір ГАНЧАР. Ён не перабольшвае: Міхайлавіч (так называюць яго сяльчане) абслугоўвае 26 вёсак Дзяржынскага раёна і замяняе на сваім участку і тэрапеўта, і педыятра, і хірурга. Дваццаць гадоў таму ён, малады і кучаравы, прыехаў па размеркаванні ў пасёлак Волма і так тут і застаўся. Аднавіў бальніцу, асвоіў навуку эканоміі брыкету, дагэтуль спадзяецца ўкамплектаваць штат медработнікаў і вучыць насельніцтва клапаціцца пра сваё здароўе.


Медыцына — справа сямейная

Валмянская бальніца знаходзіцца ў будынку былой панскай сядзібы. Прыгожыя мясціны, дый сама бальніца пасля рамонту, які зрабілі дзесяць гадоў таму, выглядае нядрэнна.

— Бачылі б вы, што тут было, калі я толькі прыехаў... Падлога правальвалася! — успамінае Уладзімір Ганчар, пакуль праводзіць для нас экскурсію.

Бальніца хоць і маленькая, але змяшчае стацыянар на 15 ложкаў. Ёсць нават "vіp-палаты" — для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Ад звычайных адрозніваюцца наяўнасцю тэлевізара. Сталовая забяспечвае пацыентаў чатырохразовым харчаваннем.

Урачэбная справа для Міхайлавіча — можна сказаць, прафесія сямейная. Дзед яго падчас вайны быў фармацэўтам: выдаваў лекі, перавязачны матэрыял. Бацька таксама ў медыкі пайшоў — быў адзіным хірургам у раёне. "Тады было прэстыжна працаваць урачом, а цяпер... У мяне тры дачкі — ні адна ў медыцыну ісці не хоча", — уздыхае загадчык бальніцы.

З жонкай Наталляй, з якой працуе ў адным кабінеце, ён пазнаёміўся падчас вучобы ў сталічным медуніверсітэце. Калі падышоў час размяркоўвацца, мог застацца ў абласной бальніцы ў Бараўлянах (там ён праходзіў інтэрнатуру). Але тады давялося б жыць у інтэрнаце — гадоў 20, пакуль чарга на будоўлю не падыдзе, — ці здымаць жыллё. Апошні варыянт маладая сям'я (на той момант Ганчары выхоўвалі ўжо маленькую дачку) не пацягнула б фінансава: арэндная плата за кватэру складала 20 долараў, а заробак урача быў 30. Таму, калі ў Волме прапанавалі месца з жыллём, пагадзіліся. Так і працуюць: ён — урачом агульнай практыкі, жонка — медсястрой.

— У горадзе ў цябе больш вузкая спецыялізацыя, — расказвае Уладзімір Ганчар пра асаблівасці работы на вёсцы. — Не спаганяюць за тэрыторыю, за качагарную, за эканомію брыкету. А тут і раны на месцы трэба зашываць, і гаспадарчыя пытанні вырашаць, і адміністрацыйнымі справамі займацца. Нармальнага дворніка не знайсці. 220 рублёў заробак — каго ўгаварыць за гэтыя грошы працаваць?

А яшчэ ў бальніцы не хапае памочніка ўрача, стаматолага, фельчара. Лабарант і акушэрка прыязджаюць раз на тыдзень з Фрунзенскай участковай бальніцы. У Волме разумеюць: усе работнікі цяпер у суседні Мінск імкнуцца, дзе заробкі вышэйшыя.

Брашура на памяць

За дзень на прыём да Уладзіміра Міхайлавіча прыходзіць 12—15 чалавек. Сёння, толькі дождж скончыўся, пад кабінетам сабралася чарга.

— Таблеткі ад павышанага ціску прымаеце штодзень? — вядзе Уладзімір Ганчар гутарку з адным з пацыентаў.

— Абавязкова штодзень? А калі ціск нармальны? — гіпертонік спрабуе пайсці на кампраміс з медыцынай.

— Вось так і жывем. Добра як добра, а як нядобра — доктар вінаваты, — з усмешкай рэзюмуе Міхайлавіч.

— У Галандыі калі ўрач даў рэкамендацыі, у пацыента нават думкі не ўзнікае, што іх можна не прытрымлівацца, — дадае Наталля Ганчар. — Сказана за тры месяцы пахудзець — значыць чалавек будзе худзець, не кажучы ўжо пра таблеткі.

Каб валмянскія пацыенты не забываліся пра рэкамендацыі, ім выдаюць адсканаваныя старонкі з брашуры з карцінкамі — на халадзільнік павесіць. Бо на прыёме ва ўрача чалавек успрымае 60 працэнтаў інфармацыі, а пакуль дадому даедзе — у памяці толькі 10 працэнтаў застанецца.

— А паглядзіце майго сыночка, нешта яго зноў высыпала, — гэта ўжо іншая сяльчанка прывяла на прыём пухленькага малога.

— Памідоры магазінныя яму даяце? Ну вось! Няўжо не ведаеце, колькі ў іх хіміі? — строга спытаў загадчык бальніцы.

На калідоры становіцца шумна. Гэта прывялі на прышчэпку васьмікласнікаў з мясцовай школы.

— Хто ў вас там на мінулым тыдні пабіўся? — выходзіць да іх Міхайлавіч, які, здаецца, у курсе спраў усіх жыхароў акругі.

Пакуль доктар займаецца дзецьмі, настаўніца, якая суправаджае іх, прызнаецца: як пашанцавала вяскоўцам, што Уладзіміра Ганчара сюды прыслалі! "Што б мы без Міхайлавіча рабілі? Прывыклі, калі што здарыцца, званіць яму, ён нас па тэлефоне кансультуе".

На ві­зі­це па­цы­ен­та трэ­ба і агле­дзець, і вы­слу­хаць.

Усё для скрынінгу

На ўчастку Уладзіміра Ганчара ў асноўным людзі пажылыя. "Больш за 35 працэнтаў насельніцтва — пенсіянеры, — канстатуе ён. — Я калі 20 гадоў таму прыехаў, у мяне на ўчастку было 45 дзяцей да года, цяпер толькі 12. У школе 23 чалавекі засталіся, а раней больш за 200 хадзіла..."

З візітамі нам сёння пашанцавала: толькі адзін выезд, і той планавы — выпісаць лекі бабулі, якая сама да бальніцы з-за слабага здароўя не дойдзе. Міхайлавіч кажа, што стараецца прывучаць насельніцтва, каб цанілі час медыкаў і не выклікалі па дробязях.

— Складана працаваць, калі пад рукой няма апошніх навінак абсталявання? — пытаемся.

— Як няма? У плане скрынінгу ў нас усё ёсць, — загадчык бальніцы расчыняе на стале невялікі футляр з рознымі інструментамі. — Магу правесці агляд за афтальмолага, за лор-урача. З дапамогай бескантактнага вымяральніка вочнага ціску праводжу скрынінг глаўкомы пасля 40 гадоў. 80 працэнтаў насельніцтва атрымліваюць медыцынскую дапамогу тут, на месцы.

У вясковай бальніцы, дарэчы, робяць і забор аналізаў. А ўжо на расшыфроўку іх адпраўляюць у Дзяржынск.

Ці сочаць вяскоўцы за здароўем? Наталля Ганчар прызнаецца: вельмі цяжка дабіцца, каб людзі з гіпертаніяй, эндакрыналагічнымі захворваннямі на прафілактычны прыём хадзілі. Ужо колькі гадоў з мужам працуюць — усё роўна да кожнага "дастукацца" не могуць.

Але пэўныя пазітыўныя зрухі ёсць. Летась у мясцовых жанчын сярэдняя працягласць жыцця склала 82 гады, а ў мужчын — 76 (паказчыкі па краіне — 78 і 66 гадоў адпаведна). Даўно не здараліся інсульты і інфаркты. Але ёсць трывога за іншае — п'юць многія...

У Міхайлавіча на тэрыторыі — паўтары тысячы "падапечных". Але асноўную праблему ў працы вясковы ўрач бачыць нават не ў вялікай нагрузцы (хоць кажа, што яго стаўку можна было падзяліць на чатыры), а ў папяровай цяганіне. Праўда, ён знайшоў спосаб аблегчыць гэтую работу — раздрукоўвае рэцэпты, а не запаўняе іх ад рукі. "Увялі гэта яшчэ тады, калі нават у Мінску пра электронныя рэцэпты размовы не ішло", — з гонарам расказвае нам.

А сакрэт добрага здароўя, на думку вясковага ўрача, — у неабыякавым стаўленні пацыента да сябе самога. "У плане кантролю ў кожнага мусяць быць лічбы ў галаве. Вага, ціск... Калі чалавек пачынае думаць, тады ёсць дынаміка. Калі прытрымлівацца рэкамендацый, своечасова праходзіць абследаванні, можна пражыць доўга".

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Дзяржынскі раён

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Што б мы без Міхайлавіча рабілі?»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?