Вы тут

На перакрыжаванні болю і надзеі


Сэрца ў мяне ўжо дрэннае — надта многа пражыла. А тут ціск раптам падняўся, а таблеткі скончыліся, — расказвае 84-гадовая жыхарка вёскі Балотня, што ў Рагачоўскім раёне, Лідзія Лаўрэнцьеўна Тумарава. — Мне так дрэнна стала — не ведала, што рабіць. Дык вось выратавалі — сюды, у Доўскую бальніцу прывезлі. Добра тут, усе клапоцяцца пра нас, хай ім Бог многа гадоў дае.


Ціск Лі­дзіі Ту­ма­ра­вай вы­мя­рае  га­лоў­ны ўрач Доў­скай участ­ко­вай баль­ні­цы На­тал­ля Гаў­руш­ка.

Жвавая маленькая жанчына расказвае, што ў мясцовай лячэбнай установе ляжыць два разы на год. Кажа: пракапаюць — і далей можа справамі займацца:

— Я ж бабка хоць хворая, але ні хвілінкі на месцы не сяджу. У мяне гаспадарка: кур трэба накарміць і дровы прывезці...

Лечыцца Лідзія Лаўрэнцьеўна ў паліятыўным аддзяленні. У асобных палатах тут ёсць тэлевізар, у кожнай — зручны санітарны блок. Пры неабходнасці выкарыстоўваюцца супрацьпролежневыя матрацы, купленыя на ахвяраванні спонсара. Звычайна такія аддзяленні прызначаны для анкалагічных хворых, але сёння тут лечацца і пацыенты са складанымі сардэчна-сасудзістымі, лёгачнымі і іншымі захворваннямі.

— Вясковае насельніцтва сталее, — заўважае галоўны ўрач установы Наталля Гаўрушка. — Да таго ж людзі часта застаюцца адзінокімі. Таму ў нас тут ляжаць з хваробамі, пры якіх не могуць сябе абслугоўваць. Пры гэтым сталым людзям, каб палепшыць якасць жыцця, патрэбны не толькі догляд, але і карэкціроўка лячэння.

Дарэчы, аграгарадок Доўск Рагачоўскага раёна знаходзіцца ў месцы, дзе перакрыжоўваюцца дзве буйныя аўтамагістралі. А гэта здаўна азначае яшчэ і тое, што менавіта ў Доўскую ўчастковую бальніцу ў першую чаргу паступаюць экстранныя пацыенты з трасы. Менавіта тут аказваюць першую прафесійную медыцынскую дапамогу ўсім, хто трапляе ў аварыю. Такой практыкі заўсёды хапала. Нават тады, калі ўстанова, заснаваная яшчэ ў 1914 годзе, знаходзілася ў невялічкім драўляным дамку каля царквы.

Трохпавярховы будынак, дзе бальніца размешчана цяпер, здалі ў 1978 годзе. І калі б не Чарнобыль, магчыма, была б увасоблена ў жыццё ідэя пра існаванне ў Рагачоўскім раёне дзвюх раённых бальніц: у самім Рагачове і ў Доўску. Цяпер на абслугоўванні Доўскай участковай — больш за 3,5 тысячы чалавек. Таму 70 ложкаў ніколі не пустуюць. 20 з іх адносяцца да аддзялення паліятыўнай дапамогі, столькі ж — у аддзяленні сястрынскага догляду, а астатнія — тэрапеўтычныя. У паліклініцы ідзе штодзённы прыём пацыентаў.

Урач Вольга Баруценка — выпускніца Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта. За час пасля размеркавання дарасла да пасады загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення. На пытанне «Чаму навучыла вясковая бальніца?» адказвае, што экстранныя выпадкі дадаюць вопыту і ўпэўненасці ў сваіх сілах:

— Гэтага за два гады ў мяне дакладна прыбавілася. Самі дыягнастуем і лечым. Такім чынам развіваецца клінічнае мысленне. Тут многа робіш — не толькі тое, што павінен у адпаведнасці з пасадай. А яшчэ мне тут калектыў вельмі падабаецца — ад малодшага персанала да начальства.

Анжаліка Купцова, галоўны ўрач Рагачоўскай цэнтральнай раённай бальніцы:

—Ва ўчастковай бальніцы той жа ўрач-тэрапеўт — не толькі тэрапеўт, але і кардыёлаг, і гастраэнтэролаг, і нефролаг, і рэўматолаг... Ён тут — усё, бо бываюць экстранныя сітуацыі, калі пацыент нетранспартабельны і яго нельга накіраваць у раённую ці абласную бальніцу. У Доўску працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія многіх людзей выцягнулі з таго свету.

Сёння жыхарам Доўска і наваколля не трэба ехаць у Рагачоў, каб набыць неабходныя медыкаменты ці запламбаваць зубы. Аптэка знаходзіцца тут жа — у будынку бальніцы, а кваліфікаваную стаматалагічную дапамогу акажуць, выкарыстоўваючы сучаснае абсталяванне. Ну а калі чалавек ведае, што ён можа як трэба падлячыцца недалёка ад дома, — ён і жыве з іншым настроем.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.