Вы тут

Беларусь і Кітай умацуюць супрацоўніцтва і асвояць новыя кірункі


Такі вынік перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна, якія адбыліся ўчора ў Пекіне.


Кіраўнікі дзяржаў падзяліліся думкамі аб форуме «Адзін пояс і адзін шлях», правядзенне якога абмяркоўваецца ўжо ва ўсім свеце. «Гэта вельмі моцны крок, які вы змаглі зрабіць, і самае галоўнае — прыцягнуць да гэтага больш за 100 краін нашай планеты. Мы ганарымся тым, што былі першымі ў Еўропе і аднымі з першых у свеце, не проста падтрымаўшы ідэю «Аднаго пояса і аднаго шляху», а распачаўшы рэалізацыю гэтага маштабнага праекта на тэрыторыі Беларусі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар прызнаўся, што абмяркоўваў правядзенне мерапрыемства з прадстаўнікамі многіх краін, адзначыўшы, што самым яркім на форуме было ўступнае слова Старшыні КНР. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў цікавую форму правядзення мерапрыемства і яго маштабнасць, яркую праграму для ўдзельнікаў і магчымасць правесці двухбаковыя сустрэчы.

Асноўны час перагавораў лідары дзвюх краін прысвяцілі абмеркаванню праектаў, якія рэалізуюцца, і перспектыў рэалізацыі новых ініцыятыў, паглыблення супрацоўніцтва ў самых розных галінах.

Сумеснае развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва не абмяжоўваецца эканамічнай і інвестыцыйнай сферамі. Так, Беларусь усяляк падтрымлівае рашучасць Кітая браць на сябе абавязацельства абараняць мір ва ўсім свеце. «Прыкладам гэтаму з'яўляюцца ўзаемаадносіны нашых краін у галіне забеспячэння бяспекі, ваеннай сферы і па лініі спецыяльных службаў, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Стварэнне сумеснай пастаянна дзеючай рабочай групы па барацьбе з каляровымі рэвалюцыямі і супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму, унутранаму сепаратызму і рэлігійнаму экстрэмізму надасць новы імпульс узаемадзеянню ў гэтых сферах».

Беларусь таксама зацікаўлена ў далейшым пашырэнні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, у тым ліку рэалізацыі праектаў па мадэрнізацыі рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Паланэз», распрацоўцы сучасных узораў узбраення, ваеннай тэхнікі і іншай экспартна арыентаванай прадукцыі ваеннага і двайнога прызначэння.

Акрамя таго, Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі Беларусі і Міністэрства грамадскай бяспекі Кітая выходзяць на падпісанне новых пагадненняў, якія будуць спрыяць наладжванню больш цесных кантактаў па такіх важных кірунках, як следчая і экспертная работа, узгодненая міграцыйная палітыка.

«Наша ўзаемадзеянне ў галіне бяспекі ў поўнай меры адлюстроўвае ўзровень давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — падкрэсліў беларускі лідар.

Новыя шляхі для пашырэння ўзаемадзеяння ёсць і ў турыстычнай галіне. Напрыклад, краіны вывучаюць магчымасць узаемнага ўвядзення бязвізавага рэжыму да 30 дзён. Кіраўнікі дзяржаў даручылі кампетэнтным органам прадметна прапрацаваць гэтае пытанне.

У цэнтры ўвагі Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна таксама была дзейнасць індустрыяльнага парка «Вялікі камень», паведамляе прэс-служба беларускага лідара. Прэзідэнт паведаміў, што напярэдадні візіту ў Кітай падпісаў указ, які стварае новыя прывабныя ўмовы працы для яго рэзідэнтаў. Бакі канстатавалі, што неабходна працягваць работу па прыцягненні ў парк новых кампаній, ствараць ім камфортныя ўмовы для працы.

Абмяркоўвалася ў час перагавораў і супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай і крэдытна-фінансавай сферах. Кітай разгледзіць магчымасць выдзялення Беларусі сродкаў для завяршэння мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчых заводаў. Гэтыя праекты тэхнічна складаныя, а ўладальнікамі тэхналогій з'яўляюцца ў асноўным еўрапейскія і амерыканскія кампаніі, таму ад магчымасці прадастаўлення нязвязаных крэдытаў залежыць паспяховасць і эфектыўнасць іх рэалізацыі. Паводле ацэнак спецыялістаў, неабходная сума складае каля $1 млрд.

Старшыня КНР адзначыў, што Беларусь і Кітай дабіліся значных вынікаў у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва і заўсёды дасягаюць кансэнсусу па прынцыповых пытаннях. «Я ўпэўнены ў добрай будучыні нашых адносін», — заявіў ён.

Па выніках сустрэчы бакі падпісалі міжурадавае пагадненне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе, якая будзе накіравана на падтрымку будаўніцтва сацыяльнага жылля ў Беларусі. Акрамя таго, бакі заключылі міжурадавае пагадненне аб развіцці міжнародных грузавых перавозак і супрацоўніцтве ў рэалізацыі канцэпцыі будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: У сяброўства — добрая будучыня

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?