Вы тут

Патрапіць пад кніжны дождж


Кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў, сабраныя рэдакцыяй «ЛіМа», ужо патрапілі на бібліятэчныя паліцы! Па ўмовах рэкламнай акцыі, якая ладзілася ў межах падпісной кампаніі-2017, бібліятэкі даслалі ў рэдакцыю копіі падпісных квітанцый, а наўзамен атрымалі кнігі з аўтографамі аўтараў. Дзевяць выданняў было накіравана ў Лунінецкую раённую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму.


Да прыезду карэспандэнта супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі горада Лунінца запланавалі літаратурнае падарожжа: сябры творчага аб’яднання «Літаратурная правінцыя» наведалі аматараў паэзіі ў горадзе Мікашэвічы. Удзельнікамі падарожжа былі не толькі літаратары і бібліятэкары, але і вучні некалькіх школ Лунінецкага раёна. Сустрэча распачалася ў Лунінецкай цэнтральнай бібліятэцы знаёмствам з вядомымі краязнаўцамі Васілём Туміловічам і Іванам Панасюком. Па шляху ў Мікашэвічы аўтобус спыніўся ў вёсках Дварэц і Любань, каб узяць на борт гумарыста Максіма Казуна і пісьменніка Сцяпана Нефідовіча.

У Мікашэвіцкай бібліятэцы гасцей чакала не толькі гарбата, але і некалькі цікавінак. У зале дарослага абанемента зіхацеў «кніжны дождж»: на залатых стужках гайдаліся кнігі мясцовых аўтараў і сучасных беларускіх пісьменнікаў. Айчынная літаратура, прадстаўленая ў такім арыгінальным выглядзе, не застанецца незаўважанай, і прозвішчы сучасных аўтараў запомняцца вельмі лёгка. У Пакойчыку добрага настрою, абсталяваным для маленькіх чытачоў, здзівіла выстаўка папяровых кампазіцый, выкананых у тэхніцы квілінг. Дзівосныя кветкі, вытанчаныя ўзоры... Па словах дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алены Кішкевіч, многія бібліятэкі Лунінеччыны маюць творчыя майстэрні, дзе супрацоўніцы дзеляцца сваімі хобі з наведвальнікамі: у Лунінцы робяць лялек Цільды, у Любані — вышываныя карціны, у Сінкевічах — вырабы з прыроднага матэрыялу, у Дрэбе займаюцца бісерапляценнем.

Вядома, бібліятэкі чакаюць не толькі майстроў, але і чытачоў. Каб прывабіць дзяцей да кнігі і пазнаёміць з навінкамі кнігавыдання, супрацоўнікі Цэнтральнай раённай дзіцячай бібліятэкі праводзяць акцыю «Бібліярукзачок». У дзіцячыя садкі штомесяц зазірае Чараўніца кніжнага царства: ладзіць гульні, знаёміць дзяцей з новымі сябрамі-кніжкамі. Ва ўзнагароду за дапытлівасць і кемлівасць Чараўніца пакідае маленькім чытачам і іх бацькам «бібліярукзачок» з найлепшымі кнігамі, а праз месяц прыходзіць з новымі выданнямі.

Людзей старэйшага ўзросту ў бібліятэку часта прыводзіць цікавасць да рэлігійнай літаратуры. На працягу стагоддзяў нашы продкі шанавалі кнігу як магчымасць звярнуцца да Бога, знайсці духоўную гармонію, зразумець прычыны сваіх праблем. І сёння духоўна-асветніцкі кірунак вызначальны ў дзейнасці раённых бібліятэк. Так, у 12 бібліятэках Лунінеччыны створаны экспазіцыі праваслаўных кніг, а ў Лунінецкай цэнтральнай бібліятэцы дзейнічае духоўна-асветніцкі цэнтр «Вытокі». Тэматычныя сустрэчы з удзелам святароў, якія ладзяцца ў цэнтры, нязменна збіраюць вялікую аўдыторыю. Дыскусіі па актуальных жыцёвых праблемах часта ладзяцца з разлікам на моладзь: тут абмяркоўваюцца пытанні выбару прафесіі, стасункаў у сям’і...

Да арганізацыі святочных сустрэч у горадзе Лунінцы часта далучаюцца сябры «Літаратурнай правінцыі». Для большасці з іх паэзія — гэта не гульня словамі і сэнсамі, не рух да найвышэйшых узораў літаратурнага майстэрства. Творчасць — гэта хвіліны ўздыму, водгулле ўлюбёных класічных твораў, магчымасць сказаць і пачуць ад іншых словы, якія ўмацоўваюць і падтрымліваюць. Падчас літаратурнай сустрэчы гучалі ўзнёслыя велікодныя вершы, філасофская лірыка, гумарэскі, вершаваныя замалаёўкі з вясковага жыцця. Па словах сталых сяброў творчага аб’яднання, падчас літаратурных чытанняў у Лунінцы нярэдка даводзіцца ўдзельнічаць у абмеркаванні вершаў і выслухоўваць крытычныя заўвагі кіраўніка Віктара Пінігіна.

У бібліятэкі Лунінеччыны часта завітваюць і творцы з вялікім літаратурным досведам: Леанід Дранько-Майсюк, Аксана Спрынчан, Сяргей Трахімёнак. Супрацоўнікі бібліятэк заўсёды чакаюць гасцей, а падарункам можа быць не толькі кніга з аўтографам, але і добры настрой ды цікавыя ідэі!

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Фота Таццяны Карпуковіч.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?