Вы тут

Нібы аранжарэя


Як павялічыць колькасць чытачоў у бібліятэцы? Можна завесці мілую жывёлінку, стварыць зімовы сад, перыядычна праводзіць пазнавальныя сустрэчы і віктарыны экалагічнай тэматыкі. Бібліятэка як аранжарэя прывабіць многіх жыхароў сучаснага мегаполіса, а прыемным бонусам для супрацоўнікаў будзе ўрачыстае ўзнагароджванне міжнароднай прэміяй!


Віталь Б’янкі — адзін з самых вядомых пісьменнікаў-натуралістаў. Яго творчасць цікавіць многіх людзей, асабліва маленькіх чытачоў. У межах міжнароднага расійска-беларускага праекта «Пад белымі крыламі» Маскоўская абласная дзяржаўная дзіцячая бібліятэка, Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска і Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма заходняй адміністрацыйнай акругі Расійскай Федэрацыі заснавалі штогадовую Міжнародную літаратурную прэмію імя В. Б’янкі. Сёлетняя прэмія была ўручана мінскай дзіцячай бібліятэцы № 11 за праект «Экалагічнае выхаванне». Акрамя грашовай прэміі бібліятэка атрымала некалькі кніг: «Вялікая кніга апавяданняў» В. Б’янкі і два тамы «Легендаў роднага краю» Уладзіслава Бахрэўскага.

У памяшканні бібліятэкі створана экалагічная зона адпачынку — зімовы сад, дзе квітнеюць больш як 200 відаў экзатычных раслін, якія спрыяюць рэлаксацыі, душэўнаму і фізічнаму ўзнаўленню наведвальнікаў. У левай частцы — паліцы з кнігамі, у правай уздоўж вокнаў — райскі сад. Каб не паліцы з кнігамі, можна падумаць, што трапіў у аранжарэю.

Асаблівасць гэтай бібліятэкі — экалагічны кірунак дзейнасці. Супрацоўнікі распрацавалі праграму «У гармоніі з прыродай», у межах якой працуюць клуб для старшакласнікаў і дарослых «Кветкі для шчаслівага жыцця», клуб юных батанікаў «Чырвоная кветка» і «Каўчэг».

Каб любіць прыроду, трэба ведаць яе, разумець яе мову. Не дзіва што і задача бібліятэкі — навучыць дзяцей любіць і паважаць меншых братоў, раскрыць кожнаму дзіцяці непаўторнасць і значнасць кожнай жывой істоты, а таксама пазнаёміць з прадстаўнікамі жывёльнага свету ўсіх кантынентаў. Цягам шасці год ладзіўся цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных жывёльнаму свету планеты. Пасля кожнай сустрэчы дзецям давалі заданне: падрыхтаваць творчую працу, малюнак, аповед ці верш пра жывёліну. Таму да кожнага мерапрыемства афармлялася экалагічная выстаўка дзіцячых работ.

Калектыў узначальвае Вольга Грышчанкова, прафесіянал з 38-гадовым стажам работы ў сістэме дзіцячых бібліятэк.

 — Адна з адметных рысаў інтэр’ера нашай бібліятэкі — вялікая калекцыя хатніх і экзатычных раслін. Кветкавая казка ў сценах бібліятэкі разгарнулася ўжо вельмі даўно, — распавядае Вольга Іванаўна. — Супрацоўнікі бібліятэкі калісьці «пасялілі» прыроду ў выглядзе першых парасткаў. За імі пацягнуліся чытачы. Праўда, тады гэтая калекцыя не была багатая экзатычнымі раслінамі. За час суіснавання з раслінамі мы набылі багаты досвед і практычныя навыкі па іх утрыманні. Кожны дзень нашу бібліятэку наведваюць да 150 чалавек. І, зразумела, сярод іх — аматары хатніх раслін. Неаднаразова нашымі чытачамі станавіліся мінакі, якія, загледзеўшыся на нашы вокны, упрыгожаныя кветкамі, адважваліся зайсці ў памяшканне палюбавацца калекцыяй зблізку. Сваімі ведамі, досведам, літаратурай, чаранкамі, насеннем мы шмат гадоў з задавальненнем дзелімся з чытачамі. Напрыклад, сёлета квітнела драцена духмяная, што вельмі рэдка здараецца ў хатніх умовах. Расліна не самая прыгожая, нагадвае пальму, але вельмі пахучая.

За шмат гадоў існавання зімовага саду здарылася шмат цікавых гісторый. Вольга Іванаўна распавяла адну з іх:

— Ёсць у садзе і свая зорка — дрэва японскіх імператараў, ці Мурая, якая карыстаецца папулярнасцю дзякуючы сваім гаючым уласцівасцям. Два гады таму здарыўся кур’ёзны выпадак. У публікацыі ў «Вячэрнім Мінску» Наталля Пушкіна распавяла, што дрэва японскіх імператараў падаўжае жыццё. Колькі было званкоў! Людзі прыходзілі і прасілі адростак, бо Мурая сапраўды валодае гаючымі ўласцівасцямі.

Таксама Вольга Грышчанкова ўзгадвае трусіка Вугельчыка, які калісьці жыў у бібліятэцы. Навіна пра трусіка разышлася па раёне як лясны пажар і цягнула ў бібліятэку маленькіх чытачоў і аматараў жывёл. На жаль, новых вушастых жыхароў тут пакуль не з’явілася.

У бібліятэцы ладзяцца сустрэчы з аўтарамі кніг, выстаўкі-гербарыі, фотавыстаўкі, феналагічныя выстаўкі, выстаўкі-інфарміны па экалагічнай тэматыцы, а таксама ўрокі здароўя, экалагічныя ўрокі, гутаркі, віктарыны, конкурсы дзіцячай творчасці. І ўсё гэта побач з кветкавай казкай!

Марыя ШЧЫПАНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».