Вы тут

Без падстраховак


Асоба, што падтрымлівае агонь


Беларуская і сусветная класіка, паэтычныя і празаічныя радкі ажываюць у спектаклях Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра «Зніч». За 27 год працы «Зніча» (нязгаснага агню нацыянальнага мастацтва) перад вачыма гледачоў паўставалі творы Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Ніла Гілевіча, Яўгеніі Янішчыц ды іншых. Усё гэта стала магчымым дзякуючы ініцыятыве аднаго чалавека — Галіны Дзягілевай. Заснавальніца і мастацкі кіраўнік адзінага ў Беларусі монатэатра «Зніч», таленавітая актрыса, рэжысёр сёлета адзначыла юбілей.

…У Малую залу Беларускай дзяржаўнай філармоніі неслі паштоўкі, кветкі і падарункі: звычайныя і творчыя, са спеваў ды тэатральных мініяцюр. «Ці паспеем павіншаваць?» — хваляваліся госці ў глядзельнай зале. Пасля ўрачыстай часткі імпрэзы да юбіляркі завітвалі ў невялічкі кабінецік на трэцім паверсе. Чыталі вершы, спявалі, узнімалі тосты за творчасць і за каханне. Віншаваць Галіну Дзягілеву хацелася па-беларуску: нават рускамоўныя госці спрабавалі скласці колькі слоў на беларускай мове. Дзіўна бачыць, але актрыса хвалявалася, распытвала ў сваіх наведвальнікаў, ці было цікава падчас імпрэзы. «Як цудоўна ён праспяваў! А як узнёсла выканаў нумар!» — здавалася, у Галіны Аляксееўны знойдзецца добрае слова для кожнага выступоўцы.

Юбілярка выпраменьвае святло і энергію, зараджае любоўю да жыцця і творчасці. Калі запытаць, як у яе ўсё атрымліваецца, — здзіўляецца. Ці можа быць інакш? Сапраўды, пасля размовы з Галінай Дзягілевай разумееш: у такой асобы іншае немагчыма!

Запал «Зніча»

Напрыканцы васьмідзясятых я скончыла працу ў віцебскім Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа і паехала ўладкоўвацца ў Маладзёжны тэатр БССР, які толькі-толькі ўтвараўся, — узгадвае Галіна Дзягілева. — Але ў эксперыментальную групу Маладзёжнага тэатра так і не трапіла: пачала працаваць у канцэртна-лекцыйным аддзеле Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Напэўна, так сталася па волі Божай! Яшчэ з Віцебска ў мяне былі пэўныя напрацоўкі па п’есе Яўгена Шабана, з якіх склалася пастаноўка «Вяртанне», вельмі блізкая да монаспектакля. Я сябравала з Саюзам тэатральных дзеячаў, тады Антаніна Міхальцова і Вяргінія Тэрнаўскайтэ прапанавалі мне першы монаспектакль па п’есе «Выгнанне ў рай» Н. Рапа. Давялося рэпеціраваць больш як год, бо кожнае слова ў пастаноўцы трэба было нарадзіць. З цягам часу ініцыятыва атрымала падтрымку і стварыла цуд: аднойчы мяне наўпрост прывялі ў асобны кабінет і сказалі, што я ўжо не ўпісваюся ў канцэртна-лекцыйны аддзел, бо тое, чым займаюся, — сапраўдны тэатр. Так у філармоніі нарадзіўся «Зніч».

Пасля першых роляў у монаспектаклях жадання вярнуцца да звычайных спектакляў не было. Наадварот, я дзякавала Богу за сваё шчасце: магу працаваць у такім цікавым жанры з неабмежаванымі магчымасцямі. Здавалася б, на сцэне толькі адзін чалавек, але адчула, што адна асоба ў мастацтве ці ўвогуле ў жыцці можа часам адкрыць свету больш за грамаду. У чалавеку схаваны цэлы сусвет, тое ж самае — з монатэатрам. Такая тэатральная форма развівае артыста з усіх бакоў. Ён павінен адчуваць тэатр настолькі, каб не захапляцца сабой падчас выканання спектакля, а быць задзейнічаным у агульнай працы. Гэта той выпадак, калі прафесія ў пэўнай ступені не мае межаў. Калі я скончыла тэатральны інстытут, то атрымала прафесію «артыстка тэатра і кіно». Адукацыя дала магчымасць рухацца ў розных напрамках, не засяроджвацца толькі на акцёрскай справе. Давялося выконваць ролі як актрысе, стаць рэжысёрам, аўтарам інсцэніровак, пісаць лібрэта, нарэшце, кіраваць цэлым тэатрам.

Калектыўны клопат

Калектыў «Зніча» — гэта асобная сям’я. У нас такая складаная тэатральная форма, што інакш проста немагчыма. Часта даводзіцца сутыкацца з праблемамі, якіх, мабыць, у іншых тэатраў увогуле няма, бо монаспектакль для артыста — найвышэйшы пілатаж.

Пры гэтым на монаспектакль цяжка прадаваць квіткі: каб арганізаваць гледача на нашы пастаноўкі, трэба быць вялікім аматарам сваёй справы, сапраўдным знаўцам. Эстрада зразумелая і для дзяцей, і для дарослых, туды глядач заўсёды пойдзе. Монатэатр — з’ява няпростая. Але ж трэба, каб людзі былі здаровыя, а наш тэатр, дзе ставяць спектаклі, створаныя паводле класікаў, лечыць душу. І я бачу, што кожны чалавек у калектыве гэта цэніць.

Шчыра скажу: унутры «Зніча» ўсё добра. Пры ўсіх складанасцях згуртаваўся цудоўны калектыў, іншага нават быць не можа! Прафесія, звязаная з мастацтвам, — заўсёды вялікая адказнасць: задач перад намі паўстае значна больш, чым існуе службовых абавязкаў. Калі ў працы аднаго чалавека ёсць недахопы, значыць, мы ўсе нешта прапусцілі, бо ведаем слабыя месцы калег і павінны іх страхаваць. А памылкі ёсць ва ўсіх, у першую чаргу ў мяне самой. На сцэне «Зніча» ідзе класіка, ладзяцца цудоўныя спектаклі (у рэпертуары іх — каля 20), у тэатра багатая гісторыя. Артысты, якія іграюць у пастаноўках, — вядучыя майстры сцэны… Зараз закладзена ўсё, што патрэбна для паспяховай творчасці, і кожны з нас імкнецца адпавядаць узятаму ўзроўню. Таму людзям цікава супрацоўнічаць са «Знічом», назіраць за дзейнасцю тэатра.

Падказкі інтуіцыі

— Якія ролі мяне прывабліваюць? Вельмі цікава, калі чалавек, які апынуўся ў цяжкіх абставінах, знаходзіць выйсце і пры гэтым застаецца Чалавекам. Ён як бы «перахварэе» на выпрабаванні, а пасля паўстане перад гледачом яшчэ больш годнай асобай. Канечне, ёсць персанажы, якія выклікаюць непрыемныя пачуцці: у кожным з нас можа быць нешта непрыемнае. Калі чалавек часам памыляецца, але змагаецца са сваімі заганамі, яго можна зразумець.

Хочацца згадаць ролі з цыкла «Маленькіх трагедый» Аляксандра Пушкіна, якія мне калісьці прапанаваў Рыгор Барадулін. Там я асэнсоўвала, адкрывала для сябе, як застацца чалавекам пасля цяжкіх выпрабаванняў. У монаспектаклі даводзіцца быць і Моцартам, і Сальеры. Нягледзячы на думку пра тое, што Сальеры быў сумленным чалавекам і не зрабіў Моцарту нічога благога, Аляксандр Сяргеевіч узнімае страшную праблему зайздрасці і забойства. Каб глядач усё зразумеў, у першую чаргу я сама павінна ўнікнуць у сутнасць учынкаў персанажаў, інакш будзе «каша». У монаспектаклі ёсць узаемадзеянне. Перадаць ідэю твора артысту дапамагае рэжысёрская задума, цікавыя сцэнаграфічныя падыходы, цудоўная музыка. І ў выніку на сцэне — гімн чысціні. Гімн Моцарту.

Спектакль «Выгнанне ў рай» ідзе ў рэпертуары «Зніча» ўжо больш за дваццаць год. Рагнеда на пачатку сцэнічнага жыцця пастаноўкі і сёння — адна і тая ж Рагнеда, але… Сюжэт застаецца, маё асэнсаванне — змяняецца. Гэта адлюстроўваецца ў эпізодах: штосьці вылучаецца, штосьці, наадварот, выглядае не так значна. Раней спектакль ішоў паўтары гадзіны, зараз — гадзіну. Але ж усё засталося, з п’есы нічога не выкідалі. Павялічылася толькі інтэнсіўнасць жыцця. Пастаноўка стала больш сціслай, і я цяпер не «разжоўваю» яе гледачу, як раней, але паказваю гераіню, выконваю яе ролю дакладна і зразумела.

Калі абіраеш твор для пастаноўкі «Зніча», хочацца ставіць тое, што любіш. За столькі год выпрацавалася інтуіцыя, якая дае падказкі. Канечне, бываюць і памылкі. Ці, напрыклад, даволі доўга працавала над спектаклем, ад якога, па вялікім рахунку, трэба было ўжо пазбавіцца, але ж — класіка… Аснову рэпертуару складаюць беларускія творы. Але зараз з поспехам ідзе спектакль «Мой Маленькі прынц» па рамане Антуана дэ Сент-Экзюперы ў выдатным перакладзе Ніны Мацяш. Асэнсаванне беларусамі сусветнай класікі — важны момант. Глядзіце: у любым мастацкім творы, зробленым паводле іншага, адчуваецца ўнёсак таго, хто зазірнуў у глыбіню арыгінала. Нават перакладчык вылучае тое, што значнае менавіта для яго. А ў класіцы столькі ўсяго! Для кожнага чалавека ёсць, на што абаперціся. Так і атрымалася: французская кніга, а ў спектаклі ўсё ж адчуваецца беларускасць.

Загадкі і адгадкі

— Бяру энергію з рэгулярных фізічных нагрузак: штодзённая фізкультура па тыбецкай методыцы, кожны тыдзень — шэйпінг у спартзале. Па меры магчымасцяў стараюся сачыць за сабой. Ведаеце, калі мы не рухаемся, жыць і працаваць становіцца цяжэй.

Самы галоўны жыццёвы навык — прымусіць сябе пацярпець. Паглядзіце, што зараз адбываецца ў свеце. Здавалася б, адкуль бярэцца столькі негатыву? Мы павінны цягнуцца да святла, але негатыў робіць сваю справу. Хвалюемся, баімся — за сябе, за дзяцей, за будучыню. Але ж усе людзі павінны быць шчаслівыя. Трэба імкнуцца да здзяйснення сваёй мары, не здавацца і верыць у лепшае. Калі цяжка і нешта не атрымліваецца — пацярпіце. Хіба штосьці добрае можа атрымацца адразу? Ніколі! Жыццё чалавечае ўвогуле поўніцца праблемамі, таму нельга іх баяцца.

Калі пытаюць пра тое, як атрымліваецца сумяшчаць кар’еру, творчасць і сям’ю — мужа, дачку, унукаў, — адразу хочацца пазбавіцца ад слова «кар’ера». Мая праца — гэта маё жыццё. Нават у вольны час я думаю пра тое, што яшчэ трэба зрабіць. Не лічу творчыя дасягненні. Шчыра радуюся ды кажу «Дзякуй Богу, зрабіла!», таму што абмінула пэўную перашкоду. Вось і сённяшняе свята: не сорамна за яго, то ўжо добра. Атрымалася прыгожа — дык таму, што свет сапраўднага мастацтва заўсёды будзе прыгожы.

Калі б працавала ў іншай прафесіі, усё роўна засталася б рамантыкам: мастацтва вельмі шмат адкрывае чалавеку. З тых часоў, калі я толькі вучылася, тэатр для мяне — цэлы свет. Асэнсаванне класікі, якую мы ставім, дапамагае лепш разумець жыццё. Штодзень — безліч загадак і адгадак. Але без веры, без хрысціянскай любові прафесія акцёра прывядзе да ганарлівасці ды эгацэнтрызму. Я баюся гэтага і ў цяжкіх абставінах заўсёды кажу сабе: «Нічога, Галя, пацярпі». Лепш лішні раз папрасіць прабачэння, чым ісці наперад па галавах. Вось такая жыццёвая філасофія. Гэта не значыць, што я заўсёды ўсё правільна раблю, таксама часта памыляюся. Усе людзі памыляюцца, але ва ўсіх нас ёсць магчымасць прасіць прабачэння. Таму што ў жыцці не існуе ніякіх падстраховак.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».