Вы тут

Ад «Перапёлачкі» да «Abba»


Неабмежаваныя магчымасці беларускіх цымбалаў


Гэты інструмент — адна з візітак беларускай нацыянальнай культуры. На працягу стагоддзяў народныя майстры ўдасканальвалі цымбалы, і яны сталі акадэмічным інструментам, ігра на якім выкладаецца ў сценах Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

 Пра сучаснасць беларускага народнага інструмента распавёў член Асацыяцыі беларускіх цымбалістаў, кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь цымбальнага аркестра «Першацвет», а таксама намеснік дырэктара мінскай сярэдняй школы № 13 па вучэбнай рабоце Віктар Тульвінскі.

— Сёлета аркестру «Першацвет» споўнілася трыццаць год. Як мянялася стаўленне беларусаў да цымбалаў цягам апошніх дзесяцігоддзяў?

— Калі мы толькі пачыналі ствараць калектыў (гэта 1980-я гады), адчуваўся ўздым нацыянальнай культуры. Як вынік — з’явілася цікавасць да народных інструментаў. Практычна ва ўсіх музычных школах стваралі самадзейныя цымбальныя калектывы, у вышэйшых навучальных установах былі цымбальныя аркестры: гэта лічылася паказчыкам прэстыжу. Але потым сітуацыя змянілася, і зараз такога ажыятажу і попыту на цымбалы няма. Няма нават былой матэрыяльнай базы — закрылася барысаўская фабрыка, якая забяспечвала нас інструментамі. Мае вучні цяпер купляюць цымбалы «з рук» праз аб’явы, бо новыя робяць толькі на заказ, а гэта вельмі дорага: не кожны беларус дазволіць сябе такія выдаткі. Многіх калектываў ужо не існуе: напэўна, трымаць свой народны аркестр цяпер не модна. Цымбалы паступова становяцца вузкаспецыфічным кірункам у беларускай культуры. Як з класікай: гэтая музыка займае сваю нішу, знаходзіць прыхільнікаў, але масавай цікавасці няма.

— На што можа паўплываць Асацыяцыя беларускіх цымбалістаў?

— Старшыня асацыяцыі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, народны артыст Беларусі Яўген Гладкоў імкнецца не страціць цымбальную школу, спрабуе аднавіць масавую вытворчасць інструментаў, ладзіць міжнародны фестываль «Сярэбраны звон цымбалаў», конкурсы ды семінары — жыццё ўнутры цымбальнага свету віруе. У нас добры падмурак — распрацаваная метадычная, практычная, нотная база. Ва ўсіх музычных школах створаныя аддзяленні цымбалаў, але, на жаль, колькасць дзяцей штогод памяншаецца. Гэта можна прасачыць на прыкладзе нашай школы: калі раней з аднаго класа на цымбалы набіралася 12 — 15 чалавек, то зараз — толькі 2 — 3. Цымбалы не карыстаюцца такім попытам, як фартэпіяна або скрыпка. Да таго ж у школах на музыку сталі адводзіць меней гадзін. Ды для развіцця тых калектываў, што ёсць, патрэбныя сродкі: на добрыя інструменты, касцюмы, рэкламу…

— За кошт чаго «Першацвету» ўдалося ўтрымацца ў той час, калі знікалі іншыя калектывы, якія пачыналі працаваць адначасова з вамі?

 — «Першацвет» хутка дамогся поспеху, і ўдзельнікі калектыву адчулі сябе лідарамі. Нікому не хацелася апускаць планку, на дасягненне якой пайшло столькі намаганняў. Наш аркестр атрымаў званне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, а з такім статусам прыходзіць і адпаведнае стаўленне з боку арганізатараў, пачынаюць запрашаць на больш прэстыжныя конкурсы і канцэрты. Сярод шматлікіх перамог на фестывалях і конкурсах самым важкім дасягненнем «Першацвету» з прафесійнага пункту гледжання магу назваць Гран-пры конкурсу знакамітай і аўтарытэтнай установы — Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных. Дапамагае і мая жонка Ала Тульвінская: яна выкладчык па класе цымбалаў, рыхтуе і пастаўляе ў аркестр добрыя кадры.

— Як вы сталі працаваць менавіта з цымбальным аркестрам?

— Мая жонка грала ў даволі знакамітым цымбальным аркестры пад кіраўніцтвам Аркадзя Берына. Я часта прыходзіў на рэпетыцыі, канцэрты, ездзіў з імі на гастролі, сам загарэўся ідэяй цымбальнага калектыву. Калі жонка перайшла на працу ў школу № 13, высветлілася, што там набылі інструменты (адных цымбалаў — 24), а стварыць аркестр не было каму. На той момант я ўжо ведаў, як падысці да справы, хацеў на практыцы рэалізаваць тое, што бачыў раней. Пайшоў у школу, каб стварыць цымбальны аркестр, а знайшоў справу свайго жыцця. Так спадабалася, што да сёння не магу адарвацца: у аркестры можна ажыццявіць любую задуму.

— Аркестр «Першацвет» створаны на базе школы, і значная яго частка — вучні. Як арганізаваць працу з дзецьмі так, каб яны арганічна ўвайшлі ў спрактыкаваны і дасведчаны калектыў?

— Напрацоўваць тэхніку пачынаем яшчэ з чацвёртага класа: ствараем невялікія ансамблі, каб дзеці навучыліся адчуваць адзін аднаго. У пятым класе праца становіцца больш сур’ёзнай — пераводзім дзяцей у падрыхтоўчы аркестр. Прыкладна ў шостым класе самыя прасунутыя вучні трапляюць у асноўны склад «Першацвету». У пастаянны склад аркестра ўваходзяць 35 чалавек. Адначасова працую з трыма рознымі групамі: дзіцячай, старэйшай і «вячэрняй» — гэта тыя, хто скончыў нашу школу, атрымаў прафесію, часам нават далёкую ад музыкі, а развітвацца з аркестрам не жадае. Сярод самых сталых удзельнікаў «Першацвету» дасюль засталіся некалькі чалавек з першага выпуску, набранага яшчэ ў 1986 годзе.

Праца ў аркестры — вялікая адказнасць, але асобна вучыць дзяцей сур’ёзнаму стаўленню да справы не трэба. Калі новы вучань трапляе ў «Першацвет», ён адразу адчувае станоўчую аўру калектыву, бачыць уважлівае стаўленне да рэпетыцый і канцэртаў. Малодшыя аўтаматычна цягнуцца за старэйшымі, стараюцца не адставаць. Нават не прыгадаю выпадку, калі б дзіця не ўлілося ў калектыў.

— Як заахвочваеце школьнікаў вучыцца іграць на цымбалах?

— Мы імкнёмся паказаць цымбалы «ў дзеянні», выконваем для дзетак пазнавальныя мелодыі, каб яны пачулі, які гэта прыгожы і незвычайны інструмент. Зразумела, калі проста расказваць пра інструмент, ніхто не зацікавіцца, а калі пачынаеш іграць сам, а потым даеш паспрабаваць школьніку, бачыш — вочы загарэліся, ён кажа: «Мама, я хачу на цымбалы!»

— Зараз трэба зацікавіць інструментам не толькі маленькіх слухачоў, але і дарослых. Якім чынам вы складаеце рэпертуар?

— Мы ставім некалькі класічных і народных кампазіцый, якія хочам данесці да аўдыторыі, і разам з імі выконваем тое, што цікава простым слухачам. Ёсць надзвычай добрыя кампазіцыі ў аркестравай апрацоўцы: «Th e Вeatles», «Abba», шмат музыкі з аперэт, эстрады, нават джаз — прысутнічаюць практычна ўсе музычныя кірункі. Напрыклад, цяпер рыхтуем святочны канцэрт у Малой зале Палаца Рэспублікі да юбілею «Першацвету». Раз на 5 год нам трэба пацвярджаць званне «Заслужаны аматарскі калектыў РБ», таму зрабілі акцэнт на разнастайнасць: скампанавалі праграму і для прафесіяналаў, і для аматараў. Нашыя выступы даказваюць: на цымбалах можна выканаць усё, што заўгодна. Канечне, ёсць свая спецыфіка, але аркестр выкарыстоўвае і іншыя інструменты. Калі нешта не зусім добра гучыць на цымбалах — значыць, прагучыць на флейце…

— «Першацвет» выступаў у Францыі, Германіі, Польшчы. Як еўрапейскія слухачы ўспрымаюць цымбалы?

— Для іх гэта экзотыка: большасць еўрапейцаў ніколі не бачыла цымбалы. У некаторых краінах ёсць інструменты, эквівалентныя беларускім цымбалам, але яны там не вельмі распаўсюджаныя. Людзям цікава паслухаць новы інструмент, асабліва калі мы выконваем знаёмы для іх рэпертуар у нязвыклым гучанні. Еўрапейцы ўмеюць слухаць не толькі сваю музыку, але і замежныя творы, таму праз адну-дзве агульнавядомыя кампазіцыі мы заўсёды выконваем беларускія шлягеры. На Захадзе ёсць цікавасць да нашай культуры: за гэтыя гады мы аб’ехалі ўсю Германію аж да мяжы Паўднёвых Альпаў.

На нашых канцэртах звычайна шмат сталых людзей: пенсіянеры ў Еўропе вельмі актыўныя і цікаўныя, аддаюць перавагу культурнаму адпачынку. Калі нас запрашаюць на святочныя канцэрты кшталту Калядных гулянняў, то калектывы на пляцоўках змяняюцца з абеду і да самай ночы. Там, вядома, больш моладзі. Заўважна, што еўрапейскай моладзі таксама цікава паслухаць беларускія цымбалы: нягледзячы на моўны бар’ер, хлопцы і дзяўчаты падыходзілі да нас пасля канцэртаў, задавалі пытанні, дакраналіся да цымбалаў, спрабавалі зразумець, што гэта ды адкуль.

 — З якім рэпертуарам ездзіце ў еўрапейскія туры?

— Калі нас запрашаюць, то часта дасылаюць прыкладны пералік кампазіцый, якія жадаюць пачуць. Звычайна гэта класіка (ад Баха да Чайкоўскага), сусветныя хіты ды мелодыі з кінафільмаў. Калі незнаёмы не толькі інструмент, але і рэпертуар, цікавасць можа хутка згаснуць, а так нам падпяваюць і нават танчаць. Наша народная музыка таксама досыць запатрабаваная. Я аб’яднаў у адзін музычны твор 12 папулярных беларускіх кампазіцый і назваў яго «Вянок беларускіх мелодый». У «Вянку» змясціліся ўсе нашыя пазнавальныя шлягеры ад «Перапёлачкі» да «Лявоніхі». Мелодыі пераходзяць з адной у другую, узаемадзейнічаюць — гучыць прывабна, а заходнія слухачы за 4 хвіліны могуць азнаёміцца з большай часткай беларускіх мелодый. Вязём і шмат твораў беларускіх кампазітараў: Гулая, Іванова, Будніка ды іншых. Дзіўна, але некаторых з іх там ужо ведаюць! Некалькі разоў да мяне падыходзілі і прасілі выканаць творы Генадзя Ермачэнкава: ён таксама ездзіў з цымбальным аркестрам у Еўропу. Наогул, у свеце вялікая цікавасць да музыкі, якая прадстаўляе нацыянальную культуру.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.

Грамадства

Ёсць людзі, якім надзвычай цяжка адмовіцца ад тытуню

Ёсць людзі, якім надзвычай цяжка адмовіцца ад тытуню

Але гэта не азначае, што і спрабаваць не варта.

Грамадства

Сям'я мінчан пераехала ў вёску і разводзіць ездавых сабак

Сям'я мінчан пераехала ў вёску і разводзіць ездавых сабак

Ён — былы спартсмен. Яна — гаспадыня чайнай школы.