Вы тут

Рэцэпты матывацыі


...Адзін калега па цэху нейкі час неаднаразова спрабаваў адпусціць бараду, эксперыментаваў, але ў выніку пагаліў расліннасць на твары канчаткова. І вось неяк я заўважыў, што тая зноў вярнулася ў яго на ранейшае месца і не знікае. Пацікавіўся, у чым справа. Калега расказаў, што аднойчы цешча, прыгадаўшы ў якімсьці там кантэксце яго бараду, сказала, што з ёй ён быў падобны... на казла. «А, раз так!» — і зяць адгадаваў яе наноў, не маючы пакуль намеру галіць. Другі калега носіць расліннасць на твары даўно. Але вось жа зноў заўважыў, што рэгулярна — раз на некалькі месяцаў — яна з твару знікае, але потым нязменна вяртаецца назад. Вядома ж, таксама пацікавіўся прычынай. Калега распавёў, што адсутнасць у яго барады супадае з наведваннем пажылых бацькоў у вёсцы. «Разумееш, ім здаецца, што няголены я магу быць у горадзе толькі асобай без пэўнага месца жыхарства. Таму каб не расстройваць іх...» У аснове абодвух гэтых выпадкаў ляжыць матывацыя, вось толькі рэцэпты ў яе розныя...


Калі сеціва і газеты запаўняюць гісторыі з фатаграфіямі людзей, што пачалі худзець або ўжо дасягнулі пэўных вынікаў у гэтай справе, тое нязменна азначае толькі адно — хутка лета. («Запланаваў пахудзець да водпуску на пяць кілаграмаў. Засталося яшчэ сем».) Як правіла, героі публікацый спрабуюць прадэманстраваць усім уласную сілу волі... (Памятаеце фразу Астапа Бендэра з «12 крэслаў»? «Мне ніколі не дабіцца ад вас таго, чаго дабіўся сябра майго дзяцінства Коля Остэнбакен ад сяброўкі майго ж дзяцінства польскай прыгажуні Інгі Заёнц: ён дабіўся ад яе кахання».) Па праўдзе, падтрымку з боку іншых гэта гарантуе на заўсёды. Пасля таго, як самая вядомая мадэль plus-sіze планеты (параметры 91—85—119) пахудзела, ад яе адвярнуліся фанаты. Яны палічылі, што знакамітасць здрадзіла сваім ідэалам. Гэта мадэль была фэшн-іконай для дзяўчат з акруглымі формамі, а лініі адзення, якія яна рэкламавала, нязменна мелі поспех. І на табе... (Як гаварыў усё той жа кінагерой: «І на дзеўку грэх бывае, як сказала польская прыгажуня Інга Заёнц праз месяц шлюбу з сябрам майго дзяцінства Колем Остэнбакенам».) Але ж пахудзець было жаданнем самой мадэлі...

А вось 26-гадовая дзяўчына са Швецыі скінула вагу і актыўна занялася фітнесам пасля крыўднага каментарыя... сваёй бабулі. («Дзяўчына некалькі разоў садзілася на дыету, але кожны раз міма».) Бабуля зрабіла заўвагу, што ўнучка тоўстая. Пасля гэтага тая адмовілася ад фаст-фуду, пачала хадзіць у трэнажорную залу і скінула 20 кілаграмаў. «Калі бабуля, якая заўсёды імкнецца цябе накарміць, гаворыць, што ты тоўстая — гэта крыўдна», — расказала дзяўчына. («Чым бліжэй да бабулі жывуць унукі, тым яны таўсцейшыя».) Але крыўда стала матывацыяй. Шведка не толькі прывяла сябе ў форму, але і пачала весці блог пра дыеты, даваць парады іншым. («Пахудзела, як дурніца, да лета, а цяпер вось хадзі так. Ні табе лета, ні тлушчыку, каб сагрэцца».)

Свой рэцэпт матывацыі прэзентавала дзяўчына — бразільскі арбітр. Яна выйшла судзіць футбольны матч у мокрай белай футболцы, пад якой больш нічога не было.

Пра паводзіны гульцоў падчас паядынку нічога не паведамляецца — можна толькі здагадвацца. («Пад макіяжам часам хаваецца проста прыгожая жанчына».) Але пасля матча падчас групавога фатаграфавання некаторыя гульцы глядзелі не ў аб'ектыў, а выключна на грудзі суддзі, так што здымак выйшаў вельмі смешны. Сама дзяўчына заявіла, што людзі зацыкліваюцца на яе сексуальнасці, а ёй, маўляў, тое не падабаецца. Яна б хацела, каб ацэньвалі найперш яе прафесіяналізм... («Па натуры я ціхая, сціплая, ранімая жанчына. Але часам ува мне прачынаецца дзёрзкі і няголены Фёдар».)

Амерыканская студэнтка паспрабавала прыцягнуць хлопца самапрэзентацыяй у спецыяльнай праграме, дзе распісала ўсе свае вартасці. («Ты галоўнае чакай, і нічога не зменіцца».) Маўляў, яна лепшая кандыдатка для яго. І суразмоўца выдатная, і добра апранаецца, і стыльна выглядае, і з гумарам, і грудзі ў яе працягваюць расці — абхват адной да 2025 года складзе прыблізна 57 сантыментаў... («Мне не падабаецца, як ты адказаў на маё пытанне, таму спытаю яшчэ 15 разоў — раптам ты адкажаш, як мне хочацца». Подпіс — жанчыны».) Хлопец не адгукнуўся. («У Ігара былі настолькі нявызначаныя планы на вечар, што ў краме ён купіў кнігу, шпаталь і прэзерватывы».) Затое самапрэзентацыя дзяўчыны набыла вірусную папулярнасць сярод мікраблогаў.

...Уладальнік ювелірнай крамы з Тэхаса арганізаваў незвычайную акцыю: пакупнікам заручальных пярсцёнкаў ён дорыць сертыфікат на... зброю. Як ён сам сказаў: «Хто не хоча купіць драбавік ці вінтоўку і адначасова знайсці каханне ўсяго жыцця?» («На факультэт інтрыгі патрабуюцца загадчык кафедры і яшчэ хто-ніхто...») Маўляў, вядзенне сельскай гаспадаркі, паляванне і асабістае жыццё — усё гэта цесна пераплятаецца і натуральна для Тэхаса. Як вам такі рэцэпт матывацыі да доўгага сямейнага жыцця?

І можна было б пасмяяцца з апошняй навіны, калі б не наступнае паведамленне: у прыгарадзе Чыкага пайшлі з жыцця з розніцай у 40 хвілін, трымаючыся за рукі, муж і жонка, якія пражылі ў шлюбе 69 гадоў.

Па словах іх дзяцей, бацька ніколі нічога не хацеў рабіць асобна ад жонкі і не ўяўляў сваё жыццё без яе... («Сужэнцы са стажам днём жывуць душа ў душу. А ноччу спяць попка да попкі».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.