Вы тут

Малады беларускі дызайнер расказаў, чаму варта павучыцца ў японцаў


Японія — адна з тых краін, якія для большасці беларусаў застаюцца практычна недасяжнымі. Не дзіўна: супрацьлеглы бок зямнога шара, кардынальна іншая культура, высокія цэны... Нават калі нехта з турыстаў і трапляе ў «Ніпон», то надоўга звычайна там не затрымліваецца. Але малады беларускі дызайнер Раман ДАВЫДКА нядаўна не толькі наведаў Краіну ўзыходзячага сонца, але і пражыў там дзевяць месяцаў. Пра тое, чаму беларусам варта павучыцца ў японцаў і чаму вярнуўся на радзіму, хлопец расказаў «Чырвонцы. Чырвонай змене».


Быў у Японіі і не бачыў квітнеючую сакуру — лічы, не бачыў нічога.

Ад ролаў і мангі да білетаў на самалёт

— Маё знаёмства з японскай культурай пачалося з кухні, — усміхаецца Раман. — Гэта было яшчэ ў школе. Сябра набыў сабе ролы, а я адварочваў нос: «Як можна есці сырую рыбу?» У рэшце рэшт пакаштаваў адзін і ў выніку ўзяў вялікую порцыю. Потым пачаў глядзець анімэ (японскую анімацыю), трохі пазней зацікавіўся мангай (коміксамі ў той жа візуальнай стылістыцы). Неяк ва ўніверсітэце здарыўся доўгі перыяд хандры, я не разумеў, чаго хачу ад жыцця. Гэта заўважыў бацька, спытаў у мяне, чым бы я хацеў заняцца. Я падумаў і сказаў, што хачу з'ездзіць у Японію. Падалося, што ён адрэагаваў скептычна, але праз некалькі дзён даслаў мне спасылку на курсы японскай мовы і паабяцаў, што калі я адзаймаюся год, ён падорыць мне білеты на самалёт.

Курсы хлопца адразу захапілі. Заняткі вёў «сэнсэй» з Японіі, ды і ўвогуле вывучэнне мовы, карэнным чынам адрознай ад беларускай, аказалася цікавай справай. Праз год настаўнік звязаўся са школай у Токіа і дамовіўся аб прыездзе свайго вучня. Аформіўшы візу, хлопец упершыню накіраваўся ў Краіну ўзыходзячага сонца — на месяц. Наведваў заняткі па чатыры гадзіны на дзень, астатні час траціў на знаёмства з горадам. Калі вярнуўся ў Беларусь, зразумеў: гэтага мала. І пачаў рыхтавацца да больш працяглай паездкі.

— У фінансавым плане ўсё містычна круцілася вакол лічбы 800 долараў, — смяецца вандроўнік. — Такім быў кошт аднаго месяца заняткаў у школе (першы з іх я аплачваў загадзя), столькі ж каштавалі білеты на самалёт да Токіа і назад, такую ж суму я аддаваў у месяц за пражыванне. Увогуле, існуе тры варыянты размяшчэння. Найбольш танны — інтэрнат, яго прадастаўляе школа. «Сярэдні», якім скарыстаўся я, — так званая «хост фэмілі» (прымаючая сям'я). Многія японцы маюць уласныя прыватныя дамы ў горадзе, дзе размяшчаюць вучняў такіх школ, як мая. У нашых гаспадароў, напрыклад, каля двух дзясяткаў пакояў. У кошт пражывання ўваходзяць штодзённае харчаванне, інтэрнэт, мыццё адзення і бялізны, камунальныя паслугі і іншае. Самы дарагі варыянт — арэнда кватэры, бо цэны на жыллё ў Токіа шалёныя. За 600 долараў можна зняць аднапакаёўку без мэблі, сюды ж трэба дадаць цану залогу, «камуналкі» і іншага. Прычым варта разумець, што кватэры ў японцаў звычайна вельмі аскетычныя: з малюсенькімі пакоямі, сумешчанымі ваннай і прыбіральняй і з кухняй проста ў прыхожай.

Пра культуру чэргаў і вячэру «з пярчынкай»

— Першае, што кідаецца ў вочы ў Японіі, — татальны клопат пра людзей, — адзначае Раман. — На мытні ў аэрапорце заўсёды будуць працаваць усе кабінкі, а консульскія, калі дыпламатаў няма, будуць прапускаць шараговых пасажыраў. Заблытацца немагчыма — скрозь стаяць спецыяльныя супрацоўнікі, якія ледзь не за руку накіроўваюць людзей у патрэбныя месцы. А яшчэ ў японцаў ёсць своеасаблівая «культура чэргаў», бо стаяць у іх даводзіцца нярэдка. Напрыклад, у метро абазначаны месцы адкрыцця дзвярэй вагона, і пасажыры загадзя выстройваюцца ў шэрагі перад імі. Займаць месца за іншых не прынята, кожны новы чалавек заўсёды становіцца ў канец. Затое там ніколі не пачуеш славутага «вас тут не стаяла». А яшчэ я адзначыў бы нейкую бязмежную ветлівасць мясцовых. Скажам, пераходзіш праезную частку, і кіроўца саступае пешаходам (ён абавязаны гэта зрабіць па правілах). Але ўсе прахожыя ўдзячна схіляюць галаву — маўляў, «дзякуй!» Ці наадварот: кіроўца выпадкова стаў пасярод перахода — абавязкова будзе жэстамі ўсяляк выбачацца перад пешаходамі.

Адна з прыродных з'яў, характэрная для Японіі і якой няма ў нас, — землятрусы. Раман кажа, што толькі за час яго візіту штуршкі здараліся разоў пяць-сем. Але мясцовыя на іх звычайна практычна не рэагуюць. Калі такое адбываецца падчас вячэры, сям'я проста працягвае трапезу. Адзінае, што нехта можа жартам ацаніць магутнасць: «Балаў пяць». А вось беларускаму госцю першы раз было не да смеху, асабліва калі штуршкі не скончыліся праз некалькі імгненняў.

— Калі казаць пра цэны, то ўсё проста — большасць тавараў прыкладна ў два разы даражэйшая за нашы: ад прадуктаў да забаў, накшталт кіно, — кажа дызайнер. — Гэта, напэўна, галоўная складанасць. Усё астатняе не выклікае вялікіх цяжкасцяў. Вядома, там зусім іншая культура, таму да многага трэба прывучаць сябе з нуля — скажам, сартаваць абсалютна ўсё смецце. З той жа кухняй праблем не ўзнікала. Японцы харчуюцца ў асноўным рысам, локшынай і гароднінай, мяса ўжываюць няшмат.

Традыцыйная японская страва гюдон: рыс з варанай ялавічынай, цыбуляй і сырым яйкам.

Нацыянальны кактэйль і музей без экспанатаў

Акрамя Рамана, у сям'і жылі аматары японскай мовы з самых розных краін: мексіканцы, бельгійцы, аргенцінцы, кітайцы, датчане, італьянцы. Летам на некалькі месяцаў спыняліся беларусы — каля двух дзясяткаў чалавек. Менавіта іншыя студэнты і былі галоўнымі сябрамі хлопца на працягу ўсяго перыяду. Паводле яго слоў, японцы, нягледзячы на сваю ветлівасць, не надта ахвотна ідуць на блізкі кантакт з незнаёмцамі, асабліва замежнікамі. Аднойчы Раман кантактаваў з амерыканцам, які жыве ў Токіа ўжо каля сямі гадоў. Той прызнаўся, што мясцовыя толькі цяпер патроху пачалі прымаць яго ў сваю кампанію, бо нарэшце звыкліся з думкай, што госць ужо не з'едзе.

Турыстычная праграма хлопца была адносна невялікай, але ў яе ўвайшло наведванне парку і музея міру, што ў Хірасіме. Па словах Рамана, галоўнае ўражанне пакідаюць не экспанаты, а іх практычная адсутнасць — пасля ядзернага выбуху важных артэфактаў амаль не засталося. Большасць экспазіцыі складаюць фотаздымкі і тэкставая інфармацыя. Таксама вандроўнікі наведалі мясцовую оперу (слухаць «Мадам Батэрфляй» па-італьянску і чытаць субцітры па-японску — задача не з простых, калі хочаш зразумець сюжэт) і востраў Міядзіма, вядомы яшчэ як востраў Храмаў. Акрамя саміх свяцілішчаў, на ім знаходзяцца сотні торый (рытуальных брам), якія лічацца сімвалам Японіі.

У гасцях добра, але дома — сям'я

У хуткім часе пасля прыезду Раман уладкаваўся на работу. З будучым работадаўцам ён пазнаёміўся, калі ў вольную хвіліну прыйшоў на мітап — мерапрыемства, дзе сустракаюцца людзі з розных сфер, каб наладзіць кантакты і проста пагутарыць пра бізнес. Хлопец загаварыў з адным з удзельнікаў, які, як высветлілася, займаецца распрацоўкай праграм. Адзін з праектаў — праграма для вывучэння японскай мовы. І вось супадзенне — яны шукалі сабе новага дызайнера. Так у Рамана з'явілася праца і добры заробак, што дазваляла замацавацца ў Японіі надоўга. Тым не менш у выніку ён усё ж вярнуўся на радзіму.

Нягледзячы на некалькі гадоў вывучэння японскай мовы, складанасцяў хапала. Напрыклад, хлопец не мог банальна аформіць банкаўскую картку, бо не здолеў запоўніць папяровую анкету. Для больш-менш свабоднага чытання трэба памятаць не менш за 3000 іерогліфаў і 6000 — для дасканалага. Калі ўзнікалі праблемы, Раман карыстаўся афлайнавым перакладчыкам на смартфоне, у якім можна маляваць сімвалы. Добра, калі размаўляць даводзілася са знаёмымі, якія ўсё разумелі і цярпліва чакалі, пакуль хлопец знойдзе патрэбны выраз у слоўніку, але часам размова банальна не складвалася.

— Праз чатыры-пяць месяцаў я зразумеў: хачу дадому, — успамінае хлопец. — Так, Японія — проста шыкоўная краіна. Нават калі ўспомніць прыроду, яна там значна больш разнастайная. Але мне не хапала галоўнага — сям'і і сяброў. Навошта ўсе гэтыя эмоцыі, калі імі няма з кім падзяліцца? Згодны, сёння без праблем можна камунікаваць са знаёмымі, нават знаходзячыся за тысячы кіламетраў адно ад аднаго, але гэта не тое. Таму я сабраў рэчы, купіў зваротны білет і паляцеў у Беларусь. Ідэю з японскай мовай я не закінуў, спрабую вучыць яе далей, але гэта паездка дапамагла мне зразумець, наколькі я люблю сваю краіну.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Досвед, ахінуты сакурай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».