Вы тут

Тыя паштоўкі — як крылы для мары


Юнкары, увага!

Згодна з умовамі правядзення нашага творчага конкурсу, прыём «проб пяра» ад юных і маладых няштатных аўтараў быў завершаны ў пачатку месяца. Усяго іх паступіла некалькі дзясяткаў. На жаль, не ўсе дасланыя работы адпавядалі заяўленым патрабаванням, тым не менш, лепшыя з іх з'яўляліся на старонках «Чырвонкі. Чырвонай змены» па-за конкурсам — у якасці звычайных журналісцкіх матэрыялаў. Па традыцыі пэўная колькасць «проб пяра» паступіла ў апошні момант. Таму ў наступных нумарах маладзёжнага дадатку мы працягнем друкаваць найлепшыя з іх. Нагадваем, што вынікі конкурсу будуць падведзены да пачатку ўступнай кампаніі, каб пераможца ці пераможцы, калі яны сёлета збіраюцца паступаць на журфак, змаглі апроч памятных прызоў атрымаць ад рэдакцыі яшчэ і рэкамендацыю, а іншыя ўдзельнікі — публікацыі для свайго партфоліа. Сачыце за «Чырвонкай. Чырвонай зменай»!


Любоў да людзей — гэта і ёсць тыя крылы, на якіх чалавек падымаецца вышэй за ўсё. Гэтыя словы вядомага класіка Максіма Горкага я прыгадала, калі пазнаёмілася з Віялетай Банковіч і яе гісторыяй. Апошнім часам у дзяўчынкі нібы выраслі крылы. Кожную раніцу яна прачынаецца з радасным чаканнем цуду і пытаецца: «Матуля, а сёння ты зазірала ў паштовую скрыню?»

Не так даўно Віта захапілася посткросінгам. Усё пачалося з таго, што сябар сям'і расказала ў сацыяльных сетках пра дзяўчынку з асаблівасцямі развіцця і папрасіла падтрымаць яе. Мноства людзей з задавальненнем адгукнуліся, і ўжо праз некаторы час Віялеце сталі прыходзіць лісты з розных куткоў свету. Кожнае пасланне дзяўчынка чытае з асаблівым трапятаннем і ўвагай. Для Віялеты гэта не проста малюнкі, а адзіная на сённяшні момант магчымасць «пабываць» у розных гарадах і краінах. На іх перад Вітай «распасціраюцца» абшары Расіі, Украіны, Кыргызстана, Азербайджана, Арменіі, Бельгіі, Германіі. Дзякуючы паштоўкам дзяўчынка ўбачыла, напрыклад, Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт на Вараб'ёвых горах, уразілася незвычайнай прыгажосцю Карэльскага краю і нават «апынулася» каля падножжа гары Арарат.

Многія падышлі да паслання творча і зрабілі паштоўкі сваімі рукамі. Часам у канверце прыходзяць і лісты, што вялікая рэдкасць у наш час. «Дарагая Віялета! У цябе вельмі прыгожае імя, ты ўнікальная, выдатная, проста супер! Поспехаў табе ў жыцці. У цябе будзе ўсё добра!» — пішуць дзве дзяўчынкі з Пермі, Каця і Паліна.

Але з велізарнай колькасці паштовак Віта вылучае самую любімую — з мілым вожыкам, таму што вельмі любіць жывёл. Летась сям'я абзавялася новым сябрам.

— Аднойчы мы з мамай вярталіся дадому з прагулкі і знайшлі каля пад'езду маленькае кацяня. Яно было параненае, і мы проста не змаглі прайсці міма, — успамінае Віёла.

Гаспадары накармілі, абагрэлі і прылашчылі новага члена сям'і, а ён, у сваю чаргу, адплаціў сваёй любоўю: калі дзяўчынцы сумна або проста дрэнны настрой, Фёдар (так назвалі гадаванца) усаджваецца на калені і пачынае «падпрацоўваць псіхатэрапеўтам».

Усе, хто знаёміцца з гэтай цудоўнай дзяўчынкай, адкрываюць яе як цікавага і рознабаковага чалавека, які мае незлічоную колькасць хобі. Большую частку вольнага часу займае маляванне, і часцей за ўсё на альбомных лістах юнай мастачкі з'яўляюцца яе любімыя поні. У будучыні Віта марыць стаць мультыплікатарам і ўжо зараз выношвае ідэю для свайго твора.

Сярод шматлікіх захапленняў Віялеты знайшлося месца і hаnd mаdе. Дэкупаж, канзашы, валенне, вырабы з бісеру — што толькі не робяць яе ўмелыя рукі! І ўсяму гэтаму яе вучыць педагог цэнтра творчасці «Маладзік» Таццяна Баляславаўна Рамановіч. Дарэчы, работы юнай рукадзельніцы не аднойчы былі адзначаныя дыпломамі на раённых і абласных конкурсах.

Актыўнасці і аптымізму Віялеты можна пазайздросціць. Па суботах дзяўчына займаецца маляваннем, музыкай і шашкамі. Яе часта запрашаюць на розныя мерапрыемствы. Напрыклад, яе чароўны голас гучаў на маладзёжным праваслаўным дабрачынным балі «Стрэчанне» ў Палацы культуры. Неўзабаве плануецца яшчэ некалькі выступленняў перад дзецьмі з асаблівасцямі развіцця. А нядаўна Віта запісала песню на англійскай мове, якую будзе выконваць у Мінску ў рамках праекта, арганізаванага Беларускім дзіцячым хоспісам.

Калі нешта не атрымліваецца і хочацца апусціць рукі, Віялета ўспамінае цёплыя і душэўныя словы з самаробнай паштоўкі, дасланай ёй з Бельгіі: «Не пераставай марыць, атрымлівай задавальненне ад сваіх хобі, развівайся і не здавайся ніколі. Трымаю за цябе свае кулачкі».

Цяпер мары і мэты дзяўчынкі сталі больш рэальнымі дзякуючы новай спецыяльнай калясцы, сродкі на якую збіраліся амаль год. На просьбу сям'і адгукнуліся не толькі суайчыннікі, але і грамадзяне іншых краін. І гэта не дзіўна, бо міласэрнасць не ведае межаў.

Пра аўтара

— У мяне ёсць некалькі хобі. Адно з іх — журналістыка, якой займаюся ўжо два гады, — расказвае 16-гадовая аўтарка. — Таксама ў вольны ад вучобы час пляту бісер. Гэта чароўна, калі хаатычна раскіданы бісер пераўтвараецца ў нешта прыгожае! Летам я вельмі люблю падарожнічаць. Ніколі не забуду, як мы ездзілі на экскурсію ў Маскву, наведалі сядзібу Сярэднікова, дзе некалі праводзіў свае летнія канікулы Міхаіл Юр'евіч Лермантаў, а ў нашы дні праходзілі здымкі серыяла «Закрытая школа». З кожнага падарожжа я вяртаюся з фотаздымкамі, перавагу аддаю макраздымцы.

Ірына БУБНОВА, вучаніца 10 класа СШ №12 г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».