Вы тут

Пераможны «флот» Арцёма


Юнкары, увага!

Згодна з умовамі правядзення нашага творчага конкурсу, прыём «проб пяра» ад юных і маладых няштатных аўтараў быў завершаны ў пачатку месяца. Усяго іх паступіла некалькі дзясяткаў. На жаль, не ўсе дасланыя работы адпавядалі заяўленым патрабаванням, тым не менш, лепшыя з іх з'яўляліся на старонках «Чырвонкі. Чырвонай змены» па-за конкурсам — у якасці звычайных журналісцкіх матэрыялаў. Па традыцыі пэўная колькасць «проб пяра» паступіла ў апошні момант. Таму ў наступных нумарах маладзёжнага дадатку мы працягнем друкаваць найлепшыя з іх. Нагадваем, што вынікі конкурсу будуць падведзены да пачатку ўступнай кампаніі, каб пераможца ці пераможцы, калі яны сёлета збіраюцца паступаць на журфак, змаглі апроч памятных прызоў атрымаць ад рэдакцыі яшчэ і рэкамендацыю, а іншыя ўдзельнікі — публікацыі для свайго партфоліа. Сачыце за «Чырвонкай. Чырвонай зменай»!


...На карме карабля лунае сцяг. Выратавальныя шлюпкі, гарматы, катапульты, катары — усё гатова, і, здаецца, вось-вось італьянскі крэйсер «Пола» спусціцца на марскую роўнядзь і зноў, як у часы Другой сусветнай вайны, прыступіць да ваенных дзеянняў. Але гэтага не адбудзецца, бо перад намі ўсяго толькі дакладная копія карабля, паменшаная ў 350 разоў, якую зрабіў юны маладзечанец Арцём Шахно.

У цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» яго прывёў тата Віталь Станіслававіч, які кіруе гуртком «Тэхнічнае мадэляванне». Першую мадэль — карабель з пластыку — пяцігадоваму Арцёму дапамагалі рабіць старэйшыя і больш вопытныя навучэнцы. З часам хлопчык так захапіўся мадэляваннем, што стаў наведваць і іншыя гурткі пад кіраўніцтвам Мікалая Мікалаевіча Хрэшчыка. У дванаццаць гадоў юнак стаў кандыдатам у майстры спорту. А нядаўна выканаў нарматыў майстра спорту і пры яго пацвярджэнні атрымае гэтае званне.

За дзесяць гадоў Арцём сабраў вялікую колькасць узнагарод: 35 медалёў, 6 кубкаў, каля 100 грамат. Неаднаразова ўдзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах, а летась стаў прызёрам чэмпіянату Еўропы па стэндавым мадэлізме.

Калі я папрасіла Арцёма падлічыць заробленыя ім мадэлі, ён на хвіліну задумаўся, уяўляючы свой «флот», але ў выніку адказаў: «Вельмі шмат, іх нерэальна падлічыць».

— Усім, хто плануе заняцца мадэляваннем, я хачу пажадаць цярплівасці, таму што без яе ў такой справе не абысціся, — кажа юнак.

Каб пабудаваць адзін карабель, патрэбны год, а то і два. Так, шмат часу неабходна, каб зрабіць поўную копію, паўтарыць кожную дэталь да дробязяў, а іх можа налічвацца да трохсот. Да таго ж, усё трэба зрабіць акуратна і якасна.

— Перш чым пачынаць работу, я вывучаю інфармацыю пра рэальны карабель: год пабудовы, у якіх бітвах удзельнічаў і г. д. Потым ідзе чытанне чарцяжа. Асаблівую ўвагу трэба надаць колерам і дробным дэталям, — расказвае Арцём.

А яшчэ юнак робіць дыярамы — аб'ёмныя выявы батальных сцэн. Адна з апошніх работ — рэканструкцыя марскога порта з прычаламі, караблямі, экіпажам і парусным партугальскім суднам «Sаgrеs» у цэнтры. З гэтай дыярамай Арцём Шахно стаў пераможцам першынства Мінска і Мінскай вобласці па суднамадэльным спорце «Абаронца Айчыны — 2017».

Зараз Арцём збірае мадэль амерыканскага карабля «Арызона» і мае намер удзельнічаць у чэмпіянаце свету.

Акрамя мадэлявання юнак займаецца пляжным валейболам, абараняе гонар школы ў раённых турнірах.

— Не куру і нікому не раю, выбірайце спорт і актыўны адпачынак! — заклікае аднагодкаў да здаровага ладу жыцця наш герой.

Пра аўтара

Гэта ўжо другая па ліку работа 17-гадовай аўтаркі на наш творчы конкурс (умовамі яго правядзення гэта дазваляецца). Нагадаем, сёлета дзяўчына збіраецца паступаць на журфак.

— Мне падабаецца шукаць новых герояў, пра якіх цікава пісаць і, спадзяюся, чытаць, — гаворыць Ангеліна. — Пра сябе магу дадаць, што люблю чытаць творы англійскіх пісьменнікаў, асабліва Марыі Карэлі. Слухаю класіку рока: «Queen», «The Beatles», «Scorpіons», «Pіnk Floyd» і г. д.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ, вучаніца 11 класа СШ №11 г. Маладзечна

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.