Вы тут

З успамінамі пра пераможнае


Вайна праз аб’ектывы айчынных кінематаграфістаў


Усё бачыцца па-іншаму на адлегласці. Здавалася б, праз час павінна мяняцца бачанне і ўяўленне пра вайну. Але яна і дагэтуль адна з тых тэм, што дае падставы для роздуму пісьменнікам, мастакам, музыкантам. Аднавіць карціны вайны і перадаць трагізм тых падзей для прадстаўнікоў ужо пасляваенных пакаленняў здолела беларускае кіно. «ЛіМ» запытаў у творцаў розных пакаленняў, блізкіх да кіно, якія стужкі пра вайну яны б раілі абавязкова паглядзець кожнаму беларусу

Алена Турава, рэжысёр анімацыйнага кіно:

— Я вельмі люблю два фільмы майго бацькі — «Праз могілкі» і «Я родам з дзяцінства». Асабіста вылучаю «Я родам з дзяцінства» — гэта вельмі моцнае кіно, псіхалагічна дакладнае ў паказе таго пакалення, якое апынулася на мяжы вайны і міру, скалечанае ў нечым, тым не менш маладое, якому трэба жыць далей з нейкімі надзеямі, верай. Гэта быў час, які аказаў на майго бацьку настолькі незабыўнае ўражанне, што ён пражыў далейшае сваё жыццё да сыходу ў марах зняць яшчэ адзін фільм пра той час, нават прыдумаў назву стужкі — «Фіеста-45». Гэта час канца вайны, бо ён сам быў дзіцём таго пакалення, памятаў той момант і эмоцыі, калі вайна скончылася. Тое лета, пачуццё эйфарыі, калі ўсе краіны святкавалі Перамогу, бацька пранёс праз усё жыццё. Але «Я родам з дзяцінства» — фільм не такі і шчаслівы: там шмат ран, якія пакінула вайна, і гэта вельмі тонка паказана: няма крыві, а толькі характары. У стужцы бачна, як страшна, калі жанчына губляе свайго мужа, хоць ужо аб’явілі пра перамогу; там ёсць драма дзяўчынкі, якая вяртаецца пасля палону ўжо амаль жанчынай, але ёй трэба ісці вучыцца ў школу, бо вайна пакінула яе непісьменнай; гэта хлопцы, якія рана сталі мужчынамі, бо дарослыя мужчыны сышлі, — усё пабудавана на дэталях.

Канечне, тут адчуваецца вялікі ўплыў італьянскага нэарэалізму ў кіно. Узгадваю сцэну, калі сляпы лейтэнант на танцавальнай пляцоўцы танчыць з дзяўчынай, — да слёз!.. І Высоцкі там спяваў (упершыню было афіцыйна дазволена выкарыстаць яго песні). Менавіта тады бацька даў Высоцкаму дарогу ў кіно. А яшчэ ў стужцы «Я родам з дзяцінства» іграла мая маці, таму гэтае кіно я гляджу з асаблівым пачуццём.

Вячаслаў Нікіфараў, мастацкі кіраўнік Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», рэжысёр ігравога кіно:

— Канечне, я б параіў сваё кіно (навошта далёка хадзіць?) — «Дзяржаўная мяжа. Год сорак першы» (пяты фільм з серыі) ці «На безыменнай вышыні...». У мастацтве, я ўпэўнены, рашучае значэнне мае не «што», а «як»: калі ў стужцы вынайдзены нейкі цікавы ход, гэта каштоўнае, бо нічога новага нават Таркоўскі прыдумаць бы не змог. Калі ўзгадваць стужкі пра вайну, кіруючыся гэтым прынцыпам, то магу адзначыць, што за апошнія 20 гадоў у мяне няма такога фільма пра тыя часы, які, на маю думку, павінны паглядзець усе. Але я дакладна магу параіць стужку Міхаіла Пташука «У жніўні 44-га…». Гэта кіно, якое зроблена вельмі разумна, нават «пісьменна», бо сёння вялізнай праблемай беларускага кіно з’яўляецца ўзровень прафесійнага майстэрства рэжысёраў. А стужка Пташука выканана ў лепшых традыцыях айчыннага кінематографа: гэта тычыцца і рэжысуры, і сцэнарыя. З другога боку, гэтае кіно пра вайну вельмі рамантычнае, цэласнае — у ім бачная, як ні дзіўна, рамантыка «Смерша», контрвыведкі, а гэта адбываецца яшчэ і дзякуючы выдатнай акцёрскай ігры. «У жніўні 44-га…» — гэта яшчэ і проста вельмі добрыя традыцыі рэжысуры Пташука: варта ўзгадаць таксама яго «Знак бяды», «Вазьму твой боль». Не ўспомню канкрэтны эпізод, які мяне ўзрушыў, але момант, калі героі захопліваюць і выкрываюць групу дыверсантаў, зроблены па-майстэрску. Я наогул гляджу гэтае кіно не як глядач-аматар, а як рэжысёр-прафесіянал, таму, калі бачу добрае кіно, мне прыемна назіраць за выдатнай працай кінематаграфіста, калі ж «капаць» глыбей, то для мяне ў стужцы вельмі каштоўна знайсці нейкую «неверагодную відавочнасць» — штосьці простае, але яно будзе выглядаць незвычайна. У стужцы Міхаіла Пташука гэта ёсць.

Людміла Перагудава, галоўны рэдактар часопіса «На экранах», кінакрытык:

— Стужка, якую варта паглядзець, так і называецца — «Вайна» Дзмітрыя Лася, гэта кароткаметражнае кіно, заснаванае на аповесці Самерсэта Маэма. Зняў гэтае кіно вучань Міхаіла Пташука ў 2004 годзе, ён перанёс твор Маэма ў рэаліі акупацыі Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі. Дакладна магу адзначыць, што гэта выдатны дэбют, але, на жаль, ён не нарадзіў рэжысёра для беларускага кінематографа, які мог бы працягнуць гэтую тэму з тым эмацыянальным пасылам, які атрымаўся ў «Вайне».

Гэтая стужка атрымала ўсе прызы Нацыянальнага кінафестывалю ў Брэсце, прыз за лепшую рэжысуру імя Міхаіла Пташука; прыз за лепшую жаночую ролю атрымала актрыса Яна Буйко, і прыз за лепшую мужчынскую ролю далі Анатолю Кату. Адным словам, стужка «выбухнула», узняла вельмі высокую планку размовы на тэму вайны. У фільме практычна адсутнічаюць словы, таму візуальны, выяўленчы шэраг выбудаваны неверагодна: Дзмітрый Лось па першай адукацыі — мастак, і гэта вельмі ярка адчуваецца ў яго стужцы. Дарэчы, фільм атрымаў і «Залатога віцязя», але ў гісторыі беларускага кіно, і не толькі кіно пра вайну, Лось дагэтуль займае нейкае асобнае, аўтаномнае месца. Нягледзячы на гэта, стужку «Вайна» трэба паглядзець, каб упэўніцца ў тым, што пераемнасць пакаленняў на «Беларусьфільме» была, і вельмі крыўдна, што яна спынілася.

Не магу не дадаць, што парэкамендавала б да прагляду неверагодную стужку Валерыя Рубінчыка «Вянок санетаў». Дарэчы, Рубінчык паказваў сваім студэнтам стужку Лася і быў у захапленні ад яго таленавітай «Вайны». Што да «Вянка санетаў», то настолькі выдатнага, аўтэнтычнага твора не толькі ў айчынным, але і ў еўрапейскім кінематографе на той момант не было. Трэба перагледзець фільм, пачуць, як гучыць чароўны голас Бэлы Ахмадулінай, і заўважыць, як кіно, экраннае мастацтва, спалучаецца з высокай паэзіяй.

Ігар Чышчэня, рэжысёр дакументальнага кіно:

— Я не так даўно чытаў пра Орсана Уэлса і заўважыў, што ў тэксце гаворыцца пра «Грамадзяніна Кейна» так: у гэтым фільме — захапленне чалавека, які нарэшце робіць сваю справу і адчувае ўпэўненасць. І гэта вельмі простая, дакладная, канцэнтраваная гісторыя доўгу, прабачэння і разумення. Гэта адступленне да таго, што «Усходні калідор» Валянціна Вінаградава — зусім іншы выпадак. Я глядзеў гэтае кіно некалькі разоў і не магу сказаць, што змог яго зразумець да канца. Кампазіцыя фільма — шматслаёвая фрэска пра савецкае падполле, дзе ёсць некалькі сюжэтных ліній, якія перамяжоўваюцца ў даволі адвольным парадку. Затое гэта стварае выдатную атмасферу страху, недаверу, асуджанасці, але ў той жа час надзеі. Сцэна пагрому, патопу ў гета, напэўна, — адна з самых першых згадак пра халакост у савецкім і сусветным кіно. І, сапраўды, «Усходні калідор» — кіно вельмі экспрэсіўнае, не падобнае да савецкага. Гэта фільм не пра ваенных і не пра партызан, а пра невядомых падпольшчыкаў, што даволі рэдка для савецкага кіно: у кінастужцы адчуваецца ўплыў заходняга кінематографа, у якім тэма падполля была прадстаўлена больш шырока. Можна адзначыць, што аператарская праца Юрыя Марухіна вельмі выразная, рэзкая, графічная і экспрэсіўная, а музыка Мікаэла Тарывярдзіева — як прамень надзеі. Усе сюжэтныя лініі фільма напластоўваюцца, у іх лёгка заблытацца. Але, мабыць, у гэтым і ёсць выдатная метафара стану знаходжання ў падполлі, калі не ведаеш, хто — сябар, а хто — вораг. Калі пераглядаю «Усходні калідор», адчуваю здзіўленне і неразуменне, бо тут вайна не з таго боку, з якога нам звычайна паказваюць. Гэта сапраўды такая падрапаная фрэска, дзе галоўнае — вобразы і эмоцыі. Сюжэт пастаянна скача. Мне падаецца, гэта самы сапраўдны арт-хаус сучаснай мовай.

Нэла Васілеўская, выпускніца Акадэміі мастацтваў, рэжысёр:

— Фільм пра вайну, які ўзрушыў мяне сапраўды вельмі моцна і задаў планку для ацэнкі ўсіх наступных фільмаў на гэтую тэматыку, — «Ідзі і глядзі» Элема Клімава. Памятаю ўражанне ад першага прагляду: шок, змяшаны з натуральным жахам ад тых падзей. І не таму, што мне паказалі рэкі крыві і горы мёртвых чалавечых цел. Адразу на розум прыходзіць сцэна, якая адкрывае фільм: хлапчукі, якія быццам проста гуляюць, як і ўсе дзеці, і дарослы дзядзька, які, як і ўсе дарослыя, лае іх за гарэзлівасць. І ўжо з першай сцэны глядач можа яшчэ не зразумець, чым скончыцца дзіцячае свавольства, але ўжо прадчуваецца нешта нядобрае... Гэта адчуванне ўзмацняецца: у фільме выдатна прапрацаваныя дэталі, пачынаючы ад акцёрскай ігры героя, яго хрыплага сарванага голасу, да нарастаючага гулу самалёта, вобраз якога лейтматывам пройдзе праз стужку. Для мяне гэта добры фільм жахаў, а «Ідзі і глядзі» для сябе пазіцыяную менавіта так: калі нам паказваюць увесь жах не ў плоці, не ў нейкім увасабленні, а калі нагадваюць з экрана, што гэты жах недзе побач, што ён вось-вось дакранецца да нас. Калі страх стаіўся за сцяной, і мы можам толькі адчуваць яго подых, а не як у сучасных хорарах, калі ўвесь жах — гэта нечаканае «бу!» з-за кута і музыка на фоне. Думаю, апісанне гэтага д’ябла вайны, які стаіўся за сцяной твайго дома, як тыя трупы людзей, — у сцэне, калі герой заходзіць у дом, і толькі нерэальнае бзомканне мух папярэджвае аб страшнай карціне, якая адкрыецца пазней... І ў фільме шмат такіх момантаў, якія адкрываюць нам вобраз д’ябла вайны, а глядач ужо сам дамалёўвае яму вусы і свастыку. Для мяне гэтае кіно было адкрыццём, а зараз свайго роду дапаможнік, як можна здымаць пра вайну, ды і не толькі пра вайну, а хутчэй пра чалавека, які трапіў у гэтую пастку. Глыбокі і страшны фільм, і, каб даведацца пра вайну, я, не раздумваючы, параю: «Ідзі і глядзі».

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.