Вы тут

За беларускім «сталом»


Чым «частуе» наша краіна на 57-й Венецыянскай біенале?


Беларускі павільён на Венецыянскай біенале

Напрыканцы мінулага тыдня быў адкрыты асноўны праект 57-й Венецыянскай біенале сучаснага мастацтва «Viva arte viva» («Жыве жывое мастацтва!»), дзе для шырокай публікі прадстаўлена каля васьмідзесяці шасці нацыянальных экспазіцый, у тым ліку і Беларусі. Наша краіна бярэ ўдзел ў Венецыянскай біенале ў чацвёрты раз, і гэта вялікі досвед і дасягненне айчыннага мастацтва: праз такія мерапрыемствы мы можам паказаць не толькі творчыя дасягненні, індывідуальнасць мастакоў, але і гучна расказаць пра Беларусь, яе менталітэт і нацыянальную культуру.

Аб’ект і суб’екты

Сёлета ад Беларусі з куратарскім праектам «Стол» у біенале дэбютаваў знакаміты мастак Раман Заслонаў, які адышоў ад звыклага амплуа жывапісца і прапанаваў — у прамым сэнсе — пасадзіць за беларускі стол прадстаўнікоў розных краін, каб дапамагчы ім адчуць нашу нацыянальную гасціннасць і побыт. У тэхнічнай рэалізацыі мастацкай ідэі аўтару дапамагалі рэжысёр Сяргей Талыбаў і прадзюсар Віктар Лабковіч.

— Дастаткова часта ў сучасным мастацтве за аснову бярэцца адзін аб’ект, вакол якога ствараецца мастацкая сітуацыя, — распавядае пра ідэю праекта Рамана Заслонава камісар павільёна Беларусі на Венецыянскай біенале, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч. — Гэта досыць вядомы трэнд у свеце. Напрыклад, той жа Беларускі саюз дызайнераў выкарыстаў, здавалася б, такі звычайны побытавы аб’ект, як крэсла, і стварыў вакол яго цэлую гісторыю. У выніку атрымаўся выдатны праект «Пастулат», дзе крэсла становіцца выразнікам розных мастацкіх ідэй, аж да таго, што праз крэсла перадаюцца ідэі авангарду. Такая ж сітуацыя і ў выпадку з удзелам Беларусі ў Венецыянскай біенале. Раман Заслонаў выкарыстаў адзін побытавы аб’ект — стол — і паспрабаваў вакол яго стварыць мастацкае дзеянне з дапамогай відэаарту.

У гэтым праекце ён цалкам адмовіўся ад жывапісу і звярнуўся да мультымедыйных сродкаў. У відэафільме стол прадстаўлены велізарным, бясконцым. Гэта зроблена тэхнічнымі сродкамі, знята такім чынам, што чалавек, які сядзіць у павільёне за сталом, глядзіць на дзеянне, якое таксама адбываецца за сталом. Падчас прагляду перад вачыма гледача змяняюцца розныя сцэнкі. У іх бяруць удзел знакамітыя беларускія акцёры.

Цікава, што гледачам прапаноўваецца не проста назіраць за дзеяннем фільма, але і апынуцца з яго героямі за адным сталом. Гэта спецыяльная аўтарская разынка, якая дазваляе пазбавіцца скаванасці і сціпласці. Глядач практычна знаходзіць суразмоўцу, які можа як пачуць апанента, так і падзяліцца з ім уласнымі думкамі. Важна і тое, што людзі, якія апынаюцца за беларускім сталом, не адчуваюць, што не ведаюць нашай мовы, нават на цітры не глядзяць, а паглыбляюцца ў працэс эмацыйнага дзеяння.

Побыт і нацыянальнае

— У праекце Раман Заслонаў паспрабаваў расказаць гледачу, хто такі беларус, чым ён займаецца, як паводзіць сябе ў пэўных сітуацыях, — працягвае Наталля Шаранговіч. — Аўтар дэталёва перадае міміку, жэсты. Ён стварыў міні-сцэны, якія чалавеку, што разумее нашу рэчаіснасць, даюць уяўленне, у якім свеце мы жывём. У нашым жыцці ёсць шмат стэрэатыпаў, і мы іх не заўважаем. Раман, як чалавек, які жыве і ў Францыі, і ў Беларусі, заўважае тыя рэчы, якія наш замылены погляд, быць можа, і не ўбачыць. У відэа ёсць цалкам звычайныя сцэны: чалавек п’е каву, размаўляе. А ёсць такія, якія нас суадносяць з дзеяннямі прафесійнымі: як дыктар чытае навіны альбо як танчыць, расцягваецца балерына. Ёсць сентыментальныя сюжэты: жанчына чакае каханага, а ён так і не прыходзіць. Па сутнасці, стол — прадмет побыту і прадугледжвае побытавыя сітуацыі. Характар выказвання прадстаўленых відэасцэн будзе знаёмы чалавеку з постсавецкага грамадства. Гэтыя дэталі характарызуюць наша стаўленне адзін да аднаго. Пры праглядзе фільма пачынаеш улоўліваць добры гумар, характэрны нашай беларускай ментальнасці. Калі цалкам праглядаеш фільм (ён доўжыцца амаль 30 хвілін), застаецца адчуванне, што трапляеш у нейкі аўтарскі свет. Раман стварыў менавіта асобны свет, праз які людзі ўспрымаюць сябе па-рознаму.

Падчас падрыхтоўкі праекта любы аўтар разлічвае на падтрымку і адзнаку гледача. Асабліва гэта важна ў момант, калі мастак адыходзіць ад звыклай справы і вырашае паказаць сябе з новага боку. Для Рамана Заслонава праект стаў прысвячэннем радзіме, і глядач гэта адчуў. Наталля Шаранговіч расказала, як у Венецыі адрэагавалі на творчасць мастака:

— Людзі, якія прыходзілі ў наш павільён пасля адкрыцця, па-свойму трансфармавалі праект. Тым, хто прыехаў з блізкіх да нас краін, вельмі падабалася дзеянне на экране. Яны бачылі ў гэтым частку свайго жыцця. Прадстаўнікі журы, якія прыйшлі ў наш павільён, паглядзеўшы відэаарт, сказалі, што праект пазітыўна-эмацыйны. А гэта асноўнае, чаго дамагаўся Раман Заслонаў. Ён не маляваў карціну, якую ўспрымаюць адназначна як палатно, а спрабаваў стварыць настрой, свет нашага побыту, які мы не заўсёды заўважаем, а ён заўважыў і паспрабаваў увасобіць у міні-сцэнах. Праект атрымаўся еўрапейскім і, галоўнае, біенальным. Для ўдзелу ў такім мерапрыемстве вельмі важна трапіць у агульную плынь еўрапейскага мастацтва. Ёсць спосабы прадстаўлення мастацтва, якія зразумелыя любому крытыку еўрапейскай прасторы. Было важна прэзентаваць не тое, што ў нас ёсць, напрыклад, добры жывапіс ці графіку, — трэба было трапіць у тэму, прадставіць яе так, каб яна была зразумелая і прачытаная еўрапейскім гледачом. У Рамана атрымалася. Беларускі павільён вельмі вылучаецца, хоць відэаарту на такіх выстаўках заўсёды шмат. Наш — асаблівы: у ім прачытваецца сэнс, дзеянне і пасыл мастака. Ярка і прыгожа паказаныя асобы акцёраў, што вяртае нас да старой мастацкай кінашколы, якой заўсёды славіўся «Беларусьфільм». Твары, паказаныя буйным планам, і выразная міміка канцэнтруюць увагу. Еўрапейскае кіно, дарэчы, даўно адышло ад дэталізацыі.

Падчас адкрыцця экспазіцыі.

Сімвал і бясконцасць

 Праект Рамана Заслонава складаецца з дзвюх частак. Калі першая — відэаарт, то другая — арт-інсталяцыя, якая працягвае тэму бясконцасці. Такім чынам, пасля прагляду чалавек можа патрапіць у наступны пакой, дзе толькі крыху асветлены велізарны пясочны гадзіннік, у якім замест пяску мастак выкарыстаў маленькія столікі, што перасыпаюцца зверху ўніз. Як можна зразумець, стол для аўтара — яшчэ і частка сусветнай прасторы, яе бясконцасці. Дарэчы, пясочны гадзіннік быў выбраны з мэтай агульнага сусветнага сімвала, а маленькія столікі — наадварот: яны падкрэсліваюць індывідуальнасць і падмацоўваюць аўтарскую задуму.

Нягледзячы на цікавую канцэпцыю, яшчэ да адкрыцця біенале ў Мінску на Рамана Заслонова абрынуўся шквал крытыкі. Многія казалі, што мастак, які жыве ў Францыі, не можа прадстаўляць Беларусь на міжнародных мерапрыемствах. Нават гучалі абвінавачванні ў салоннасці. Сам жа Раман абыякава паставіўся да чутак і працягнуў работу. А вось Наталля Шаранговіч упэўненая, што няма розніцы, дзе жыве чалавек, калі ён пазіцыянуе сябе беларусам і актыўна развівае родную культуру як на тэрыторыі сваёй краіны, так і за мяжой:

— Калі праходзіць конкурс, то ўсе праекты першапачаткова ананімныя. Ніхто з членаў журы не ведае, хто куратар пэўнай ідэі. Можна, вядома, здагадацца, але ў любым выпадку інфармацыя зашыфраваная. Многіх куратараў, якія падаваліся на конкурс сёлета, журы нават не пазнала па стылі. Было шмат нечаканасцяў у адрозненне ад мінулых двух гадоў, калі імя аўтара можна было счытаць з ідэі. Праект Заслонава, як вы разумееце, ацэньваўся не па прозвішчы. Любы мастак мае права на эксперымент. І тут Раман цалкам адышоў ад сябе: паказаў ідэю, у якой ад жывапісу Рамана Заслонава не было наогул нічога, пераканаў камісію ўжо знятым відэафільмам, і ідэя павільёна была моцная, біенальная, вельмі трапляла ў тэму... А што тычыцца крытыкі, то праект першапачаткова трэба ўбачыць, а потым рабіць высновы. Бо многія нашы мастакі эксперыментуюць. Быць розным — гэта асаблівасць нашай мастацкай школы. У нас шмат аўтараў, якія могуць зрабіць як традыцыйную работу, так і канцэптуальную. Беларускае мастацтва фарміруецца на памежжы культур, у тым ліку і таму, што мы жывём на памежжы Захаду і Усходу. У нас шмат досведу з Савецкага Саюза, але ёсць і шмат эксперымента, які ўрываецца з Заходняй Еўропы. Нам атрымліваецца гэта злучаць, ствараць сваё ўяўленне пра творчасць. Таму і Раман, як выхаванец гэтага грамадства і школы, таксама ўспрымае мастацтва свабодным.

Атмасфера і бязмежнасць

Павільён Беларусі знаходзіцца ў жывапісным месцы Венецыі — паміж садамі Джардзіні і Арсеналам. Турысты, якія прыязджаюць у Венецыю, могуць атрымаць спецыяльную карту, дзе адзначаны ўсе павільёны, у тым ліку і наш. Такое ўдалае месцазнаходжанне прыцягвае вялікую колькасць турыстаў, і арганізатары гэта адчулі. Павільён Беларусі сабраў шмат наведнікаў. Сам павільён знаходзіцца ў старой венецыянскай галерэі з высокімі столямі. Дом, дзе месціцца галерэя, пабудаваны ў 1640 годзе. Яго часта маляваў знакаміты венецыянскі пейзажыст Каналета.

— Заўсёды прыемна, калі трапляеш у атмасферу, дзе кожны камень — гісторыя, — падкрэсліла Наталля Шаранговіч. — Важна, каб сучасны праект арганічна ўпісваўся ў гэтую атмасферу. У Рамана атрымалася выдатная ідэя прэзентацыі павільёна. Гэта таксама вельмі важна — зацікавіць гледача знешняй рэкламай. Калі каля павільёна на вялікіх вокнах стаяць велізарныя банеры, дзе мы можам бачыць сцэны з відэафільма, то над вокнамі на старым партале, зробленым з дрэва, Раман з дапамогай такога ж старога дрэва напісаў слова «стол». Калі ідзеш міма павільёна, літары не выбіваюцца, гэта знак якасці: мастаку ўдалося арганічна ўвесці наша славянскае слова ў старую венецыянскую атмасферу. Атрымаўся паспяховы аўтарскі ход. Дарэчы, у Венецыі нацыянальны павільён мае дастаткова шмат свабоды. Праект узгадняецца з дырэктарам біенале, каб тэхнічна не пашкодзіць старую пабудову, не перашкаджаць руху людзей. Але ніколі дырэкцыя біенале не папраўляе чужы праект. На водкуп краіне пакідаецца абавязак адпавядаць агульнай тэматыцы. Мастацтва можна трактаваць па-рознаму, на выстаўцы гэта вельмі кідаецца ў вочы. Хтосьці прадставіў сябе праз музыку, хтосьці — праз народнае мастацтва. Напрыклад, Андора ўзяла злепленыя гаршкі і з дапамогай іх стварыла велізарную інсталяцыю ў прасторы. А праект куратара біенале быў накіраваны на рукатворныя рэчы, якія, здавалася б, часта параўноўваюць з непрафесіяналізмам. Гэта прыкмета таго, што ў сучасным мастацтве шмат эксперымента і мала межаў. Межы могуць быць этычнымі, не павінна быць распальвання нацыянальнай варожасці, нейкіх відавочных сексуальных момантаў, але межаў для самавыяўлення няма.

Беларускі нацыянальны павільён будзе працаваць на Венецыянскай біенале да 26 лістапада. Пасля праект будзе прэзентаваны ў Мінску ў адным з памяшканняў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.