Вы тут

Каб слову паспрыяць


Распачаты прыём заявак на Нацыянальную літаратурную прэмію.

Конкурс мае на мэце падтрымаць развіццё беларускай мастацкай літаратуры, стымуляваць стварэнне новых высокамастацкіх твораў для дарослых, дзяцей і юнацтва, папулярызацыю кнігі і чытання ў грамадстве.


Заснавальнікі конкурсу — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Саюз пісьменнікаў Беларусі — запрашаюць аўтараў прадставіць лепшыя ўзоры сваёй літаратурнай творчасці — кнігі, упершыню выпушчаныя выдавецкімі арганізацыямі краіны ў 2016 годзе.

Заяўкі прымаюцца ад фізічных асоб (у тым ліку ад іх афіцыйных прадстаўнікоў), а таксама ад творчых саюзаў, выдавецтваў, рэдакцый СМІ, устаноў культуры і адукацыі, навуковых арганізацый, якія працуюць у галіне мастацкай літаратуры і літаратуразнаўства. Удзельнікамі конкурсу могуць быць таксама аўтарскія калектывы ў складзе не больш як чатыры чалавекі — аўтары твораў мастацкай літаратуры ў жанрах паэзіі, прозы, публіцыстыкі, драматургіі, літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства.

Першы этап конкурсу ўжо распачаты: заяўкі, да разгляду якіх далучыўся экспертны савет, паступілі па ўсіх сямі намінацыях. Праявілі актыўнасць абласныя, Мінскае гарадское аддзяленні СПБ. Прэтэндэнтаў на Нацыянальную літаратурную прэмію вылучыла секцыя дзіцячай літаратуры СПБ. Такім чынам, па колькасці заявак лідзіруе намінацыя «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва», што сведчыць пра арыентацыю сучасных літаратурных твораў менавіта на дзіцячую аўдыторыю. Аднак аўтарам, якія спадзяюцца трапіць на Алімп, важна ўлічваць яшчэ і грамадскае прызнанне іх твораў. У Інструкцыі аб парадку арганізацыі і правядзення Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія» вызначаныя крытэрыі, па якіх ацэньваецца вартасць выдання. Да ўвагі прымаюцца прадстаўленыя аўтарам колькасць і змест артыкулаў, рэцэнзій, водгукаў у СМІ, на інтэрнэт-рэсурсах, а таксама колькасць пісьмовых водгукаў чытачоў, пераклады твора на іншыя мовы. Акрамя таго, па дадзеных Міністэрства культуры, улічваецца запатрабаванасць вылучаных на конкурс кніг у публічных бібліятэках.

Пасля таго, як экспертная камісія адбярэ творы з улікам іх адпаведнасці ўмовам конкурсу, пачнецца другі (фінальны) этап. Экспертная камісія не толькі накіруе творы для разгляду журы, але і прадаставіць для публікацыі ў СМІ шорт-ліст намінантаў на Нацыянальную літаратурную прэмію. Такім чынам, чытачы змогуць сказаць сваё важкае слова на адрас лепшых кніг 2016 года ў водгуках, рэцэнзіях. Гэта, безумоўна, надасць вагі прэтэндэнтам на высокую ўзнагароду.

Імёны ўладальнікаў «Нацыянальнай літаратурнай прэміі» 2016 года будуць абвешчаныя падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Полацку.

Заяўкі да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца да 1 ліпеня.

Алена СТЭЛЬМАХ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».