Вы тут

Куды пайсці ў «Ноч музеяў — 2017»?


Ноч — таямнічы, загадкавы і натхняльны час. Уночы — толькі самыя незвычайныя прыгоды, самыя творчыя ідэі, самыя рамантычныя спатканнні, самыя шчырыя размовы і… самыя цікавыя экскурсіі. 


1.Шляхамі кантрабандыстаў з Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі.

Ноч музеяў Нацыянальнага гістарычнага музея прымеркаваная да закрыцця выставачнага праекта «Гандаль Беларусі на шалях гісторыі». Музейшчыкі прапануюць паглядзець на гандаль з іншага боку ды пазнаёміцца з яго таемнымі і незаўважнымі аспектамі.

Дапамогуць квэст «Патаемнымі сцежкамі кантрабандыстаў», дзіцячы лега-лабірынт, тэматычныя фотазоны ды канцэрт, які будзе доўжыцца аж да другой гадзіны ночы, перфомансы з тэатральна-музыкальна-танцавальнай праграмай беларускага франкафоннага тэатра MooTeatro ды марафон настольных гульняў. Нават фільмы пра гандаль і кантрабандыстаў у музейнай кіназале.

Дом-музей І з’езда РСДРП правядзе «Ноч канспірацыі». Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адкрывае сакрэты тэатральнай грымёркі ды зладзіць відэапаказ спектакля Джузепэ Вердзі «Травіята». У музеі гісторыі беларускага кіно чакаецца рэтраспектыва беларускага кароткаметражнага кіно «Лепшае за апошнія 5 гадоў». Гасцёўня Уладзіслава Галубка запрашае на прадстаўленне лялечнага тэатра «Батлейка».

2.«Начны дазор» у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Асновай творчай імпрэзы стане постмадэрнісцкі раман аргенцінскага пісьменніка Хуліа Картасара «Гульня ў класікі». Візітоўкай «Гульні ў класікі» можна назваць яе нелінейную кампазіцыю, пры якой чытач сам абірае, якія раздзелы і ў якой паслядоўнасці чытаць. Такой жа мадэлі вечара прытрымліваюцца музейшчыкі: наведнікі імпрэзы вольныя фарміраваць асабісты шлях па галерэях музея. Самы стандартны (але таксама доўгі і цікавы) палягае праз агляд усіх экспазіцый: беларускага мастацтва XII — XX стст., рускага мастацтва XVIII — пачатку XX ст., мастацтва Еўропы XVI — XX стст., мастацтва краін Усходу XIV — XX стст., выстаўкі мастака-прымітывіста Сяргея Каваля, армянскага мастака Фараона Мерзаяна, абстрактны жывапіс Анатоля Кузняцова «Пра зямлю і неба». Можна прайсці праз інтэрактыўную дарогу і наведаць «Начны лекторый», узброіцца ліхтаром і агледзець цёмныя галерэі, каб даведацца, як карціны кладуцца спаць, адшукаць вандроўную музычную кропку, паўдзельнічаць у квэсце ды шматлікіх творчых мерапрыемствах.

Не прамініце «Начны дазор» у зале гравюр Рэмбранта. Акрамя экскурсіі ў рэжыме нон-стоп па экспазіцыі з 69 арыгінальных афортаў XVII стагоддзя (уваход па асобным квітку) прапануюць майстар-клас па гравюры з выкарыстаннем сапраўднага друкаванага станка.

3.Горад унутры музея ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў.

Мастацтва мегаполіса захапіла Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. «Горад унутры» — гэта экспазіцыя, дзе можна заблытацца ва ўнутраным і вонкавым. Мастацтва вуліцы перасягнула межы субкультуры і паціху крочыць па залах музеяў, карцінных галерэй, арт-пляцовак.

 У двары цэнтра прапануюць стварэнне графіці на планшэтах ад каманды ZADELO. Сам цэнтр ператворыцца ў пляцоўку для конкурсу скетчаў ад вулічных мастакоў, шматлікіх перфомансаў, бітмейкінгу ў хатніх умовах, майстар-класа па стварэнні арт-аб’ектаў са смецця, відэапраекцый работ мінскіх графіці-мастакоў, а таксама ў кіназалу, дзе адбудзецца дэманстрацыя відэа пра розныя віды вулічнага мастацтва. Разынкай імпрэзы стане інсталяцыя знакамітага нямецкага мастака, педагога ды куратара Мануэля Шрэдэра (Берлін), вядомага нам урбаністычнымі фотапраектамі.

4.Святло знакамітага паэта і штодзённы лад жыцця сям’і Міцкевічаў — у Дзяржаўным літаратурнамемарыяльным музеі Якуба Коласа.

Праграма мае назву «Святло ў вакне»: беларускі класік вельмі любіў працаваць уночы. Калі вуліцы горада ахопліваў змрок і ва ўсіх дамах навокал клаліся спаць, у акне Якуба Коласа загараўся агеньчык. Суседзі ведалі: пакуль гарыць агеньчык, беларускую літаратуру чакаюць новыя годныя творы. На жаль, традыцыя запальваць святло ў доме Міцкевічаў згубілася: наведаць класіка прыходзяць удзень, і начныя дбанні перайшлі ў катэгорыю гарадскіх легенд.

Інтэрактыўная касцюміраваная экскурсія «Дзень у Коласа» дапаможа паглыбіцца ў побыт сям’і Міцкевічаў, пакажа пакоі дома-музея ізноў жывымі. Праграма дазволіць гасцям непасрэдна сустрэцца са знакамітым гаспадаром і яго дамашнімі не толькі праз тэатралізаваны выступ, але і ў кадрах кінахронікі: Якуб Колас паўстане перад гледачамі на відэа з архіваў музея. Гасцей дома Міцкевічаў чакае фуд-зона з беларускай ежай, бо якая ж гасціннасць без пачастункаў? Для моладзі падрыхтаваная фотазона і беларускамоўныя настольныя гульні, а таксама выступы гуртоў «Re1ikt» і «NGe». Самых маленькіх удзельнікаў імпрэзы чакаюць лялечныя прадстаўленні па матывах народных казак у літаратурнай апрацоўцы Якуба Коласа.

5.«Код Купалы» расшыфроўваюць у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы

Для Песняра сёлета падрыхтавалі віншаванне з юбілеем. Беларускі класік увасобіць прыклад для пераймання: будзь як Янка Купала, «Будзь ЯК!» — заклікаюць супрацоўнікі музея. Дзеля таго, каб лепш зразумець жыццёвы і літаратурны шлях творцы, можна будзе завітаць у госці да Песняра ды паразважаць над тым, за якія творчыя здабыткі Янка Купала мог атрымаць Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Аматары творчасці паэта пройдуць пасвячэнне ў загадкавае таварыства філаматаў і філарэтаў, навучацца танчыць гістарычныя танцы, сарыентуюцца ў беларускай геральдыцы і нават выправяцца на Парнас.

6.«Станцаваць» паэзію ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

«Танцуйма Багдановіча!» — заклікае наведнікаў Літаратурны музей Максіма Багдановіча. У танцы можна праявіць сябе, адпачыць ад працоўных будняў ды нават адшукаць новы сэнс у паэзіі славутага творцы. Падвор’е музея прапануе народныя гульні ды забавы разам з фальклорным калектывам «Калыханка». Выступ тэатра «Гістрыён», вясёлыя танцы з капэлай «На таку», танцавальныя выступленні і майстар-класы ад клуба «Квартал», майстар-класы па сярэднявечных танцах ад гурта «Дзівабор». У гонар Максіма Багдановіча падрыхтаваная спеўная праграма «Вянок для Максіма» ад фальклорных калектываў.

 Як працяг славутых сустрэч у «Беларускай хатцы» — паэтычныя выступы Віктара Лупасіна, Георгія Барташа, Таццяны Светашовай, Дар’і Бялькевіч ды прэзентацыя кнігі Мікіты Найдзёнава «Развітанцы».

7.Філасофская размова пра паэзію, крытыку, чытанне — на кухні Літаратурнага музея Петруся Броўкі.

Госці імпрэзы патрапяць на так званы «кватэрнік», дзе ў савецкія часы ўсе маглі шчыра выказаць нават самае небяспечнае меркаванне, а таму знаходзіліся ў роўных умовах суразмоўцаў. Паразмаўляць на сустрэчы будзе з кім: на кухню музея запрошаныя Анатоль Івашчанка, Ганна Севярынец, Наста Кудасава, Альгерд Бахарэвіч, Алег Трусаў, Валерый Булгакаў ды іншыя таленавітыя беларускія творцы. Гэтым разам «кватэрнік» прысвечаны праблемам беларускай літаратуры. На паэтычным дыспуце «Час пераменаў» будуць разглядаць сучасную паэзію, актуальнасць класічных рытмаў ды стаўленне да крытыкаў; дыскусія «Канец кнігі? Як мы развучыліся чытаць» закране імідж кнігі і ўзровень чытача ХХІ стагоддзя. Самых сур’ёзных наведнікаў чакае палеміка «Моўная палітыка ў БССР. 1950 — 80-я гг.», падчас якой можна будзе абмеркаваць тэндэнцыю русіфікацыі і звязаныя з ёй праблемы, а таксама існаванне роднай мовы на сучасным этапе.

Зразумела, цяжка ўявіць вячоркі без спеваў напрыканцы сустрэчы, таму сардэчна запрашаем на «Бардаўскія песні на кухні». Да таго ж літаратурны музей Петруся Броўкі — адзін з нямногіх, дзе вырашылі прытрымлівацца менавіта начнога фармату імпрэзы. Каб ехаць дадому, трэба дачакацца, пакуль пачне хадзіць транспарт. Бавіць час дапаможа «Кінадбанне да першага трамвая», дзе пакажуць дыпломныя работы студэнтаў Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі.

8.Званы вечар у «Лошыцкай сядзібе».

 Не проста мастацкая атмасфера, а сапраўдны свецкі раўт чакае ў музеі, дзе збяруцца музыкі, літаратары ды мастакі, як было пры жыцці апошніх гаспадароў Лошыцы Яўстафіі і Ядзвігі Любанскіх.

Першым гасцей вечара сустрэне аканом. Ён распавядзе пра клопаты вялікага маёнтка: зразумела, утрымліваць панскую гаспадарку — нялёгкая справа. У сядзібу запросяць Клатыльда і Зафія Кеневічы, сёстры пані Ядзвігі. Дзяўчыны прадэманструюць бездакорнае валоданне этыкетам і правядуць гасцей па пакоях маёнтка, каб пазнаёміць нашых сучаснікаў з побытам шляхцічаў. У Белай зале гасцей чакае музычны салон для аматараў прыгожага мастацтва, у літаратурным салоне прагучыць паэзія ХІХ стагоддзя. У танцавальным салоне навучаць не толькі вядомаму вальсу, але і танцам пад дзіўнымі назвамі падэпацінёр, рэгтайм, ванстэп. Не абыдуць і папулярныя салонныя забавы мяжы XIX — XX стагоддзяў: бурымэ, скрабл ды шарады.

Загучаць беларускія песні, а таксама дударская і смыкавая музыка ад гурта «Талака», створанага на базе кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?