Вы тут

Што прапануюць насіць дызайнеры Belarus Fashіon Week?


Пакуль мы радуемся сонечным дзянькам, на Беларускім тыдні моды прадставілі калекцыі наступнага сезона восень-зіма. На сталічным подыуме прайшло 27 паказаў жаночага, мужчынскага і дзіцячага адзення.


Фота: bfw.by

Многія айчынныя дызайнеры гэты раз натхняліся модай мінулых эпох. Так, Алёна Гарэцкая звярнулася да 70-х. Сукенкі з валанамі і расліннымі прынтамі, касцюмы і паліто з аксамітным аздабленнем, трыкатажныя блузы на люрэксавай ніці, верхняе адзенне з аб'ёмнымі мехавымі гаржэткамі... Галоўны аксесуар — павязка на галаву. Час рабіць рэвізію ў шафах і шукаць, ці не заляжалася на дальніх паліцах штосьці падобнае.

Брэнд NELVA (Брэст) натхнілі не толькі 70-я, але і стрыманая арыстакратычная Англія канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя і эпоха Адраджэння. Акрамя класічных базавых колераў, стваральнікі калекцыі зрабілі стаўку на слівавы і балотны. А неабходнай рэччу гардэроба кожнай модніцы абвясцілі блузу з яркім узорам, якая нават у самы строгі вобраз дадасць нотку ўрачыстасці.

Мадэльер Наталля Корж вырашыла здзейсніць падарожжа ў 30-я гады. Для ўбораў калекцыі «Шанхайскі экспрэс» былі выбраны аксаміт, карункі, шоўк, а асноўнымі колерамі сталі аліўкавы, фіялетавы, «хакі». Дапоўніць вобразы дам пачатку мінулага стагоддзя дапамаглі капялюшыкі, ажурныя калготкі і пальчаткі.

Дызайнер Юлія Гілевіч выбрала для сваёй калекцыі натуральныя тканіны: шоўк, віскозу, бавоўну. На яе думку, сучаснай дзелавой жанчыне не абысціся без касцюмаў са штанамі і сукенак-кашуль. Іскрынкай калекцыі стаў асіметрычны крой. А дапаўняць вобраз стыльнай гараджанкі мадэльер раіць празрыстымі міні-сумачкамі на масіўным ланцужку.

У халодную пару года (сёлетняя вясна паказала, што ў гэты перыяд можна смела ўключаць і май) адзенне павінна быць перш за ўсё цёплым. Менавіта таму дызайнер Ірына Бойцік прадставіла рэчы з воўны, кашаміру, махеру і полівіскозы. Асноўныя адценні — шэры, халодны чырвоны, аранжавы, чорны, белы. А вось мадэльер Таццяна Яфрэмава выбрала для восені больш яркую палітру. Напрыклад, колеры фуксія і залаты. Любімы матэрыял дызайнера — футра, таму ён шырока выкарыстоўваецца ў калекцыі, прычым не толькі ў верхнім адзенні.

Сваё бачанне моды і нацыянальнай тэматыкі ў ёй прадставілі маладзёжныя брэнды UND і Honar. Першы стварыў калекцыю ва ўрбаністычным стылі і змясціў на адзенні меткі, прасканаваўшы якія мабільнай праграмай можна даведацца больш пра мінскія славутасці. Другі вырашыў паказаць інтэрпрэтацыю слуцкіх паясоў і паклаў іх узоры і кампазіцыю ў аснову калекцыі «Персіяна».

Увагу мужчынскай модзе ўдзяліла дызайнер Людміла Тараканава. Пад уплывам графічных работ Марка Шагала, фатаздымкаў Першай сусветнай вайны і архітэктуры канструктывізму мадэльер стварыла чорна-белую калекцыю. Ужо не першы раз Людміла Тараканава прапануе моцнай палове пераадзецца ў сукенкі і спадніцы. Але ёсць рэчы і для мужчын, пакуль не гатовых да эксперыментаў: аб'ёмныя паліто і курткі, тунікі і кашулі.

Што да дзіцячага адзення, то стыльныя ўборы для самых маленькіх на подыуме прадставілі каля 30 дызайнераў і брэндаў. Традыцыйна Kіds' Fashіon Days BFW носяць дабрачынны характар. Сёлета ўсе сродкі ад продажу білетаў былі накіраваныя на дапамогу падапечным РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Падарожжа ў мінулае

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.