Вы тут

Аднаўленне старадаўняга парку пачынаецца ў Брэсце


Аднаўленне гістарычнага аб'екта — старадаўняга парку — пачынаецца ў Брэсце

Праграма падрыхтоўкі Брэста да 1000-гадовага юбілею, які мы адзначым у 2019 годзе, уключае ў сябе будаўніцтва і рэканструкцыю многіх аб'ектаў. І хоць Гарадскі сад, на жаль, не ўвайшоў у названы пералік, у кантэксце будучага святкавання гэты аб'ект асаблівы як у цэлым для горада, так і для ўсіх яго жыхароў. Па-першае, гэта яшчэ адзін парк, глыток свежага паветра, якому не спрыяе сучасны рытм жыцця, а па-другое, часцінка гісторыі, якую мы маем магчымасць ушанаваць як годныя нашчадкі.


Гісторыя брэсцкага саду сапраўды вартая памяці. У 30-я гады ХІХ стагоддзя па імператарскім указе пачалі ўзводзіць крэпасць. Для гэтага прыгожы і самабытны старажытны Брэст знеслі, зруйнавалі, а крыху далей адбудавалі новы, што на афіцыйнай мове гучала як «перанеслі горад на іншае месца». І, відаць, у тым ліку каб крыху дагадзіць незадаволеным перасяленнем жыхарам, заклалі для іх месца адпачынку — Казённы сад. Так ён спачатку называўся і размяшчаўся на рагу Кветкавага бульвара і вуліцы Шасэйнай (цяпер адпаведна вуліца Леніна і праспект Машэрава). Месца для саду было выбрана не выпадкова. Тут, аказваецца, знаходзіўся помнік старажытнасці — курган старадаўняга капішча. Праўда, да нашых часоў слядоў ад таго помніка фактычна не захавалася.

Засталіся звесткі аб тым, што сад быў надзвычай прыгожы. Здзіўляла разнастайнасць дрэў і кустарнікаў, сустракаліся нават экзатычныя віды. Квітнелі бэз і акацыя, ружы, півоні. Летам заўжды гучала музыка. Выступалі і аркестры, і асобныя выканаўцы. Напрыклад, у 1914 годзе, перад самай вайной, у драўляным тэатры саду даў канцэрт кампазітар Сяргей Рахманінаў.

У 1938 годзе частка тэрыторыі трапіла пад будаўніцтва ЦЭЦ. У 40-м годзе сад наогул закрылі для наведванняў, бо ён стаў санітарна-ахоўнай зонай водазабора, у ім размяшчаліся артэзіянскія свідравіны. Дарэчы, прабіў першую свідравіну і здабыў чыстую ваду на гэтай тэрыторыі яшчэ купец Шапавалаў.

Доўга гэты сад быў закінутай, забытай усімі мясцінай. І вось, здаецца, прыйшоў яго час. Ініцыятарам адраджэння былой славутасці стаў мэр горада Аляксандр Рагачук. Канцэпцыю аднаўлення Гарадскога саду, закладзенага ў 30-я гады пазамінулага стагоддзя, стварылі інжынеры і архітэктары ААТ «Брэстжылпраект». Аўтарскі калектыў перадаў прэзентацыйныя матэрыялы на разгляд Брэсцкага гарвыканкама. Нядаўна атрымалі прынцыповае «дабро». Дырэктар «Брэстжылпраекта» і кіраўнік аўтарскага калектыву Таццяна МАРОЗ гаворыць, што стваральнікі канцэпцыі захавалі філасофію архітэктараў-папярэднікаў. У аснову пакладзены паважлівыя адносіны як да прыроды, так і да наведвальнікаў, тых, хто прыйдзе ў гэты парк. Сад мае стаць зонай ціхага адпачынку, без шумных забаўляльных мерапрыемстваў і адпаведных аб'ектаў.

— Да гэтага найперш абавязвае памяць. Ёсць звесткі, што менавіта тут пахаваныя ахвяры вайны 1812 года, а таксама Першай і Другой сусветных войнаў. Таму спецыялісты бачаць гарадскі сад найперш як месца сузірання, спакойнага роздуму, стасункаў з прыродай, — працягвае Таццяна Мароз.

Галоўны інжынер праекта Наталля Марылава дадае, што, паводле задумкі, сад складуць тры часткі або тры ўзроўні: верхні сад з алеяй Закаханых, сад бесперапыннага цвіцення і набярэжная ракі Мухавец.

Парк выходзіць менавіта на бераг ракі. І гэта грэх было б не выкарыстаць. Тым больш што іншага парку з арганізаваным выхадам да вады ў горадзе няма. На набярэжнай маглі б, напрыклад, «прапісацца» мастакі. Апошняе стала б «фішкай» горада. І тады можна было б гаварыць, што парк служыць эстэтычнаму выхаванню гараджан, спрыяе выхаванню культуры, лічаць аўтары канцэпцыі.

— У Гарадскім садзе паявіцца сучасная зручная інфраструктура, — расказвае Наталля Марылава. — Гаворка ідзе пра кавярні, летні тэатр, эстраду, альтанкі. Будзе шмат розных лавак, ліхтароў у стылі рэтра. Абапал веладарожак і пешаходных дарожак установяць пітныя бюветы. Прадугледжаны водаправод і зона Wі-Fі. Так што на лужку можна будзе паляжаць з кніжкай альбо планшэтам, — працягвае Наталля Леанідаўна. — З боку ЦЭЦ думаем узвесці сцяну з каменя, аплеценую раслінамі. Яна стане своеасаблівым фонам для ўсяго саду. А ў старой воданапорнай вежы размесціцца невялікі музей вады.

— Нашы архітэктары бачаць у якасці наведвальнікаў людзей розных узроставых груп, якім патрэбны адпачынак ад гарадской мітусні, прыемныя стасункі з прыродай, месца для асэнсавання быцця, — дапаўняе Таццяна Мароз. — Да распрацоўкі канцэпцыі мы падышлі з любоўю, з душой, хацелася б, каб гэты парк атрымаўся эксклюзіўным і яго палюбілі гараджане. Аўтарскі калектыў, у яго яшчэ ўвайшлі Анатоль Патоцкі, Юлія Грыднева пры ўдзеле Ірыны Хілюк, вельмі рады таму факту, што іх бачанне супадае з поглядам на названы аб'ект старшыні Брэсцкага гарвыканкама Аляксандра Рагачука. Менавіта ён паспрыяў раскрутцы гэтай кампаніі. Мэр узначаліў некалькі суботнікаў па ачыстцы тэрыторыі гістарычнага саду. А цяпер прынцыпова падтрымаў канцэпцыю архітэктараў «Брэстжылпраекта». Курыруе ўсю падрыхтоўчую работу галоўны архітэктар Брэста Мікалай Уласюк.

Вельмі хочацца спадзявацца, што праз нейкія два гады мы зможам прайсціся па старым новым Гарадскім садзе, удыхнуць глыток чыстага паветра, а можа, і паслухаць добрую музыку, як тады, сто і болей гадоў таму. І адчуць нейкую загадкавасць, імкненне да бясконцага спасціжэння новага, як і задумвалі архітэктары: «В городском саду — флейты да валторны, капельмейстеру хочется взлететь...»

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.