Вы тут

Сувязістцы падпарадкоўваецца ўзвод салдат тэрміновай службы


Настасся Рэут ніколі не турбуецца наконт таго, у чым пайсці на работу. Прыгожыя сукенкі і туфлі на абцасах — гэта не пра яе. Найбольш камфортна дзяўчына адчувае сябе ў камуфляванай форме і берцах. Насця служыць у арміі. Яна — сувязістка.


На­стас­ся Рэут пра­во­дзіць за­ня­так па кі­ра­ван­ні транс­парт­ным срод­кам.

У 56-м асобным палку сувязі жанчын у пагонах нямала: гэтую адказную вайсковую прафесію ім давяралі здаўна. Настасся камандуе ўзводам. У яе ў падначаленні — шасцёра мужчын. І ўсе, а гэта салдаты тэрміновай службы, паслухмяна выконваюць загады свайго камандзіра.

Пад яе кіраўніцтвам вайскоўцы засвойваюць тэлеграфна-тэлефоннае рамяство, кіруюць мабільнымі вузламі сувязі. Акрамя таго, дзяўчына лічыць сваім абавязкам унікаць у патрэбы салдат. Здаецца, Настасся ведае пра іх усё: хто якую навучальную ўстанову скончыў, чым займаўся ў цывільным жыцці...

Сама дзяўчына ў армію трапіла не выпадкова. У той час калі Насціны сяброўкі выбіралі прафесію прадаўца, бухгалтара або настаўніка, яна марыла пра афіцэрскія пагоны.

— Насіць вайсковую форму хацела з самага дзяцінства, — прызнаецца Настасся Рэут. — У маёй сям'і ніколі не было вайскоўцаў, але мне заўсёды падабалася ваенная выпраўка, пастраенні, з задавальненнем назірала за парадамі войскаў Мінскага гарнізона... Паколькі я паступала пасля 9 класа, то на перспектыву выбірала спецыяльнасць, запатрабаваную ў арміі.

Пасля заканчэння каледжа сувязі (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі) яна трапіла ў 56-ы полк, дзе служыць ужо дзявяты год. Спачатку праходзіла службу па кантракце. Афіцэрскую пасаду заняла, калі стала прапаршчыкам. Зборы, экзамены — і яна лейтэнант.

Як запэўнівае дзяўчына, праца не самая складаная: своечасова рэагаваць на ўсе паведамленні, сачыць за спраўнасцю апаратуры і, калі трэба, выпраўляць непаладкі. Але надзвычай адказная: выконваючы рэальныя практычныя задачы ў мірны час, ваенныя сувязісты знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці. На шчасце, пазаштатныя сітуацыі адпрацоўваюцца толькі падчас палявых выхадаў і вучэнняў.

Паколькі ваенная сувязь развіваецца ўсё больш імкліва, увесь час трэба ўдасканальвацца. Часу на пачытаць што-небудзь для душы ў Настассі не хапае: у руках часцей за ўсё — навукова-папулярная і спецыялізаваная літаратура. Армія аснашчаецца новымі і мадэрнізаванымі сродкамі сувязі, таму, каб адпавядаць, трэба ўвесь час працаваць над сабой.

У пад­на­ча­лен­ні ў су­вя­зіст­кі — уз­вод муж­чын.

— Лічбавая тэхніка паступова замяняе аналагавую, — расказвае Настасся Рэут. — Калі раней для яе абслугоўвання было задзейнічана пяць чалавек, то цяпер з тымі самымі задачамі могуць справіцца двое. Але ніякі камп'ютар не заменіць чалавека: трэба кантраляваць абстаноўку, уводзіць пэўныя даныя ды, як і любая апаратура, ён можа даць збой.

Лейтэнант прызнаецца, што ў цывільным жыцці не раз даводзіцца чуць, што служыць у арміі — не жаночая справа. «Гэта на «грамадзянцы» некаторыя лічаць, што ні ў якім разе не падпарадкоўваліся б жанчыне, — гаворыць Настасся. — У арміі ж субардынацыя — не пусты гук. Ты тут не жанчына, а такі ж ваеннаслужачы, як і ўсе астатнія. Ніякіх патуранняў!»

Акрамя хіба што нарматываў па фізічнай падрыхтоўцы. Замест падцягвання жанчыны ў пагонах здаюць практыкаванні для прэса, а на нарматыў па бегу для іх адводзіцца больш часу, чым мужчынам. У астатнім, на думку лейтэнанта Рэут, прадстаўніцы жаночага полу не павінны вылучацца з агульнага строю. «Раз ты прыйшоў у армію, забудзься пра прыгожую прычоску, яркі макіяж і доўгія пазногці, — лічыць яна. — Па-за КПП ты можаш выглядаць як хочаш, але нельга забываць, што перш за ўсё ты афіцэр».

Нягледзячы на тое, што на службе Настасся — дастаткова строгі і патрабавальны камандзір, дома яна — пяшчотная і клапатлівая маці. Дзяўчына ўпэўнена, што ўсе службовыя пытанні павінны заставацца за КПП, у той жа час ні ў якім разе нельга прыносіць свае сямейныя праблемы на работу.

Любімаму сыну Насця прысвячае ўвесь свой вольны час. Той, у сваю чаргу, ганарыцца, што мама — афіцэр. А калі нехта з аднакласнікаў сумняваецца, просіць, каб забрала яго са школы ў вайсковай форме.

— Дома вы таксама камандзір?

— Блізкія кажуць, што так, але я не сказала б, — прызнаецца дзяўчына. — Я аргументую гэта тым, што мой сын проста дысцыплінаваны хлопчык. Яму хапае аднаго майго погляду, і ён усё разумее.

Пра будучую прафесію маленькі Мікіта пакуль не задумваўся. Але маці не выключае, што афіцэрская дынастыя можа працягнуцца. Сёння Настасся не ўяўляе сябе ні ў якай іншай сферы. Яна ніколі не шкадавала, што зрабіла свой выбар на карысць абароны Айчыны.

— Прафесія вайскоўца заўсёды будзе актуальнай, — лічыць камандзір узвода. — Сёння гэта і стабільны заробак, і кар'ерны рост, а яшчэ, безумоўна, прэстыж. Я ганаруся сваім званнем і прафесіяй. Увогуле, працаваць трэба там, дзе падабаецца. Тады і на работу будзеш хадзіць з задавальненнем.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Калі мама — афіцэр

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?