Вы тут

Ганна Чыж-Літаш: Пісаць пра тое, што сам бачыў і перажыў


Так лічыць ваенны карэспандэнт, якая працуе ўжо над чацвёртым дэтэктывам.

Калі Ганна Чыж-Літаш ішла ў дэкрэтны водпуск, то дрэнна ўяўляла свой дзень без палігонаў, тэхнікі і інтэрв'ю з вайскоўцамі. Яе дачушцы ўсяго 9 месяцаў, а яна працягвае не толькі здымацца (Ганна працуе на «Ваен-ТБ»), а і знаходзіць час на творчасць — будучы ў дэкрэце, журналістка ў пагонах напісала дзве кнігі.


Мы сустракаемся з калегай у адным са сталічных паркаў адпачынку, дзе яна штодзень гуляе з маленькай Ульянай, і абмяркоўваем новаспечаныя дэтэктывы — менавіта ў такім жанры піша Ганна. Але перш — як яна знаходзіць на гэта час?

— Усе пытаюцца, калі я ўсё паспяваю, — прызнаецца маладая аўтарка. — Калі ты чагосьці вельмі хочаш, можна знайсці на гэта хоць гадзіну, хоць некалькі хвілін. Усё часцей даводзіцца чуць: я нічога не паспяваю. Гэта ўсё адгаворкі! Насамрэч гэты чалавек проста заняты нечым іншым.

Дэтэктыўныя сюжэты нараджаюцца ў Ганны раптоўна, часам нечакана, але матэрыялізуе яна іх толькі тады, калі дачушка спіць. Звычайна гэта адбываецца падчас вулічнай прагулкі, дзесьці ў парку на лавачцы, а падчас дрэннага надвор'я — у мамы на кухні, пакуль маленькая Ульяна атрымлівае хоць якую порцыю свежага паветра на балконе. Адным словам, піша Ганна Чыж-Літаш па графіку.

— А як жа натхненне? — цікаўлюся ў аўтара.

— Я не веру ў натхненне, — перакананая ваенны карэспандэнт. — Я веру ў працаздольнасць, у сілу волі і ў характар.

Дарэчы, па першай адукацыі Ганна — выкладчык англійскай мовы, сацыяльны педагог і псіхолаг. Акрамя таго, вучылася ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Журфак скончыла толькі нядаўна. Першую кнігу яна прысвяціла свайму бацьку. Ён і стаў прататыпам галоўнага героя — Аляксандра Пятровіча Вінаградава, які з дэтэктыва ў дэтэктыў раскрывае новыя злачынствы.

Ганнін бацька — палкоўнік запасу, які 36 гадоў адслужыў у войску. Але ён мог служыць і яшчэ больш, каб не абставіны, якія прымусілі пайсці на пенсію. У дзяўчыны доўгі час была крыўда за бацьку, таму, прысвяціўшы яму першую кнігу, яна хацела ўсім расказаць, які шчырым і справядлівым афіцэрам ён быў. Вядома, перажыванні галоўнага героя аб звальненні не з'яўляюцца асноўным лейтматывам кнігі. Галоўнае — раскрыць злачынства. Вінаградаў прысутнічае на адным мерапрыемстве, дзе гіне яго сябар. І як уласціва любому дэтэктыву, ён пачынае гэтае злачынства расследаваць, у выніку раскрывае справу.

У сваім кабінеце забіты дырэктар найбуйнейшай будаўнічай фірмы краіны. Хто пакінуў 12 куль у грудзях ахвяры? У новай кнізе «Прах на ветры», якая ўжо ёсць у продажы, палкоўнік Вінаградаў зноў спрабуе разматаць злачынны клубок супярэчнасцяў.

— Вобраз Вінаградава не спісаны даслоўна, — удакладняе аўтар, называючы бацьку сваім Пуаро. — Дзесьці я яго нават ідэалізавала, зрабіла не такім, які ён ёсць у жыцці. Ужо з першых старонак бацька зразумеў, пра каго ідзе размова. Яму спадабалася.

Серыя дэтэктываў з галоўным героем працягваецца. Але кожны раз — гэта новая гісторыя, абсалютна не звязаная з папярэдняй. Ганна папярэджвае, што ў яе дэтэктывах не ўбачыш НТБ-шнага стылю. Творы больш падобныя да класікі: дзяўчына расла на Агаце Крысці і Артуры Конан Дойле. Яна не імкнецца як мага больш жудасна перадаць момант злачынства, галоўнае для маладога аўтара — паказаць чалавечую сутнасць.

— Многія людзі знешне прыгожыя, ахайныя, ветліва табе ўсміхаюцца, а насамрэч вывернуць іх душу — ні адзін пральны парашок не адмые, — лічыць Ганна Чыж-Літаш. — Проста трэба жыць па сумленні. У сваіх творах я паказваю, што з сябе ўяўляюць людзі, здзяйсняючы тое ці іншае злачынства.

У кнізе няма рэальных забойстваў, як думаюць многія з акружэння Ганны, — некалькі гадоў тая працавала прэс-афіцэрам Партызанскага РУУС, таму пра злачынствы, якія адбываліся ў яе раёне, ведае нямала. А вось вобразы некаторых герояў дэтэктываў, па словах аўтара, узяты з рэальнага жыцця. Асабліва гэта датычыцца трэцяй кнігі «Радня», якая будзе апублікавана ў сярэдзіне лета.

— Перачытваю першую кнігу і разумею, што некаторыя моманты я ўжо адлюстравала б па-іншаму, — прызнаецца ваенны карэспандэнт. — З кожнай новай кнігай заўважаю, што расту. Вучуся сама ў сябе.

Яна ўжо ўзялася за новую, чацвёртую, кнігу. Піша і атрымлівае неймавернае задавальненне ад гэтага. Аўтар лічыць, што трэба пісаць пра тое, што ты сам бачыў і перажыў. «У новай кнізе я адправіла галоўнага героя ў Румынію, дзе некалі сама адпачывала», — кажа Ганна. Далей — інтрыга.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Каментары

Малайчынка! Так трымаць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».