Вы тут

Мабільны планетарый FullDоmе працуе ў Гомелі


Яшчэ тры дзесяцігоддзі таму гамяльчане ганарыліся, што ў горадзе над Сожам ёсць магчымасць пабачыць зорнае неба і даведацца аб космасе з дапамогай спецыяльнай апаратуры. Школьнікаў на ўрокі астраноміі з 1962 года абавязкова прыводзілі ў планетарый, які размяшчаўся тады ў будынку сабора Пятра і Паўла.


У самым канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя будынак быў перададзены Праваслаўнай царкве, якая вярнула яму першапачатковае прызначэнне, а вось прыхільнікі зорнага неба засталіся без магчымасці наглядаць за ім з дапамогай спецыяльнай апаратуры. Вернікаў час ад часу папікалі за тое, што пазбавілі гамяльчан магчымасці сачыць за працэсамі, якія адбываюцца ў сусвеце. І вось цяпер усе маюць магчымасць з дапамогай сістэм візуалізацыі новага пакалення дакрануцца да касмічных таямніц.

Мабільны планетарый FullDоmе, набыты ў Расіі, размяшчаецца на цокальным паверсе Палаца Румянцавых і Паскевічаў. Там усталяваны спецыяльны купал, разлічаны на 11 наведвальнікаў. Павільён мае 8 метраў у дыяметры і 5 — у вышыню. Праекцыя трансліруецца на купал, што забяспечвае панарамны агляд для гледачоў. Пры гэтым дасягаецца максімальная рэалістычнасць і адчуванне прысутнасці. Пакуль у планетарыі дэманструюць пяць фільмаў працягласцю каля паўгадзіны на касмічную тэматыку, аднак з часам спіс сеансаў пашыраць.

— Новая зала можа быць выкарыстана для папулярызацыі астраноміі, касманаўтыкі, гісторыі навукі ў цэлым, — гаворыць гомельскі астраном і краязнаўца Уладзімір Ларыёнаў. — Мы ж ведаем, што гісторыя Беларусі, і ў прыватнасці Гомельшчыны, вельмі цесна пераплецена з дзейнасцю навукоўцаў, якія сур'ёзна займаліся і астраноміяй, і касманаўтыкай.

— Магчыма, у хуткім часе новы планетарый адправіцца на гастролі ў іншыя раёны Гомельшчыны, — адзначыла дырэктар музея Палаца Румянцавых і Паскевічаў Аксана Торапава. — Гэта для таго, каб жыхары не толькі абласнога цэнтра, але і ўсёй вобласці далучыліся да касмічнай гармоніі.

Дарэчы, у сучасным гомельскім планетарыі дэманструюцца не толькі галактыкі і зоркі, але і падводны свет, мікракосмас, а таксама віртуальнае вандраванне па чалавечым арганізме.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Далёкія галактыкі сталі бліжэйшыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».