Вы тут

Пара святкаваць Сусветны дзень музеяў


Такія часы: мастацтва адзначаецца прыкметнымі рухамі ў бок вуліцы, вольных прастораў, звычайнага чалавека. Тэндэнцыя на скарачэнне разрыву паміж «акадэмічнай» культурай і далёкім ад высокіх матэрый простым спажыўцом знаходзіць шляхі для самарэалізацыі і адпаведна новыя формы ўвасаблення. Беларуская прастора тут далёка не навічок, бо «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (УНОВИС) у Віцебску распачыналі гэты рух яшчэ стагоддзе таму. Пэўныя падзеі адкінулі нас ад аздаблення паўсядзённасці мастацтвам і прымусілі рэфлексаваць на катастрофы. І вось, нарэшце, краіна вяртаецца да свайго натуральнага, павольна ўцягваецца ў сусветную плынь, расслабляецца, размывае межы, мастацтва цяпер — не элітарная недасягальная, а даступная кожнаму рэч. І сённяшняя Ноч музеяў, да якой варта прычыніцца, — адзін з найярчэйшых гэтаму доказаў.


Дзіўна, музейная прастора можа выкарыстоўвацца як метафара акадэмічнага, высакароднага, першагатунковага і ў гэты ж час можа стаць пляцоўкай гучнай начной тусоўкі. Можна прыйсці ў навіслую цішыню, калі паміж заламі мерна праходжваецца пара стомленых візіцёраў, а можна трапіць у гушчу падзей — амаль у карнавал з музыкамі, танцорамі, касцюміраваным шоу. Праўда, сёння кожны прапануе нешта сваё, адметнае і не абавязкова карнавальнае — музеі сталіцы, абласных і маленькіх гарадоў імкнуцца падтрымаць сусветную акцыю «Ноч музеяў».

Першая адбылася ў Берліне ў 1997 годзе, сёлета Беларусь становіцца ўдзельнікам акцыі ўжо трынаццаты раз. Некаторыя ўстановы, напрыклад Мірскі замак, прапанавалі свае праграмы непасрэдна ў Міжнародны дзень музеяў, то-бок 18 мая, асноўная ж маса перанесла святкаванне на выхадныя, значыць, на сёння. І яшчэ: назва акцыі гучыць прыгожа, але правесці ў музеях цэлую ноч наўрад ці атрымаецца, калі толькі вы не застаняцеся тут да раніцы выпадкова. Большасць мяркуе скончыць свята ўжо ў адзінаццаць ці дванаццаць гадзін ночы, тады можна перанакіравацца ў іншае месца, якое плануе сваю праграму даўжэйшай.

Самі музеі па традыцыі прапануюць наведвальнікам шмат гульняў, квэстаў, танцаў, фільмаў, канцэртаў, майстар-класаў. Як звычайна, арганізатары складаюць цэлыя канцэпцыі ці абапіраюцца на культурныя здабыткі мінулага, як, напрыклад, Нацыянальны мастацкі музей, які прыгадаў Хуліа Картасара з яго творам «Гульня ў класікі». Асаблівасць рамана ў тым, што яго часткі можна чытаць у любой паслядоўнасці, так і музей падрыхтаваў для наведвальнікаў тры шляхі. Можна паглядзець пастаянную экспазіцыю і выстаўкі, што праходзяць зараз у Нацыянальным мастацкім (а гэта значыць, убачыць беларускае мастацтва XІІ—XX стагоддзяў, Рускае мастацтва XVІІІ — пачатку XX, мастацтва Еўропы XVІ—XX, мастацтва краін Усходу XІV—XX, выстаўку гравюр Рэмбранта і іншае). Можна сканцэнтравацца на адмысловых мерапрыемствах Ночы музеяў і атрымаць магчымасць рабіць рэчы, якія, магчыма, не давядзецца паўтарыць ніколі ў жыцці, напрыклад, паглядзець экспазіцыю ў цёмных залах з дапамогай толькі ліхтара. Трэцім магчымым варыянтам будзе сумяшчэнне гэтых двух шляхоў.

Праграма Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва звяртаецца да вулічнага мастацтва, якое засвойвае музейную прастору, — тут пройдзе конкурс скетчаў ад вулічных мастакоў, шэраг перформансаў (а гэта, напэўна, адна з самых прыцягальных для абывацеля формаў мастацтва), майстар-клас па стварэнні арт-работ са смецця, інсталяцыя нямецкага мастака Мануэля Шрэдэра, DJ-сэты і іншае. Што датычыцца корпуса НЦСМ, што на праспекце Незалежнасці, то ён у Ноч музеяў стане кінапляцоўкай, дзе два кінафестывалі — Cіnema Perpetuum Mobіle і Vagrant Fіlm Fest — пакажуць свае праграмы.

Не менш цікавую кінапраграму прапануе Музей гісторыі беларускага кіно — айчынныя кароткаметражныя фільмы ў падборцы «DІY. Архіў за 10 гадоў». Тут жа адбудзецца конкурс-дэфіле на адпаведную тэматыку і шэраг лекцый.

Да Ночы музеяў далучаюцца таксама музей «Краіна міні», Музей займальных навук «Квантум», Музей Якуба Коласа, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, музей марожанага «Белы полюс», Лошыцкая сядзіба, Лінія Сталіна — карацей, у гэтую ноч для наведвальніка сапраўды адчыненыя дзверы на любы густ.

Дарэчы, калі ўжо пайшоў «замут» на сучасныя праявы мастацтва, якое выходзіць на вуліцы, то працягнуць ноч культурна можна завітаўшы на Кастрычніцкую вуліцу з яе грандыёзнымі графіці ці на плошчу Якуба Коласа, дзе цяпер выстаўляецца трыццаць пяць сучасных мастакоў з калекцыі Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва. Карацей, гуляць можна «ўсю ноч да раніцы».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Цёмныя залы пастаянных экспазіцый

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».