Вы тут

Як парламентарыі плануюць рэалізоўваць задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам


Пасланне кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу кожны раз без перабольшвання становіцца адной з ключавых падзей года. Гэта — канкрэтны, пакрокавы план таго, як будзем працаваць і якія мэты стаяць перад усімі намі на найбліжэйшую перспектыву. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выказаліся, як яны бачаць рэалізацыю пастаўленых задач.


Лібералізацыя поруч з дзяржкантролем

Па тэме бізнесу ў Пасланні прагучалі два пасылы. Па-першае, лібералізацыя мае месца быць, але давайце не адыходзіць ад дзяржаўнага рэгулявання — у тым ліку эканамічных працэсаў. Па-другое, стаўка павінна рабіцца на інвестыцыі, развіццё інавацыйных тэхналогій, імпартазамяшчэнне.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Валерый БАРАДЗЕНЯ ўпэўнены: на выхадзе будуць сфарміраваныя дастаткова добрыя, камфортныя ўмовы для бізнесу.

— Калі б былі гарантыі, што лібералізацыя вядзе да павышэння эканамічнай эфектыўнасці, яна б у Беларусі была праведзена ўжо даўным даўно. Таму, безумоўна, дзяржаўны кантроль павінен захавацца. Вельмі мала ёсць сфер, якія могуць сапраўды самарэгулявацца. І самае цікавае, калі мы ідзём па шляху лібералізму, мы ў любым выпадку сутыкнёмся з тым, што аказваецца ігракам рынку — і буйным, і дробным — не вельмі цікава канкурэнцыя і яе развіццё. Яны, наадварот, спяць і бачаць, як бы яе абмежаваць. І тут роля дзяржавы ў тым, каб усё ж такі, аддаючы свабоду, забяспечыць роўныя правы і не дазволіць нікому выкарыстоўваць сваё дамінантнае становішча.

Штрафаваць стануць менш?

Старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў ШЧЭПАЎ адзначае: прааналізаваўшы Пасланне, парламентарыі бачаць, што трэба зрабіць па кожным кірунку.

— Цяпер дэпутатамі нашай профільнай камісіі па эканамічнай палітыцы рыхтуюцца да ўнясення два важнейшыя законапраекты аб інвестыцыях і прыватызацыі, — расказаў ён. — Там якраз праблемныя моманты або перашкоды для прыцягнення інвестыцый будуць ліквідаваныя.

Дэпутат таксама паведаміў, што ў Палату прадстаўнікоў будзе ўносіцца законапраект аб зменах у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Будуць пераглядацца штрафныя санкцыі ў дачыненні да прадпрымальнікаў так, каб яны былі суразмерныя зробленым парушэнням.

— У нас у заканадаўстве ёсць санкцыі за фармальныя памылкі ў дакументах, — канстатуе Уладзіслаў Шчэпаў. — Калі ёсць шкода чалавеку, юрыдычнай асобе або дзяржаве, то тады трэба накладваць санкцыі. А калі адпаведны ўрон у судзе не даказаны, то санкцыя не павінна накладвацца.

1000 можна атрымліваць і ў культуры

Адказваючы на пытанне «Звязды» пра зарплату ў 1000 рублёў — наколькі рэальна яе забяспечыць людзям, што працуюць, напрыклад, у сферы культуры — Валерый Барадзеня заявіў:

— Я не згодны, што сфера культуры нізкааплатная. Ёсць багатыя спевакі, мастакі. Трэба паглядець, як лічыцца сярэдняя зарплата ў цэлым па галіне... Гэта як сярэдняя тэмпература па бальніцы. Насамрэч, дзе б ні былі знойдзены сродкі, яны будуць зароблены. Але мы не ўмеем прадаваць свой прадукт! Калі людзі крыху задумаюцца, а мы дадзім ім магчымасці, рычагі, то нават у бюджэтнай сферы можна многага дасягнуць.

— Я ведаю, што ў спорце павышаць заробкі можна за кошт пазабюджэтных сродкаў, калі ўстанова, прадпрыемства самастойна зарабіла нейкія грошы. Так што ў спартыўнай сферы пытанні будуць вырашацца, — лічыць намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Вадзім ДЗЕВЯТОЎСКІ.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Дзмітрый ШАЎЦОЎ упэўнены: трэба больш эканомна ставіцца да таго, што маем.

— Калі мы і надалей будзем марнатраўна ставіцца да тых багаццяў, дабротаў, якія дае наша краіна (гэта вада, іншыя карысныя рэчы), то мы ніколі не навучымся эканоміць. Мы жывём у сапраўднай сацыяльнай дзяржаве, дзе сацыяльная падтрымка ўразлівых слаёў значная і па некаторых крытэрыях перавышае нават еўрапейскія краіны. Мы кажам пра тое, што гэта правільна, і мы павінны развівацца і далей у гэтым кірунку, але мы павінны ліквідаваць сацыяльнае ўтрыманства. Павінны адвучаць людзей да таго, што нехта прыйдзе і зробіць нешта за іх. Гэта казус для любога еўрапейца, — сказаў дэпутат.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Годная зарплата і развіццё прадпрымальніцтва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».