Вы тут

Ці знікне Навагрудскі замак?


Як той казаў, у страха вочы вялікія. Зусім нядаўна грамадскасць занепакоена абмяркоўвала сітуацыю на Навагрудскім замку. Маўляў, замак пад пагрозай, можа ў любы час упасці. Гучала досыць непрыемнае слова «разлом». На фотаздымках фігуравала трэшчына ў зямлі. Аднак калі гэтымі днямі я прыехала ў Навагрудак і пачала шпацыраваць па замкавай гары і вакол яе, то асаблівых жахаў там не пабачыла. Схілы ўжо параслі веснавой травой. Таму трэшчыну ў зямлі адшукала хутчэй дзякуючы мясцовым жыхарам. Ці ёсць моцныя нагоды для занепакоенасці, у якім стане насамрэч сёння замак, што плануецца рабіць, каб умацаваць земляныя схілы, карэспандэнту «Звязды» расказала загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталля ЖЫШКО.


Складаны пры любой раскладцы

— Аб'ект, якому ўжо пад тысячу гадоў, пры любой раскладцы з'яўляецца складаным. Нават калі б там не было разлому, — мяркуе Наталля Жышко. — Яго будавалі з XІV па XVІ стагоддзе. А руйнавалі ўсе ворагі, якія праходзілі праз Навагрудчыну. Бо яны найперш імкнуліся знішчыць абарончае ўмацаванне. Пачынаючы з войнаў сярэдзіны XVІІ стагоддзя, мы гаворым пра перыяд заняпаду замка. У іншыя часы людзі бралі адтуль цэглу, камяні, каб будаваць штосьці на сваіх сялібах, звозілі туды ўвесь бруд... Таму, калі сёння, бываючы на замку, чую, што з-за разлому ён знікне, мне робіцца не па сабе. Бо гэта надзвычай складаны помнік для ўсіх, хто на ім працуе. Нельга адназначна меркаваць пра руіны.

Мала хто ведае, што ў пачатку XX стагоддзя тут адбываліся абрушэнні сцен. Першы абвал часткі вежы Шчытоўка быў у 1906 годзе. У 1914-м пацярпела Касцельная вежа.

— У 1921 годзе, калі Навагрудчына ўвайшла ў склад Заходняй Беларусі і было створана Навагрудскае ваяводства, тагачаснае кіраўніцтва нарэшце зразумела, што замак — гэта каштоўнасць і з ім трэба нешта рабіць, — адзначае Наталля Жышко. — Таму першымі, хто распачаў аднаўленне замка, былі палякі. Яны пачалі работы ў 20-х гадах XX стагоддзя.

Польскія спецыялісты ўмацавалі сцены каменнымі падпоркамі. І паспрабавалі такім чынам захаваць тое, што было. З 1924 года там працаваў польскі археолаг Ромер.

Міндоўга ўсё-такі каранавалі тут!

На доўгі час пра замак забыліся. Даследчыкі скіравалі сваю ўвагу на яго толькі пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.

— У 1970-х гадах пачынаюцца вельмі сур'ёзныя даследаванні Навагрудскага замка, — працягвае расказваць спецыяліст. — Археолагі знайшлі там чашу Ядвігі, якая цяпер экспануецца ў Эрмітажы і з'яўляецца яскравым доказам таго, што Міндоўг каранаваўся менавіта на Навагрудчыне. Бо чаша Ядвігі ў Сярэднявеччы давалася тым кіраўнікам па ўсёй Еўропе, якія каранаваліся. Гэта знаходка прымушае замаўчаць усіх, хто спрабаваў казаць, што Міндоўг каранаваўся не ў Навагрудку.

Выяву чашы можна знайсці ў інтэрнэце.

Праектныя рашэнні

У свой час сур'ёзныя даследаванні на замку праводзіў Міхась Ткачоў, аднак ён не займаўся аднаўленнем.

— У 1990-х гадах была створана беларуска-польская фірма «Рэнаватум». Яе спецыялісты заўважылі, што грунту вакол замка застаецца ўсё меней. Яны пачалі падсыпаць зямлю вакол Касцельнай вежы, бо схілы ўжо ў той час былі «голыя». І было вядома, што пад Навагрудскім замкам ёсць вада. У час абароны замка ў Сярэднявеччы гэта вельмі дапамагала тым, хто знаходзіўся ўнутры збудавання. Але вось у наш час стала праблемай.

Перад пачаткам праграмы «Замкі Беларусі» былі праведзены даследаванні, у тым ліку вывучэнне грунтоў. Пад замкам было знойдзена шмат вады і крыніцы, якія вымываюць грунты. Менавіта з-за іх утвараюцца разломы ў зямлі.

— У 2013 годзе апаўзанне грунтоў было зусім з іншага боку, не з боку Касцельнай вежы. Невялікі кавалак зямлі проста аб'ехаў. А ў канцы мінулага года каля веж я заўважыла невялікія разломы грунту — метра паўтара-два. Тады ж прадоўжыліся даследаванні. Іх вынікам стаў праект арганізацыі «Гроднаграмадзянпраект» па ўмацаванні схілаў Навагрудскага замка.

Акурат у мінулы панядзелак праект зацвердзілі ў Міністэрстве культуры Беларусі. Цяпер ён праходзіць эскпертызу ва ўстановах, якія займаюцца грунтамі, землянымі работамі. Як толькі скончыцца экспертыза, пачнуцца работы па ўмацаванні грунтоў Навагрудскага замка.

— Варта падкрэсліць, што апоўзняў там няма. Ёсць толькі разломы. Іншымі словамі, нешта яшчэ трымае гэтую зямлю. А спецыялісты, якія прыязджалі да нас пачынаючы з лістапада, кажуць пра тое, што апаўзла менавіта тая зямля, якая была падсыпана ў 1996—1998 гадах. Для таго каб яна больш не трэскалася, у праекце прадугледжана ўстаноўка дрэнажнай сістэмы. Такім чынам, сем крыніц, якія ёсць па перыметры, будуць адведзены — вада пойдзе ў іншы бок. Зверху зробяць металічныя асновы, якія будуць трымаць зямлю.

Вопыт такіх работ у Гроднаграмадзянпраекта ёсць. Спецыялісты менавіта гэтай арганізацыі ўмацоўвалі зямлю каля Каложскай царквы ў Гродне, якая стаіць на беразе Нёмана. Фінансаванне на правядзенне работ у Навагрудку ўжо ёсць — сродкі выдзяляюцца з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў.

* * *

Не вельмі прыемна тое, што сітуацыю на Навагрудскім замку вельмі драматызавала грамадскасць. Пайшла пагалоска, што замак упаў! На навагрудскіх спецыялістаў абрынуўся шквал званкоў не толькі ад прадстаўнікоў беларускіх газет і парталаў. Званілі нават з Масквы, Кракава, Вільні — запытваліся, як тут, маўляў, збіраюцца аднаўляць руіны Навагрудскага замка, якія ўпалі? Аднак замак жа стаіць на сваім месцы. І будзе зроблена ўсё магчымае, каб працягнуў стаяць.

Варта прыгадаць і каменны «паясок», зроблены не так даўно на Касцельнай вежы, дзякуючы праграме «Замкі Беларусі». Многія таксама абураліся, што не надта аўтэнтычна выглядае. Аднак менавіта гэты «паясок» захаваў Касцельную вежу ад магчымага абрушэння.

— Прыйдуць нашы нашчадкі, у іх будуць іншыя тэхналогіі, магчымасці, — узрушана разважае Наталля Жышко. — Але галоўнае, што мы захавалі для іх вежу. Не было мэты аднавіць замак. Але была зроблена «трывалая руіна». Часам гучыць крытыка, аднак у нас усё ціха толькі тады, калі ўвогуле нічога не робіцца. А найбольш дастаецца тым, хто бярэ на сябе адказнасць, як, напрыклад, ужо нябожчык Сяргей Друшчыц...

З сакавіка 2010 года працуе Дабрачынны фонд «Навагрудскі замак». З таго часу было сабрана 6058 рублёў і 213 еўра ахвяраванняў. Таму калі ёсць шчырая занепакоенасць і жаданне падтрымаць замак, то лепш зрабіць гэта на справе.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

г. Навагрудак

Загаловак у газеце: Замак у бяспецы

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.