Вы тут

Экалогія аб'ядноўвае


Першае пасяджэнне беларуска-французскай рабочай групы па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя адбылося ў Мінску.


Група дзейнічае ў рамках Пагаднення паміж Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам навакольнага асяроддзя, энергетыкі і мора Французскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і ўстойлівага развіцця. Дакумент быў падпісаны ў маі мінулага года ў Парыжы.

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута адзначыў асноўныя мэты прыродаахоўнай палітыкі нашай краіны: зніжэнне максімальна дапушчальных узроўняў антрапагеннага ўздзеяння на экасістэмы, стварэнне ўмоў для стабільнасці навакольнага асяроддзя і захавання здароўя чалавека, распрацоўку і ажыццяўленне экалагічнай палітыкі на аснове ўзгаднення экалагічных мэт з мэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Міністр падзяліўся вынікамі гэтага падыходу: індэкс экалагічнай эфектыўнасці Рэспублікі Беларусь у 2016 годзе склаў 82,3% (35-е месца са 180 краін), тады як у 2012 годзе мы займалі 65 месца з індэксам 53,9%. З 2005 года экалагічны след скараціўся амаль у два разы. За апошнія гады ў краіне адноўлена больш за 10% ад плошчы ўсіх парушаных балот. Тры асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі ўключаны ў Сусветную сетку біясферных рэзерватаў, створаную ў рамках праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». Частка Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» з'яўляецца аб'ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. 26 водна-балотных угоддзяў уключаны ў спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння, з іх чатыры — трансгранічныя.

Андрэй Каўхута адзначыў, што пасяджэнне — выдатны старт для развіцця беларуска-французскіх экалагічных адносін, яно прывядзе да плённага экалагічнага супрацоўніцтва па многіх напрамках.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі пытанні палітыкі ў сферы абыходжання з адходамі (інстытуцыянальны ўзровень, дзяржаўна-прыватныя кампаніі, прыватныя кампаніі), маніторынгу якасці атмасфернага паветра (у тым ліку выкіды парніковых газаў), зялёнай эканомікі, біяразнастайнасці і ААПТ (кіраванне ААПТ: спалучэнне эканамічнага развіцця і аховы навакольнага асяроддзя, турыстычныя інфраструктуры і экатурызм, прэзентацыя інструмента партнёрства ЕС).

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канэс, які прыбыў на пасяджэнне ў складзе французскай дэлегацыі, адзначыў, што гэта новы кірунак у супрацоўніцтве нашых краін:

— Беларусь і Францыя — краіны, якія знаходзяцца на шляху ўстойлівага развіцця. У нас вялікі вопыт у перапрацоўцы і ўтылізацыі адходаў — як бытавых, так і прамысловых. У мінулым годзе быў рэалізаваны праект па вывазе і знішчэнні асабліва небяспечных адходаў з Беларусі. Сумесная праца ў напрамку аховы прыроды вельмі важная, бо прынятая канцэпцыя зялёнага развіцця мае на ўвазе эканамічны рост з мінімальнымі экалагічнымі стратамі.

Па заканчэнні пасяджэння французская дэлегацыя наведала Бярэзінскі біясферны запаведнік.

Вольга ПРАЛЮК

Фота аўтара

pralyuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.