Вы тут

На ваенным палігоне пад Брэстам спаборнічалі фінансісты і праграмісты


Вольга Сойка ўдзельнічае ў ваенна-патрыятычнай спартыўнай гульні «Cупрацьстаянне» трэці раз, і ўдзельнічае, як высветлілася, з задавальненнем. Яна адзіная дзяўчына ў сваёй камандзе, але ў ваенна-спартыўным майстэрстве не ўступае калегам-мужчынам. У звычайным жыцці Вольга — спецыяліст упраўлення маркетынгу банка «Масква-Мінск». А тут яна страляла, бегала, пераадольвала паласу перашкод, аказвала медыцынскую дапамогу ўмоўнаму параненаму. Спаборніцтвы прайшлі на палігоне 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады.


На здым­ку: Воль­га Сой­ка.

— На гэтым палігоне праходзіць шмат спаборніцтваў, вучэнняў, у тым ліку міжнароднага ўзроўню, — сказала Вольга. — Тым большую адказнасць адчуваеш, прыязджаючы сюды. Усе мы ў жыцці сябруем са спортам. Але на такога роду мерапрыемствах узнікае пэўны азарт. Да таго ж, вопыт ёсць. А яшчэ — добрае надвор'е, шмат калег-аднадумцаў, з многімі сустракаемся не першы раз. Так што назву спаборніцтваў можна лічыць умоўнай.

Ваенна-патрыятычная гульня, якая адбылася ў мінулыя выхадныя пад Брэстам, называецца «Супрацьстаянне» і нечым нагадвае школьную «Зарніцу». Толькі гуляюць дарослыя людзі, таму, адпаведна, заданні даюцца больш складаныя і патрабаванні да ўдзельнікаў на парадак вышэйшыя.

Сем камандаў з Мінска, якія прадстаўляюць банкі, страхавыя кампаніі, ІТ-кампаніі, прыбылі ў вайсковую часць. Паводле ўмоў, кожная каманда мела пяць спартсменаў-удзельнікаў і групу падтрымкі. Апошнія, дарэчы, маглі не толькі падбадзёрваць сваіх калег гучнымі крыкамі, падносіць вадзічку спартсменам, але і ўдзельнічаць у розных спаборніцтвах і тым самым зарабляць дадатковыя балы для каманды. Так і здарылася. Асабліва вызначыліся ўдзельнікі груп падтрымкі ў блоку сілавых практыкаванняў. Напрыклад, такое спаборніцтва, як «штурханне БТРа», выклікала акрамя іншага шквал станоўчых эмоцый у гледачоў.

Як сказаў карэспандэнту газеты намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый па ідэалагічнай рабоце Сяргей АНДРЭЕЎ, мэтай мерапрыемства вайскоўцы вызначылі магчымасць пазнаёміць работнікаў фінансавых структур з жыццём мабільнай брыгады, армейскімі буднямі, асаблівасцямі падрыхтоўкі дэсантнікаў. Многія з удзельнікаў не служылі ў арміі і, як аказалася, маюць даволі прыблізнае ўяўленне пра вайсковае жыццё. Таму ўмовы іх пражывання на час гульні максімальна наблізілі да рэальных. Фінансісты пасяліліся ў палатачным гарадку, харчаваліся, займаліся і выступалі ў палявых умовах. «Такія спаборніцтвы праводзяцца ў 38-й брыгадзе трэці раз, — дадаў палкоўнік Андрэеў. — І з кожным годам адчуваецца пэўны прагрэс. Каманды прыязджаюць лепш падрыхтаваныя, расце іх калектывізм і ўзаемападтрымка».

На ўрачыстым адкрыцці гульні, якое адбылося на тэрыторыі дэсантнай брыгады, гаварылі аб патрыятычным і пазнавальным характары спаборніцтваў. З добрымі словамі пажаданняў да ўдзельнікаў звярнуўся намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў, старшыня Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валерый ГАЙДУКЕВІЧ. Ён падкрэсліў, што ў ходзе мерапрыемстваў запланавана наведванне легендарнай Брэсцкай крэпасці, дзе беражліва захоўваецца памяць пра Вялікую Айчынную вайну, і ўсе змогуць сэрцам дакрануцца да гэтай памяці.

Асноўныя спаборніцтвы «Супрацьстаяння» прайшлі на палігоне вайсковай часці. З камандай банка «Масква-Мінск» пазнаёміў яе кіраўнік — выканаўчы дырэктар установы Юрый Бацян. Юрый Анатолевіч падкрэсліў, што моладзь банка вельмі актыўна займаецца спортам, а пажыць у палявых умовах, пазнаёміцца з жыццём не проста вайсковай часці, а сапраўднай дэсантнай брыгады для многіх здалося асабліва цікавым. Нават паказальныя выступленні аўтаматчыкаў адразу пасля адкрыцця гульняў пакінулі незабыўнае ўражанне. Гонар банка сёлета абаранялі Яўген Цвірко, Міхаіл Норэнберг, Віктар Гецман, капітан каманды Дзяніс Расанаў і Вольга Сойка. У звычайным працоўным жыцці яны — начальнікі аддзелаў, галоўныя спецыялісты розных структур банка, а тут сталі стралкамі, кідальнікамі, бегунамі — словам, байцамі маленькага вайсковага падраздзялення. Як сказала пазней Вольга, падчас спаборніцтваў адчуваеш не толькі пэўны драйв, але і адказнасць за сваю ўстанову, з'яўляецца пачуццё каманды, таму выступаць слаба проста немагчыма. І хоць пераадольваць паласу перашкод, у тым ліку водных, кідаць гранату з акопа ў поўнай амуніцыі аказалася вельмі не проста, усе каманды справіліся з пастаўленымі задачамі з гонарам. Перамогу ў гульні сёлета заваявала каманда банка «Масква-Мінск», але насамрэч перамагло сяброўства.

Удзельнікі засталіся ўдзячныя гаспадарам за асаблівую атмасферу гэтых трох дзён. Культурная праграма прадугледжвала канцэрт, які ўсе з задавальненнем паглядзелі. У апошні, трэці дзень гульняў каманды накіраваліся на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць. Наведалі мемарыяльны комплекс, яго музеі, а таксама гістарычны пяты форт крэпасці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Калі «сяброўства» становіцца сінонімам «супрацьстаяння»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.