Вы тут

Упершыню новы веламаршрут злучыць абодвы бакі Аўгустоўскага канала


Наш карэспандэнт праехала паўсотні кіламетраў па лясных сцежках і даведалася, што цікавага чакае тут турыстаў. А таксама якія недарэчнасці могуць іх сустрэць на маляўнічых берагах, дзе некалі жылі плямёны яцвягаў.


Да самай мяжы

На веласіпедзе гэтым маршрутам не паедзеш, бо ён яшчэ ў распрацоўцы. Але ўжо мае нумар — 433 — і назву — «Яцвяжскі». Яцвягамі звалі племя балтаў, якія ў старажытнасці насялялі міжрэчча Нарава і Нёмана.

Калясіць гэтымі сцежкамі можна будзе пасля таго, як завершыцца маркіроўка, будуць устаноўлены знакі і карты. Каб вызначыць гэтыя месцы, на канал адправілася невялічкая экспедыцыя, у склад якой увайшла і карэспандэнт «Звязды». Нам трэба будзе праехаць усе 50 кіламетраў будучага маршруту, які пакуль існуе толькі на карце. Яго неабходна пазначыць на мясцовасці. Вось тады велатурыст зможа па стрэлках і нумарах па ім праехаць. А пакуль гэтым шляхам мы рушым на «бусе» з прадстаўнікамі турысцка-спартыўнага саюза.

З Гродна ў бок канала накіроўваемся ў другой палове дня. Шлях невялікі — каля 40 кіламетраў. Дарога — з добрым асфальтавым пакрыццём, часткова рамантавалася за кошт трансгранічнай праграмы, на пад'ездзе да канала асобна выведзена паласа для веласіпедыстаў. Едзем да самай беларуска-польскай мяжы, адкуль бярэ пачатак новы маршрут.

Асфальт змяняе гравійка, а прырода вакол становіцца больш дзікай. Яно і зразумела — тэрыторыя доўгі час з'яўлялася пагранічнай зонай з абмежаваным доступам. Цяпер пагранічны патруль «працуе» на турыстаў: дапамагае дабрацца да сезоннага пункта пропуска на памежным шлюзе. Гэта бязвізавая зона для замежных турыстаў, тут з нядаўніх часоў, акрамя воднага, дзейнічаюць пешы і веласіпедны рух.

Аўгустоўскае кола

Адсюль, з беларуска-польскай мяжы, а канкрэтна з вёскі Лясная, і пачынаецца веламаршрут №433. «4» — гэта транспартны код рэгіёна, а 33 — колькасць усіх маршрутаў — водных, пешых і веласіпедных.

— Няўжо мала тых, што ёсць? — пытаюся ў сваіх спадарожнікаў.

Аказваецца, новы маршрут не зусім звычайны. Ён упершыню закальцуе беларускую частку Аўгустоўскага канала.

— У нас ёсць маршрут «Аўгустоўскі шлях», які праходзіць уздоўж канала праз усе чатыры шлюзы, ён мае працягласць 25 км. Ёсць «Лінія Молатава» — па дотах Гродзенскага ўмацавальнага раёна. Маршрут «Лісіная гара» цягнецца па канале і ваколіцы ажно на 72 кіламетры, — паведамляе намеснік старшыні абласнога аб'яднання Рэспубліканскага турыстычна-спартыўнага саюза Сяргей Каляда. — Новы маршрут захопіць цікавыя пункты кожнага маршруту і дасць больш поўнае ўяўленне аб канале, бо пройдзе па абодвух баках.

Магчыма, не кожны спачатку асіліць усе 50 кіламетраў, кажа аматар веларуху. Тады можна скараціць кальцо і перасячы канал па адным з чатырох шлюзаў альбо пераправіцца на пароме, які працуе некалькі гадзін на дзень. Дырэктар канала, таксама член экспедыцыі Эдмунд Юткоўскі, запэўнівае, што арганізаваныя турысты пераправіцца могуць і па-за графікам.

Экспанат пад нагамі

Што цікавага давялося ўбачыць на будучым маршруце? Можна заўважыць, як маляўнічая прырода ўступае месца цывілізацыі. Паступова беларуская частка канала, а гэта 21 км, набывае абжыты выгляд. Уздоўж берага відаць альтанкі, месцы адпачынку, пункты пракату і веластаянкі. Працуе
9 аграсядзіб.

Таксама ёсць некалькі баз, дзе можна пераначаваць. Але іх пакуль недастаткова. Напрыклад, некалькі гадоў вядзецца рамонт гасцініцы-хостэла, дзе раней быў інтэрнат для работнікаў цаглянага завода. Знешні выгляд набліжаецца да сучасных стандартаў, цяпер трэба накрыць дах і правесці ўнутраныя работы.

Дарэчы, цагляны завод тут існаваў да пачатку рэканструкцыі канала. Згодна з праектам ён павінен быў стаць адным з аб'ектаў турызму, бо працаваў некалькі стагоддзяў. З цэглы, вырабленай на гэтым заводзе, будаваліся шлюзы канала. Але, на жаль, завод разбурылі. На маршруце можна знайсці гэта месца — там і цяпер ляжаць абпаленыя цагліны. Некалькі фрагментаў мы падабралі для музейнай экспазіцыі. На канале ёсць два музеі — прыватны і дзяржаўны, дзе можна пачуць гісторыю канала і ўбачыць цікавыя экспанаты.

— Турыстычны маршрут — гэта не проста вандроўка з аднаго пункта ў другі. Гэта агляд наваколля, дзе захавалася нямала цікавых рэчаў, — лічыць Сяргей Каляда. — Вось на развілцы стаіць магутны дуб, а побач крыж-абярэг. Значыць, недалёка вёска. Адсюль відаць сядзіба Гурскіх у вёсцы Радзівілкі, там цяпер прадпрымальнік уладкоўвае вялікі комплекс з кафэ і гасцініцай.

Да сядзібы вядуць некалькі дарог, але не па кожнай можна праехаць. Добры на першы погляд жвіровы тракт раптам перасякае вялізная лужа, праз якую нават наш «бус» не пераправіцца. І абмінуць немагчыма — з абодвух бакоў вадаёмы...

Па ўзгорках і гушчары

Калі трапілі на высокі пагорак, узнікла пытанне — як тут праехаць? На мікрааўтобусе складана, але на веласіпедзе — без праблем. Такія ўчасткі цікавыя для турыста, ды і тэхніка цяпер сучасная — веласіпед з шырокімі коламі, добрай грунтазачэпкай, дыскавымі тармазамі.

Некаторыя дарогі за кароткі час былі падсыпаны, выраўнены, ачышчана прыдарожная паласа. Дырэктар канала Эдмунд Юткоўскі расказаў, што сіламі прадпрыемства «Гроднамеліявадгас» зроблены падыходы да «Лініі Молатава». Гэта ланцуг дотаў, якія ў Другую сусветную вайну будаваліся на заходняй мяжы. Некаторыя знаходзяцца паблізу канала, іншыя крыху далей.

Углыбіўшыся ў лес, падыходзім да аднаго з буйных дотаў. Шыльда сведчыць, што гэта гістарычная каштоўнасць. Ваенны аб'ект напалову разбураны. Ёсць нямала гістарычных фактаў аб тым, як ваяваў Гродзенскі ўмацаваны раён. Вось толькі на веласіпедзе да большасці дотаў не пад'ехаць. Некаторыя ўчасткі сапраўды нагадваюць старажытныя стаянкі яцвягаў. Кажуць, што назвы вёсак паходзяць з тых самых часоў.

— Для маршрута мы выбіралі дарогі, каб не нашкодзіць прыродзе, мінімальна ўмешвацца ў яе, — падкрэслівае Сяргей Каляда. — Лясных дарог тут сапраўды нямала, маршрут будзе ісці большай часткай менавіта па іх. Які сэнс весці яго па асфальце? У рэшце рэшт, нам важна, каб «Яцвяжскі» адпавядаў экалагічнасці, пралягаў па цікавых аб'ектах і быў пасільным для турыстаў.

Напрыканцы

Вызначыўшы месцы для маркіровачных слупкоў і стэндаў, наша брыгада стала рухацца ад канала. Прызнацца, захацелася вярнуцца сюды зноў, але ўжо не на «бусе», а на веласіпедзе — з пракатам тут няма праблем, на канале такіх пунктаў некалькі.

Вось толькі прыйдзецца цягнуць з сабой прадукты, бо падсілкавацца тут не ўдасца. А можа, у новым сезоне што-небудзь зменіцца?

Наша даведка:

На тэрыторыі Гродзенскай вобласці пракладзена 170 кіламетраў асфальтавых веладарожак. Распрацавана 52 маршруты агульнай працягласцю 1330 км. Абсталявана 370 велапарковак і 25 пунктаў пракату. Паслугі па рамонтце аказваюць 16 веламайстэрняў.


У тэму

Дзмітрый Клімянок, намеснік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ «Гроднаінвест»:

— Парк «Аўгустоўскі канал» уваходзіць у свабодную эканамічную зону, інвестарам створаны льготныя ўмовы для вядзення бізнесу. Згодна з праектам прапануюцца ўчасткі пад будаўніцтва кавярняў, агратурыстычных комплексаў, санаторыя. Можна арганізаваць сезонны харчовы аб'ект. Улады чакаюць прадпрымальнікаў, прыватны бізнес, які зможа «ажывіць» канал, стварыць камфортную зону адпачынку.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.