Вы тут

Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг рабочых сустрэч


Учора кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг рабочых сустрэч. Ключавыя тэмы: аптымізацыя і задачы на бліжэйшую перспектыву для кожнай канкрэтнай сферы.


З акцэнтам на кадры

Падчас сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Наталляй Качанавай Аляксандр Лукашэнка ўзняў шэраг тэм. Першай сярод іх ён назваў аптымізацыю дзяржаўнага апарату.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, да аптымізацыі ніякага павышэння зарплаты ў дзяржапараце «ні на ёту не павінна быць і не будзе. Мы пра гэта ўмовіліся. Другое пытанне — дэбюракратызацыя. Пара ўжо вам прыступаць да гэтага пытання. Гэты працэс таксама не павінны ўпускаць».

Удзяліў увагу кіраўнік краіны і разняволенню дзелавой ініцыятывы. Ён пацікавіўся, калі будуць падрыхтаваны адпаведныя дакументы. Наталля Качанава паведаміла, што працэс іх абмеркавання ўжо скончыўся.

Яшчэ адна тэма, якую ўзняў Аляксандр Лукашэнка падчас размовы — перафарматаванне ў сферы спорту. Па словах кіраўніка дзяржавы, павінен быць глыбокі аналіз тых працэсаў, якія адбываюцца ў нашым спорце. Ён даручыў Наталлі Качанавай гэтае пытанне ўзяць пад кантроль:

— Гэта галоўнае ідэалагічнае пытанне, мы ніколі гэтага не хавалі. Галоўная ідэалогія — гэта спорт, бо спартыўныя спаборніцтвы глядзяць мільёны. Нехта адзін від спорту, нехта — другі. Але гэта ўздзеянне на людзей. Калі дрэнна гуляе каманда — такі і настрой у людзей, добра — гэта натхняе людзей.

Звярнуў увагу Прэзідэнт і на кадравыя пытанні. Ён падкрэсліў, што гэта галоўныя пытанні Адміністрацыі Прэзідэнта:

— Нядаўна абралі Сямёна Барысавіча Шапіру кіраўніком Федэрацыі (Федэрацыі хакея — Заўв. аўт.)... Вельмі вялікую работу прыйдзецца правесці. Я прасіў, каб яго папярэдзілі, што ў нагрузку мы яму дадзім буйное дзяржаўнае даручэнне, нейкі выражам блок для кантролю. Вопыт яго трэба выкарыстоўваць.

Асобным блокам абмяркоўваліся мерапрыемствы на ўзроўні кіраўніка дзяржавы:

— Мы па ЖКГ павінны на ўзроўні кіраўніка дзяржавы разгледзець пытанні і паставіць кропку, мы павінны яшчэ раз вярнуцца да пытанняў будаўніцтва. Магчыма, мы павінны па вёсцы правесці буйное мерапрыемства, па адукацыі. Гэта значыць, пяць-шэсць мерапрыемстваў мы павінны правесці на ўзроўні Прэзідэнта, дзе расставіць усе кропкі над «і». А гэта самыя такія буйныя мерапрыемствы, з вялікім удзелам людзей. Ну і мерапрыемствы меншыя — накшталт спартыўнага, па разняволенні дзелавой актыўнасці — гэта таксама будзе з меншай колькасцю людзей, але мы публічна павінны паставіць кропкі над «і» і ў гэтых працэсах. Гэта ўжо работа Прэзідэнта, яе планаванне...

Сувязі ўнутры і за мяжой

Учора Прэзідэнт прыняў таксама з дакладам старшыню Следчага камітэта Івана Наскевіча.

— На мінулым тыдні з дакладамі ў мяне былі прадстаўнікі нашага сілавога блока, —згадаў кіраўнік краіны. — Я ім задаваў галоўныя пытанні — як у нас развіваюцца падзеі пасля рэформы праваахоўнай сістэмы. Следчы камітэт мы выдзелілі. Спадзяюся на тое, што следства будзе незалежным, сумленным, прынцыповым... Ці адбылося гэта? Я вам практычна адрасую тое ж пытанне, што і іншым сілавікам, якія мне дакладвалі на мінулым тыдні. Я хачу мець аб'ектыўную інфармацыю: што не атрымліваецца, можа, падтрымка патрэбна нейкая.

Спытаў Аляксандр Лукашэнка і пра шэраг крымінальных спраў, якія знаходзяцца на кантролі ў Прэзідэнта. Асобна размова зайшла пра супрацоўніцтва з замежнымі калегамі. Кіраўнік дзяржавы папрасіў не губляць адносін са Следчым камітэтам Расійскай Федэрацыі, у прыватнасці з яго старшынёй Аляксандрам Бастрыкіным.

— У вас устанавіліся, як я разумею, нядрэнныя кантакты у тым ліку і з Федэральным бюро расследаванняў Злучаных Штатаў Амерыкі, з імі трэба падтрымліваць адносіны, таму што вы будзеце пастаянна перасякацца, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў Івану Наскевічу асабіста разабрацца з непрыемнай сітуацыяй, якая адбылася з Леанідам Пянькоўскім, які нядаўна ўзначаліў Аршанскі райвыканкам. Яна звязана з дзеяннямі аператыўных службаў у дачыненні да службовай асобы:

— Хто даў права да чалавека, узгодненага да прызначэння Прэзідэнтам, урывацца ў дом? Бо для таго, каб праваахоўным органам нават весці нейкія расследаванні па чалавеку, які ўваходзіць у кадравы рэестр Прэзідэнта, патрэбна згода Прэзідэнта. Уварваліся, пачалі нешта ўдакладняць. Новы чалавек прыйшоў працаваць. Кляймо на ім паставілі. Нядобры сігнал. Матэрыялы ўжо ёсць. Разбярыцеся. Мне патрэбна мужчынская, сапраўдная ацэнка гэтай сітуацыі.

Праблемы рэгіёна пад кантролем

Падчас сустрэчы з кіраўніком справамі Прэзідэнта Віктарам Шэйманам і памочнікам Прэзідэнта па агульных пытаннях Мікалаем Корбутам Аляксандр Лукашэнка даручыў да канца года істотна палепшыць сітуацыю ў Аршанскім раёне. Перш за ўсё неабходна сканцэнтраваць намаганні на развіцці гарадскіх прадпрыемстваў, бо Орша — магутны прамысловы цэнтр:

— Яны ўсе павінны быць адноўлены, і людзі павінны там працаваць. Яны ўсім нам патрэбныя, яны ўсе выпускаюць прадукцыю, якая нам патрэбна. Урад павінен прыняць рашэнне і ажыццявіць гэтыя меры, на працягу года (максімум паўтара) іх скончыць. Але ў гэтым годзе важна палепшыць сітуацыю ў Оршы. Гэта прывядзе да вырашэння трох асноўных сацыяльных пытанняў: занятасці, заработнай платы, яшчэ адаб'ецца на цэнаўтварэнні.

У аднаўленні маюць патрэбу і іншыя населеныя пункты раёна, у прыватнасці Барань і Балбасава. Тут таксама неабходна прывесці ў парадак прадпрыемствы і даць людзям магчымасць працаваць. Кіраўнік дзяржавы даручыў Віктару Шэйману ўзяць гэтыя пытанні на асабісты кантроль.

Абмяркоўвалася таксама і стварэнне на базе Аршанскага раёна сельскагаспадарчага холдынга і мадэрнізацыя ў гэтай сувязі пасёлка Копысь. Гэтыя пытанні стануць зонай адказнасці Мікалая Корбута.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ад разняволення бізнес-ініцыятывы да ідэалогіі праз спорт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».